Авторизация
 

Быць занятымі цікавай справай – найлепшая прафілактыка. Акцыя "Клопат" ідзе на Міёршчыне

 На Міёршчыну «Клопат» прыйшоў з прафесійным фотаапаратам. Такі падарунак зрабіла выхаванцам дзіцячага прытулка ў Дзісне старшы інспектар ІСН Святлана Хаданёнак. Набыць карысную і цікавую рэч для ўстановы дапамаглі супрацоўнікі РАУС і нераўнадушныя міярчане. Падчас акцыі запланаваны і іншыя мерапрыемствы. 

– Асноўная мэта акцыі – арганіза- ваць летнюю занятасць і вольны час дзяцей, папярэдзіць правапарушэнні і злачынствы ў асяродку непаўналетніх, – адзначае Святлана Хаданёнак. – З пачатку года ў нашым раёне абвастрылася сітуацыя з падлеткавай злачыннасцю. Па стане на 18 мая, узбуджаны чатыры крымінальныя справы і адна знаходзіцца ў вытворчасці. Калі прывесці статыстыку мінулых гадоў, то ў 2018-м і ў 2019-м усяго было па чатыры крымінальныя справы. Між тым наперадзе лета, калі ў непаўналетніх больш вольнага часу, і трэба прыкласці намаганні, каб яны не трацілі яго на супрацьпраўныя ўчынкі. Заўважу, што сёлетнія злачынствы ўчынены навучэнцамі ліцэяў і сярэдніх спецыяльных устаноў, якія прыязджалі дадому на выхадныя.


Усе чатыры злачынствы маёмаснага характару. Іх прычыны старшы інспектар ІСН бачыць у праблемным матэрыяльным становішчы, адсутнасці бацькоўскага кантролю і, самае важнае, незанятасці падлеткаў у вольны час. Пра арганізацыю адпачынку дзяцей паклапоцяцца падчас акцыі.


– Сёлета «Клопат» пройдзе з пэўнымі карэктывамі, якія ўнесла складаная эпідсітуацыя, – заўважае Святлана Юр’еўна. – Масавыя мерапрыемствы не плануюцца, аднак індывідуальная работа з праблемнымі падлеткамі будзе весціся актыўна. Яна ўключае ў сябе гутаркі, маніторынг сацыяльных сетак, рэйды па месцах адпачынку моладзі. Будуць дзейнічаць прышкольныя лагеры, наведвальнікамі якіх стануць і дзеці, што не вызначаюцца прыкладнымі паводзінамі. Накіравалі хадайніцтва ў сельвыканкамы з просьбай замацаваць за непаўналетнімі, з якімі праводзіцца індывідуальная работа, адказных асоб на месцы. Гэта могуць быць супрацоўнікі сельвыканкамаў і мясцовыя дэпутаты, медыкі і педагогі. Калі эпідсітуацыя палепшыцца, правядзём «Кірмаш вакансій», у якім звычайна ўдзельнічаюць кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, куды можна працаўладкаваць падлеткаў на сезон.


Сярод мэт «Клопату» – папярэдзіць дзіцячыя траўматызм і гібель. На працягу мая інспекцыя па справах непаўналетніх абследуе дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі ў школах і дварах, месцы адпачынку моладзі. Пра недахопы інфармуе УП ЖКГ.
З 18 мая распачаліся штодзённыя рэйды па месцах актыўнага адпачынку як у горадзе, так і на тэрыторыі раёна.


– У Міёрах моладзь любіць бавіць час на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў, плошчы Леніна ля РДК, паўвостраве, на прыпынку за гасцініцай УП ЖКГ, – расказвае старшы інспектар ІСН. – Ніводны год не абыходзіцца без адміністрацыйных правапарушэнняў. Найбольш распаўсюджаныя – знаходжанне па-за жыллём пасля 23.00 без суправаджэння дарослых, распіццё алкагольных напояў, у тым ліку піва, у грамадскім месцы. Выяўляем факты ўцягнення непаўналетніх у супрацьпраўныя ўчынкі.


Цяпер інспекцыя па справах непаўналетніх праводзіць індывідуальную работу з дзевятнаццацю школьнікамі ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Пад пільны нагляд праваахоўнікаў іх прывялі розныя правапарушэнні, у тым ліку дробны крадзеж і пашкоджанне маёмасці. Падчас акцыі «Клопат» ІСН узмоцніць работу як са сваімі непасрэднымі падапечнымі, так і з непаўналетнімі, чые паводзіны разглядалі на саветах прафілактыкі ў школах. Прафілактыка падразумявае як індывідуальныя сустрэчы, так і назіранне за падлеткамі на іх старонках у сацсетках.


– У мінулым годзе ўстанавілі факт правапарушэння праз «Інстаграм». Падлеткі размясцілі фотаздымкі, на якіх распіваюць піва. Вось так сябе «рассакрэцілі», – усміхаецца Святлана Хаданёнак. – Таму такія здымкі найлепш не выкладаць і ўвогуле падобнымі справамі не займацца. Вольны час раю прысвячаць самаразвіццю: чытаць кнігі, займацца спортам, глядзець пазнавальныя відэа, займацца рукадзеллем і так далей. Ёсць шмат заняткаў, якія дораць куды больш уражанняў, карысці, пазітыву, чым бутэлька піва, распітая ў цёмным завулку.

У ТЭМУ

З 14 па 18 мая ў раёне праходзіла мерапрыемства «Падлетак», скіраванае на прафілактыку супрацьпраўных паводзін у асяродку непаўналетніх. У гэты час правапарушэнняў сярод падлеткаў не выяўлена, злачынстваў яны не ўчынялі.

Фота прадастаўлена ІСН.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Именины 16 мая 2021
Викентий, Николай, Павел, Петр, Тимофей, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта