Войны мінулага стагоддзя пакінулі нямала салдацкіх магіл на нашай зямлі. Клопатамі Язненскага сельвыканкама і мясцовага актыву прыведзены ў парадак пахаванні – у тым ліку брацкія – польскіх салдат, сярод прозвішчаў якіх сустракаюцца і мясцовыя беларускія, што захаваліся на могілках у аграгарадку. На мінулым тыдні гэтае памятнае месца наведала дэлегацыя пад кіраўніцтвам дырэктара Польскага інстытута ў Мінску Цэзарыя Карпіньскага. У яе складзе былі прадстаўнікі пасольства Рэспублікі Польшча, арміі, флоту і паліцыі суседняй краіны.
На могілках адбылася невялікая жалобная ўрачыстасць з ускладаннем вянка ад польскага боку і кошыку кветак ад беларускага. Пры гэтым намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба падкрэсліў, што святы абавязак нашчадкаў – захоўваць памяць пра абаронцаў сваіх краін і даглядаць іх пахаванні.
Польская дэлегацыя наведала такія ж пахаванні, што засталіся пасля Савецка-польскай вайны 1919 – 1920 гадоў, у Падсвіллі, Плісе, Варапаеве і іншых населеных пунктах Віцебшчыны.