Авторизация
 

Карэспандэнт газеты з Міёр прагулялася па музеях свету са свайго кабінета

 Пры слове «музей» хтосьці мімаволі пазяхне. Застылыя экспазіцыі, строга расстаўленыя экспанаты, сухія факты… Аднак у свеце нямала музеяў, якія зусім не адпавядаюць звыклым уяўленням. Прывядзём прыклады.

«Вельмі дрэнна,
каб быць праігнараваным»

Пад такім дэвізам дзейнічае ў амерыканскім Бостане прыватны Музей дрэннага мастацтва. Тут сабраны найлепшыя сярод самых дрэнных твораў. У пастаяннай калекцыі каля 500 экспанатаў.


Пачалося ўсё з карціны «Люсі ў полі з кветкамі», якую выцягнуў са сметніцы антыквар Скот Уілсан. Дрэнна намаляваная работа ўражвала смеласцю і дзёрзкасцю. Паказаў знаходку сябрам. Вырашылі збіраць няўдалыя творы. У 1994 годзе адкрылі музей. Адносіны да незвычайнай установы былі неадназначнымі, на што адзін са стваральнікаў заўважыў: «Мы робім гэта, каб адсвяткаваць права мастака на няўдачу».


Далёка не ўсе няўдалыя работы папаўняюць калекцыю. Галоўная ўмова – твор не павінен быць сумным. Ацэньваюцца арыгінальнасць, наватарства поглядаў на звычайныя рэчы, адсутнасць клішэ.


 У дрэннага мастацтва ёсць свае аматары. У 1996 годзе з музея ўкралі карціну «Эйлін», на якой адлюстравана брунетка з жоўтым тварам і сінявой пад вачыма. Прапажу так і не знайшлі. У 2004-м быў учынены яшчэ адзін крадзеж.

Дзеля прыроды
і мастацтва

У мексіканскім горадзе Канкун знаходзіцца музей пад вадой. Створаны ў 2010 годзе на мяжы Мексіканскага заліва і Карыбскага мора на глыбіні ад чатырох да васьмі метраў, ён уяўляе сабой комплекс, дзе больш за 500 скульптур на дне. Матэрыялам для экспанатаў паслужыў так званы марскі бетон, у склад якога ўваходзяць цэмент, сілікон і шкловалакно. Каб скульптуры не знеслі цячэнні, іх устанавілі на падстаўкі масай да дзвюх тон.


Музей займае плошчу ў 420 метраў квадратных. Большую частку экспанатаў складаюць скульптуры людзей у натуральную велічыню. Ёсць аўтамабіль, дом, нават падводная міна.


Ідэю незвычайнага музея прапанавала і рэалізавала група людзей, нераўнадушных да прыроды і мастацтва. Па задумцы, унікальны аб’ект павінен адцягнуць увагу турыстаў ад каралавых рыфаў, якім шко- дзіць празмерная цікаўнасць чалавека. Падводныя скульптуры прывабліваюць дайвераў, з’яўляюцца асновай для калоній каралаў, домам для марскіх насельнікаў.

 Усё – падман

Тут няма ніводнай сапраўднай рэчы, і ў гэтым фішка Музея хлусні, што знаходзіцца ў нямецкім горадзе Кюрыц.
Па меркаванні дырэктара ўстановы мастака Рэйнхарда Цабкі, мастацтва – гэта ілюзія, і ў музеі сціраецца тонкая мяжа паміж праўдай і хлуснёй, якія з’яўляюцца неад’емнымі складнікамі творчасці.


Наведвальнікаў папярэджваюць, што ўсе экспанаты – падробка, а звязаныя з імі гісторыі – выдумка. На ўваходзе частуюць эліксірам маладосці, за які выдаюць звычайны чай, і апетытным кавалачкам торта з пластмасы. Сярод экспанатаў – дыван-самалёт Аладзіна, забытая ведзьмай мятла, накладныя вусы Гітлера, вуха Ван Гога, стары радыёпрыёмнік з «Тытаніка» і іншыя незвычайныя рэчы. Пад кожнай ёсць таблічка з апісаннем прадмета, яго паходжання і напамінам, што не трэба верыць усяму.

Хараство сняжынкі

Адзіны ў свеце Музей сняжынак знаходзіцца ў Японіі на востраве Хакайда ў ледзяных пячорах. Заснаваў яго вучоны Накая Укіціра, які шмат гадоў прысвяціў вывучэнню сняжынак. Установа носіць яго імя.


У музеі сабраны шырокі навуковы матэрыял пра снег у выглядзе дыяграм, відэа, карцін, кніг. Аснову размешчанай на падвясных галерэях экспазіцыі складаюць высакаякасныя здымкі сняжынак. Іх больш за 200. Аднолькавых не знойдзецца, бо кожная сняжынка ўнікальная. На зафіксаваную фотакамерай непаўторную прыгажосць любуюцца, падымаючыся па вінтавой лесвіцы.
Таксама ў музеі знаходзіцца канцэртная зала, дзе выступаюць музыканты, адзначаюць вяселлі, праводзяць семінары.

 Марцыпанавая
асалода

З усіх ласункаў у Венгрыі аддаюць перавагу марцыпану. Прысвечаныя гэтаму салодкаму прадукту музеі знаходзяцца ў розных гарадах краіны. Найбольш уражвае калекцыя ў Музеі марцыпана ў Сэнтэндрэ, прыгарадзе Будапешта.


 Установу заснаваў у 1994 годзе вядомы венгерскі кулінар Карой Сабо. Ён аўтар многіх работ. Сярод экспанатаў створаныя з марцыпанавай масы гістарычныя асобы, архітэктурныя будынкі, героі мультфільмаў. У тым ліку фігуры Майкла Джэксана і лэдзі Дзіяны, партрэт Моцарта, будынак венгерскага парламента, карэта Папялушкі і шмат іншых цікавых аб’ектаў.

Ода макаронам

Калі спытаць, у якой краіне знаходзіцца музей макаронаў, большасць назаве Італію. Гэта відавочна. Нацыянальны музей макаронаў у Рыме займае адзінаццаць залаў, у якіх прадстаўлены прадметы, звязаныя з нацыянальнай стравай. У тым ліку даўняе і сучаснае абсталяванне для вырабу прадукта. Асноўную частку экспазіцыі складаюць паштоўкі, маркі з выявамі макаронаў, гістарычныя дакументы. Багатая калекцыя рэцэптаў прыгатавання любімай стравы італьянцаў.

 Са сметніцы
на музейную паліцу

Самы вядомы ў свеце Музей смецця знаходзіцца ў Нью-Ёрку. Стварыў яго супрацоўнік санітарнай службы Нэльсан Моліна. На працягу трыццаці гадоў збіраў прадметы, якія выкідвалі гараджане. Сярод экспанатаў розныя рэчы: універсітэцкія дыпломы, сямейныя фотаздымкі, няспраўныя музычныя інструменты, мэбля, посуд, карціны, сувеніры і так далей. Выратаваныя ад палігону прадметы набылі другое жыццё ў музейных экспазіцыях і сталі аб’ектам цікаўнасці турыстаў.

У ТЭМУ

Міжнародны дзень музеяў адзначаецца 18 мая. Дата была ўстаноўлена Міжнародным камітэтам музеяў у 1977 годзе. Кожны год вызначаецца тэма свята. Сёлета яно пройдзе пад дэвізам «Музей як прастора роўных магчымасцей: разнастайнасць і інклюзія».

Фотаматэрыял для ілюстрацыі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2021
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта