Авторизация
 

Зінаіда Захарэвіч працавала дзень і ноч

 У пачатку чэрвеня Зінаіда Захарэвіч адзначыла 80-годдзе, прымала віншаванні і падарункі ад родных, суседзяў, былых калег з райсельгасхарчу, ад раённай ветэранскай арганізацыі. За плячыма 27 гадоў кіравання жывёлагадоўчай галіной калгаса «Парыжская камуна», адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У жывёлагадоўлю прыйшла яшчэ вучаніцай шостага класа Дворнасельскай сямігодкі. Сям’я жыла ў цяпер неіснуючай невялікай вёсцы Лаўкі. Яе сядзібы размяшчаліся паблізу балота ўздоўж дарогі з Міёр, дзе рэзкі паварот на Дворнае Сяло. Пасля калектывізацыі паселішча ўваходзіла ў склад сельгасарцелі імя Хрушчова з цэнтрам у Карпачове. У гэтым невялікім калгасе бацька Рыгор Атопкін напачатку быў жывёлаводам (тагачасны аналаг заатэхніка), затым дапамагаў жонцы, адначасова даярцы і цялятніцы, у якасці фуражыра.


Жывёлагадоўчыя памяшканні (па мясцовым аборы) размяшчаліся ў будынках панскай сядзібы ў Рыжаўшчыне, гэта за кіламетр на поўдзень ад цяперашняй МТФ «Пад’ельцы». Туды і бегала школьніца, каб замяніць бацькоў на даенні ці паенні цялятак. Неяк зімовай ноччу яе нават пераняў воўк: які жах перажыла!


Пасля школы Зіна засталася на калгаснай ферме. То кароў даглядала, то цялят. Але дзядуля бачыў яе настаўніцай, бо вучылася добра. У Міёрскай школе рабочай моладзі закончыла васьмігодку. Толькі падтрымліваць памкненне вучыцца далей неўзабаве стала некаму.


Сітуацыя памянялася, калі ўзбуйнены калгас «Парыжская камуна» ўзначаліў Іосіф Майдзін. Гаспадарцы патрабаваліся спецыялісты, і старшыня бадай што прымусіў Зінаіду паступаць у Бігосаўскі зоаветтэхнікум. Стымулам стала павышаная стыпендыя – не 27, а 50 рублёў – значныя па тым часе грошы. Вучылася паць гадоў і сем месяцаў, бо заканчваць трэба было два факультэты, зоатэхнічны і ветэрынарны. З шасцігадовай практыкай на ферме ў навуцы асаблівых цяжкасцей не адчувала.


Вярнулася ў калгас, калі ён набіраў моц. Адразу яе прызначылі звычайным заатэхнікам, але ўзначаліла жывёлагадоўчую галіну гаспадаркі. Заўзята ўзялася за справу. І цяпер упэўнена: каб мець малако, трэба кароў карміць належным чынам! У тым падтрымліваў старшыня.


Кармавыя ўгоддзі пашыраліся за кошт разворвання прыбалотных плошчаў. Корманарыхтоўка пачыналася з касьбы траў на высакаякаснае цюкаванае сена, працягвалася закладкай сенажу і сіласу. На палях павялічваліся ўраджаі зерневых, і фермы атрымлівалі дастатковую колькасць мукі. Кароў кармілі караняплодамі, да 30 кілаграмаў штодзень на галаву, бульбай. Дзейнічаў зялёны канвеер летам. Зімой рацыёны абагачаліся хваёвай мукой, кармавымі дражджамі… На базе гаспадаркі рашэннем РК КПБ нават стварылі школу высокага майстэрства па вырошчванні збожжавых культур, караняплодаў і бульбы.


Гэта пазней, напачатку надоі ў беспародных кароў былі невысокія. За племянным буралатвійскім статкам у суседнюю рэспубліку скіравалася заатэхнік у суправаджэнні ветурача Віталя Цярэшкі і бацькі Рыгора Атопкіна, ён таксама ў жывёлах разбіраўся. Калгас у фінансавых сродках не абмяжоўваў. Тым часам узводзіліся новыя фермы.


З Латвіі прывезлі сто «чырвоных» цялушак. Іх атулілі асаблівай увагай і клопатам. Пільна сачылі за цяленнем і надоямі. Пяршачкі давалі да 21 кілаграма малака за дзень. У памяці, як ад маладой кароўкі па мянушцы Навальніца даярка Валянціна Колас атрымала ўсе 30! На фермах арганізавалі трохразавае даенне, а для асабліва высокапрадуктыўных кароў было і чацвёртае.
Наступны гурт цялушак закупілі на эксперыментальнай базе ў літоўскім Панявежысе і стварылі паўнацэнную племянную ферму. Цялушачак з яе потым адбіралі для абнаўлення пагалоўя іншых МТФ. Заатэхнік клапацілася, каб кожная добрая пяршачка трапляла ў рукі надзейнай даяркі.


Паступова на ўсіх фермах паставілі толькі буралатвійскі статак, а дойныя гурты перабольшвалі 700 галоў, рэалізоўвалі звыш тысячы кормнікаў. Пры такой шчыльнасці статка «Парыжская камуна» выйшла на першае месца ў раёне па вытворчасці малака, хаця ўступала па надоі на карову «Маладой гвардыі»: па 3057 і 3505 кг адпаведна надаілі за 1973 год. З сярэднясутачнай прывагай кормнікаў, якая набліжалася да кілаграма (у даглядчыцы Альдоны Сінкевіч – 997 г), аказалася на другім месцы. Працяглы час у спаборніцтве жывёлаводаў гэтыя дзве гаспадаркі трымалі лідарства на Міёршчыне.


Лепшай даяркай у калгасе была Ксенія Дзяменцьева з надоем ад каровы ў 4134 кг з МТФ «Свярдлы», якая гатова была дняваць і начаваць ля сваіх рагуль. У лютым 1975-га на раённым злёце перадавікоў сельгасвытворчасці яна абяцала: летась надаіла ад сваёй групы 105 тон малака, сёлета атрымаю 110!


На вочы натрапіла нататка «Для папаўнення статка» ў раёнцы ад 9 лютага 1974 года за подпісам даяркі Т. Дармаковіч, якой даручылі даглядаць групу буралатвійскіх пяршачак. Яна дзялілася вопытам: кожную пасля цялення ставіла на раздой і 45 дзён даіла ўручную, рэгулярна масажыравала вымя, дадойвала, паступова прывучала да машыннага даення. Рацыён складаўся з 2 кг добрага сена,10 кг сенажу і столькі ж буракоў, 3 кг саломы і 2 кг канцэнтратаў – а гэта 7,2 кармавой адзінкі без уліку хваёвай мукі і мінеральных дабавак. Дадаткова на кожны літр малака карова атрымлівала 300 г канцэнтратаў і 2 кг буракоў, кармавыя дрожджы.

Карэкціраваць рацыён дазвалялі кантрольныя даенні пры ўдзеле заатэхніка. Штодзённыя прагулкі спрыялі своечасоваму пакрыццю матачнага пагалоўя. Даярка захавала ўсіх цялятак і абяцала падрыхтаваць для гаспадаркі групу высокапрадуктыўных кароў.
Гэта сведчыць пра адносіны да справы радавых работнікаў, парадкі, што арганізоўвала кіраўнік заатэхнічнай галіны, і рэжым, якога прытрымлівалася сама Зінаіда Рыгораўна. Яна сцвярджае, што кантрольныя даенні праводзіла рэгулярна праз 10 дзён, кожную карову ведала «ў пысу» і па мянушцы. Штомесячныя вынікі працы і спаборніцтва падводзіла на Дні жывёлавода. Асаблівую ўвагу надавала працоўнай дысцыпліне, хаця, здаралася, што з мужам ці сынамі замянялі вечарамі даярак.


Першым прызнаннем заслуг стаў бронзавы медаль ВДНГ за высокія паказчыкі ў развіцці малочнай галіны. За ўзнагародамі вазіла ў Маскву самых надзейных памочніц. З МТФ «Канахі» гэта былі Серафіма Ласова, Саламея Ламановіч, Валянціна і Леаніда Корсакі. Са «Свярдлоў» – Ксенія Дзяменцьева і Вера Шокель. З «Пад’ельцаў» – Яніна Сушко, Валянціна і Алена Коласы. З «Матулева» – Юзэфа Рубанік і Алена Анашка.


Сярэбраным медалём ВДНГ адзначаны заслугі заатэхніка ў развіцці мяснога напрамку.
Не менш клопатаў патрабаваў наступны пераход на чорна-стракаты статак. Цялушак і быкоў закуплялі ў гаспадарках Міншчыны. Затое статус племянной гаспадаркі потым дазволіў «Парыжскай камуне» вагонамі рэалізоўваць такіх цялушак у Сярэднюю Азію.
Нямала клопатаў патрабавалі птушкафермы, дзе гадавалі за сем тысяч курэй. Іх даглядалі таксама самаадданыя работніцы Ванда Вайсковіч і Ганна Мацюк у Свярдлах, Ганна Пацеенак з Марыяй Фёдаравай у Канахах. Але наставалі адказныя перыяды завозу і выходжвання кволых куранят з інкубатара ў Паставах, потым – сартаванне падрослых птушак. Зноў у заатэхніка пачыналіся клопатныя дні і бяссонныя ночы. І так, пакуль дробныя калгасныя фермы забяспечвалі спецыяльнымі камбікармамі і іх не выцеснілі ў канцы 80-х буйныя камбінаты.


Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, якім Зінаіда Рыгораўна ўзнагароджана ў лютым 1975 года, сапраўды за працу. Рабочы партфель перадала пераемнікам у 1995-м, калі пачало падводзіць здароўе. 

Фота аўтара. 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 371
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 89 007
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 88 828
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 542
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 42 384
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 594
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 727
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 10 августа 2020
Василий, Ефим, Иван, Моисей, Никанор, Николай, Павел, Прохор, Сергей, Юлиан, Анастасия, Антонина, Елена, Ирина

Именины 9 августа 2020
Герман, Иван, Кирилл, Климент, Константин, Наум, Николай, Платон, Анфиса

Госці краін

free counters
Партнеры сайта