Авторизация
 

Вежавы кран у дапамогу. Як ідуць справы на будаўніцтве жылога дома ў Міёрах

 Раніца 5 чэрвеня аказалася сонечнай і цёплай. Цудоўнае надвор’е для будаўнікоў. Пашпарт аб’екта – 40-кватэрнага дома па вуліцы Лермантава, 27 у Міёрах – сведчыць, што работы тут пачаліся 27 сакавіка і павінны закончыцца 27 кастрычніка. 

Будынак ужо вырас з зямлі, фундамент яго закладзены поўнасцю. Калі ў 8.00 прыехаў да агароджанай пляцоўкі, усе будаўнікі ПМК-55, а яны на субпадрадзе, былі пры справе. Кранаўшчык Аляксандр Матэленак пергнаў свой аўтамабіль у іншае месца, з якога зручна падаць апошнія жалезабетонныя пліты для перакрыцця падвальных памяшканняў. Прымалі іх мантажнікі брыгады Івана Юхно, змена з 10 чалавек.


– Рабочы дзень у нас пачынаецца ў 7.00 і доўжыцца да 19.00, працуем дзвюма брыгадамі вахтавым метадам па тыднях, – патлумачыла майстар Вольга Пліско. – Цяпер падначаленыя Івана Юзэфавіча ўкладваюць апошнія пліты, каб на наступным тыдні муляры брыгадзіра Андрэя Марозькі змаглі пачаць кладку сцен.


Падрыхтоўка да новага этапа ўжо пачалася, некалькі паддонаў цэглы загадзя ўзнята на падлогу першага паверха. Гэтым займаўся кранаўшчык ПМК-55. У далейшым падачу матэрыялаў забяспечыць вежавы кран. Дарэчы, менавіта ў пятніцу настаў самы адказны этап яго мантажу – устаноўка васьмітоннай секцыі з кабінай кіравання – рухомай цялежкі – на 28-метровую вышыню, а затым і доўгай стралы. Спецыяльна дзеля гэтага з Мінска прыехаў магутны 50-тонны аўтакран «Галічанін» з абслугоўваючым экіпажам мантажнікаў. Яны закончылі падрыхтоўку металаканструкцыі да ўздыму на зямлі, праверылі на малой вышыні, прымацавалі чалкі для ўтрымання і развароту.


– Як добра, што сёння ветрык слабенькі, – радаваўся кранаўшчык з Браслаўскай ПМК-42 Сяргей Лакотка, які зацікаўлена назіраў за мантажнікамі, бо будзе працаваць на вежавым кране машыністам.


У 8.35 прагучала каманда «віра». На вышыню шасці паверхаў жоўтая секцыя ўзнімалася цэлых шэсць хвілін. Потым чалкамі яе развярнулі ў патрэбным напрамку, сталі стралой аўтакрана падводзіць да элементаў мацавання. Ювелірная справа на вышыні з першага разу не заладзілася, давялося яе паўтарыць.


Мінскія мантажнікі мелі намер закончыць зборку вежавага крана ў гэты ж дзень. Са сваёй задачай справіліся. Пасля абеду механізм быў гатовы да эксплуатацыі.


Цяпер у райцэнтры пачнуць расці сцены яшчэ аднаго жылога будынка на долевых умовах. У ім будзе 30 двухпакаёвых кватэр і па пяць – аднапакаёвых і трохпакаёвых. Дзесяць узводзяцца за кошт абласнога бюджэту, пароўну арэндных і сацыяльных.


– Міярчане атрымаюць сучаснае жыллё, кожная кватэра будзе абсталявана патрэбнай у быце тэхнікай і прыборамі кантролю за спажываемымі рэсурсамі, – адзначае Валерый Падаляка, які ад Браслаўскага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва (гэта заказчык) ажыццяўляе нагляд за аб’ектам. – Аднак у ім не прадугледжана ўнутраная аддзелка, што, па папярэдніх разліках, дазволіць знізіць кошт квадратнага метра агульнай плошчы да 1 280 рублёў.

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта