Авторизация
 

"Жанчына года Міёршчыны" Ніна Сабітнюк сваё прызванне знайшла ў гандлёвай сферы

 У сферу гандлю Ніну САБІТНЮК прывялі, можна сказаць, абставіны. Сярод паліц з таварамі, касавых апаратаў, дакументацыі і пакупнікоў яна адчувае сябе ўтульна.

Працоўны дзень загадчыцы магазіна «Гурман», што па Камуністычнай у Міёрах, праходзіць у тэмпе вальса. Хутка і зладжана. Гэты імклівы тэмп Ніне САБІТНЮК падабаецца.

Штодня ў магазін прывозяць свежыя каўбасы і субпрадукты з Міёрскага мясакамбіната. Кожны тыдзень папаўняюць асартымент прапановы ад прадпрыемстваў «Ганна» і «Вітконпрадукта», дастаўляюць малочную прадукцыю полацкія і віцебскія вытворцы.


– Новыя тавары прымаем пастаянна, – гаворыць загадчыца. – Трэба сачыць, каб напаўненне нашых паліц адпавядала асартыментнаму пераліку. Штодня складаю заяўкі на прадукты. Калі трэба, і за прылаўкам пастаю. Аднолькава падабаецца і з дакументацыяй працаваць, і пакупнікоў абслугоўваць.


У «Гурман» Ніна Сабітнюк уладкавалася 13 сакавіка 2006 года. На «нешчаслівую» лічбу, з якой пачалася новая старонка ў працоўнай біяграфіі, увагу не звяртала. Забабонам веры не дае. Лічыць, што ў жыцці ўсё складваецца як наканавана.


У гандлёвую справу лёс вёў Ніну Ігнацьеўну непрамой дарогай.
– Па спецыяльнасці я швачка. Скончыла ў Рызе курсы. Там выйшла замуж, пасля вярнуліся ў Міёры, – расказвае яна. – Была страхавым агентам, працавала ў дзіцячым садку памочнікам выхавацеля. Сачыла за чысцінёй і парадкам у прыватным магазіне «Калі ласка». Затым прапанавалі стаць на касу. Там прафесію прадаўца і асвоіла. Гады праз тры запрасілі ў «Гурман». Прадаўцом была год, затым прызначылі загадчыцай.


 Работы і адказнасці Ніна Сабітнюк не баіцца. Яна вырасла ў сям’і, дзе выхоўвалася дзесяць дзяцей. З малых гадоў разам з братамі і сёстрамі дапамагала бацькам па гаспадарцы. У кожнага былі свае абавязкі ў доме і на падворку. Прыгадвае, што ўжо пасля пятага класа даілі на ферме кароў, даючы водпуск пастаянным работнікам.


Як заўважае загадчыца, тэмп работы ў яе хуткі, актыўны. У гэтым таксама бачыць плюс сваёй прафесіі, хоць, бывае, на абед часу не застаецца. Ведае, што не падвядзе зладжаны калектыў, у якім цяпер дзевяць чалавек. Прадаўцы Раіса Конах, Іна Дзедушкевіч, Мая Рачыцкая за прылаўкам больш за дзесяць гадоў. Разам з Нінай Ігнацьеўнай працуе яе родная сястра Ганна Яблонская. Істотна аблегчыў нагрузку на жаночыя плечы грузчык Віктар Зафатаеў, які прыступіў да абавязкаў год таму.


Захоплены сваёй справай чалавек робіць яе з запалам, цікавасцю, стараннем. Гэта заўважаюць не толькі калегі і непасрэднае кіраўніцтва. Сёлета загадчыца магазіна «Гурман» Ніна Сабітнюк папоўніла кагорту лаўрэатаў звання «Чалавек года Міёршчыны».


– Гэта стала нечаканасцю для мяне, – гаворыць яна. – Канешне, прыемна. Было шмат кампліментаў ад знаёмых, сяброў, пакупнікоў. Часам, калі па горадзе еду, пагляджу на свой партрэт.


 Парадаваліся за Ніну Ігнацьеўну бацькі, браты і сёстры, дочкі Аляксандра і Дана, унучок Багдан.
– Багдану шэсць гадоў. Сёлета ў школу пойдзе. Мой дарагі чалавечак і памочнік ва ўсіх справах. І на дачы са мной, і дома, – з цеплынёй расказвае пра сваю сям’ю. – Дапамагае з клопатамі дачка Дана. Яна працуе прыёмшчыкам заяў у Міёрскім раёне газазабеспячэння. Саша ў Мінску жыве, занята бухгалтарам на фірме. Стараюся часцей прыязджаць да бацькоў у Пруднікі, што ў Павяцкім сельсавеце побач з вадаспадам. Праўда, на самім вадаспадзе некалькі гадоў ужо не была.


У сваёй сістэме каштоўнасцей першае месца Ніна Ігнацьеўна адводзіць сям’і. Марыць, каб доўга жылі тата з мамай, у якіх хутка брыльянтавае вяселле, каб шчасліва складвалася жыццё ў дзяцей. Заўважае, што работа таксама мае важнае значэнне. Рада, што знайшла любімую справу, у якой змагла сябе рэалізаваць.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта