Месячнік Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа сёлета скіраваны на прафілактыку распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі.
У гэтым накірунку вядзём работу з сакавіка. Дзейнічаем на аснове складзенага пагаднення аб супрацоўніцтве з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай арганізацыяй ГА «БРСМ».
Валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа дастаўляюць прадукты харчавання і медыкаменты як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці.
Значную дапамогу супрацоўнікам ТЦСАН і раённай бальніцы аказвае Віцебская абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Перадалі 1 800 пар пальчатак, 64 бутэлькі геля для апрацоўкі рук, 125 ёмістасцяў з вадкім мылам, 120 літраў бутыляванай вады, 126 ахоўных камбінезонаў, 100 ахоўных рэспіратараў, 500 лістовак для сельскіх і гарадскіх саветаў.
Валанцёры, якія дапамагаюць з дастаўкай прадметаў першай неабходнасці, застрахаваны за кошт Чырвонага Крыжа. Яны працягваюць сваю дзейнасць. Далучайцеся да добрых спраў. Садзейнічанне дапаможа справіцца з бядой у раёне і ва ўсёй краіне. Адрас дапамогі – разліковы рахунак BY31BLBB30150300201908001001 (у беларускіх рублях) у Дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці (БІК BLBBBY2X, УНП 300201908). Копію плацежнага даручэння просім даслаць на факс 5 27 72.
ДЛЯ ДАВЕДКІ
Месячнік Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа штогод праходзіць у краіне з 8 мая па 1 чэрвеня, згодна з артыкулам 17 Закона «Аб Беларускім Таварыстве Чырвонага Крыжа» ад 24 кастрычніка 2000 года і пастановай Саўміна ад 13 красавіка 2012 года № 342 «Аб месячніку Чырвонага Крыжа».
Фота для ілюстрацыі. Ганна ЛІСКОВА, старшыня Міёрскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.