Героем стал возле деревни Тычки Миорского района Виктор Бабичев

 Раённая кніга «Памяць» змясціла пасляваенны здымак Героя Савецкага Саюза Віктара Бабічава, які здзейсніў подзвіг пры вызваленні Міёршчыны. Пасля раёнка больш падрабязна расказвала пра бой 5 ліпеня 1944 года ля вёскі Тычкі, што цяпер у Павяцкім сельсавеце. У ім вызначыўся камандзір гарматы 125-га асобнага супрацьтанкавага дывізіёна, што уваходзіў у склад 29-й стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту, старшына Віктар Аляксеевіч Бабічаў. Цяпер мы маем магчымасць са спасылкай на дакументы расказаць пра яго жыццёвы і баявы шлях.

Віктар Бабічаў нарадзіўся 16 красавіка 1916 года ў пасёлку Петрапаўлаўка, які цяпер знаходзіцца ў межах горада Ахтубінск Астраханскай вобласці (на той час Сталінградскай), у сям’і рабочага. Скончыў пачатковую школу, працаваў трактарыстам ва Уладзімірскай МТС. У Чырвонай Арміі адслужыў у 1937 – 1940 гадах. У перадваенны час быў ужо жанаты, з другой паловай Дар’яй Рыгораўнай жыў у Петрапаўлаўцы на вуліцы 1-е Мая, 15.


З пачаткам Вялікай Айчыннай зноў прызваны Уладзімірскім райваенкаматам Сталінградскай вобласці ў армію ў верасні 1941-га. Трапіў у фарміруемы 45-ы знішчальна-супрацьтанкавы артдывізіён 68-й марской брыгады. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі ў лютым 1942-га яго накіравалі ў дзеючую армію наводчыкам гарматы ў званні сяржанта.


Да гэтага добра засвоіў сваю ваенную спецыяльнасць. Ужо ў сакавіку – красавіку ў баях ля хутара Копані яго разлік знішчыў кулямётную кропку і мінамёт праціўніка. Неўзабаве наводчыка адзначылі нагрудным знакам «Выдатны артылерыст».


Асабліва ён вызначыўся ў баях пад станіцай Екацярынінскай у пачатку 1943 года, дзе вёў агонь па пяхоце праціўніка і знішчыў каля 90 салдат і афіцэраў. А на вышыні 620,8 удзельнічаў у непасрэднай сутычцы з нямецкімі аўтаматчыкамі з выкарыстаннем табельнай зброі – з асабістага аўтамата ва ўпор расстрэльваў гітлераўцаў. За гэтыя заслугі байца адзначылі медалём «За адвагу», які атрымаў у студзені 1943 года. Дарэчы, да гэтай узнагароды ў адпаведнасці з загадам па 68-й марской стралковай брыгадзе ад 24 студзеня № 02/Н прадстаўлена сем сяржантаў – камандзіраў і наводчыкаў гармат. Бабічаў ваяваў на знакамітай саракапятцы – гармаце калібрам 45 мм.


Можна сцвярджаць, што ўзнагарода пасадзейнічала ўступленню Віктара Аляксеевіча ў партыю. У баявой абстаноўцы працэдура атрымання партбілета была спрошчаная.


Сапраўдным выпрабаваннем для артылерыста стаў прарыў варожай абароны ў снежні на ўчастку Лабок – Каесікава. Яго гармата падаўляла агнявыя кропкі праціўніка, ліквідавала два кулямёты і ротны мінамёт, вяла агонь па варожай жывой сіле.


1944 год для старшыны, ужо камандзіра 45-кі Бабічава пачаўся баямі за вёску Слабодка. Гармата 28-гадовага артылерыста вывела са строю два кулямёты праціўніка, ліквідавала снайпера і восем салдат. Калі прамым ударам варожага снарада падбілі суседнюю гармату, Бабічаў пад агнём праціўніка дапамог двум параненым таварышам і пры падтрымцы свайго разліку эвакуіраваў іх у тыл. У лютаўскіх баях артылерысты цягнулі сваю гармату на руках па бездаражы, каб аблегчыць пяхоце рух наперад. Такія дзеянні старшыны ўжо 125-га супрацьтанкавага дывізіёна ацэнены ордэнам Славы ІІІ ступені. Прадстаўленне з характарыстыкай «Праявіў сябе мужным, бясстрашным і рашучым камандзірам гарматы» падпісаў 26 лютага капітан Шчарбіна, у сакавіку дакумент дадаткова засведчылі вышэйстаячыя камандзіры. 10.03.1944 выдадзены адпаведны загад № 03/н па 29-й стралковай дывізіі, усе тры ордэны Славы ІІІ ступені атрымалі знішчальнікі танкаў.


Беларуская наступальная аперацыя для камандзіра гарматы старшыны Бабічава пачалася 22 чэрвеня 1944 года з прарыву нямецкай абароны ў Віцебскай вобласці. Ля вёскі Краснагоры і вышыні 149,5 яго гармата пад артылерыйска-мінамётным агнём праціўніка прамой наводкай з баявых парадкаў пяхоты знішчыла варожыя 75-мм гармату, два станкавыя кулямёты, назіральны пункт і да 15 салдат. Такім чынам быў пракладзены шлях для наступлення нашай пяхоты, якая захапіла траншэю праціўніка і дзякучы артылерыйскай падтрымцы паглыбілася ў нямецкую абарону.


Мужнасць і адвагу старшыны Бабічава зноў высока ацанілі. Яго прадставілі да ўзнагароджання ордэнам «Чырвонага сцяга», аднак Ваенны Савет 6-й гвардзейскай арміі ўнёс свае карэктывы: варты ордэна Славы ІІ ступені.


4 ліпеня батальёну, у які ўваходзіў 125-ы супрацьтанкавы дывізіён, паставілі задачу заняць вёску Павяцце і перарэзаць чыгунку Варапаева – Друя. Артылерысты выйшлі на вызначаны рубеж на наступны дзень. Аднак ля вёскі Тычкі ў тыл савецкім салдатам ударылі немцы, што адступалі з боку Міёр па іншай дарозе. Ім супрацьстаялі толькі чатыры гарматы, снарады ў якіх заканчваліся.
Узнагародны ліст ад 9 ліпеня, які падпісаў камандзір 125-га супрацьтанкавага дывізіёна маёр Шчарбіна сведчыць:


«В неравном и упорном бою батареи под деревней Тычки Вилейской области 5 июля 1944 года с двумя батальонами пехоты и артиллерийским дивизионом 75 мм пушек немцев, противник шел в контратаку с двух направлений, орудийный расчет старшины Бабичева, под сильным артиллерийско-минометным и ружейно-пулеметным огнем противника, прямой наводкой из орудия уничтожил: автомашину, четыре мотоцикла, два станковых пулемета, параконную повозку с лошадьми и в упор расстрелял из орудия более 50 немецких солдат и офицеров. В этом бою израсходованы осколочные снаряды, а немецкая пехота, окружив батарею, шла на орудие. Старшина Бабичев, оставив у орудия одного наводчика, остальной личный состав орудийного расчета поднял в атаку и с возгласами «За Сталина!», «За Родину!» вступил в рукопашный бой. Лично из своего оружия застрелил пять немцев, а когда не стало патронов, схватил саперную лопатку и отрубил голову немецкому офицеру. Взял немецкий пулемет, из которого расстрелял в упор более 15 солдат и офицеров противника. В этом бою, будучи тяжело ранен, с перебитой ногой руководил и участвовал до окончательного отражения контратаки противника.


При этом отрезал левый фланг контратакующего батальона противника, тем самым обеспечил полный разгром немецкого батальона.
В бою товарищ Бабичев проявил исключительную храбрость, мужество, находчивость и геройство.
Старшине Бабичеву Виктору Алексеевичу присвоить звание – Героя Советского Союза».


Прапанову аб узнагароджанні падтрымалі іншыя ваенныя начальнікі, апошнім свой подпіс на ўзнагародным лісце 4 лістапада 1944 года паставіў камандуючы войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту генерал арміі Баграмян.


За выключную храбрасць, мужнасць, знаходлівасць і гераізм старшыне Бабічаву Віктару Аляксеевічу 24 сакавіка 1945 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» за № 8850. У алфавітным спісе Указа ён 24-ы.


У гэтым баі нагу артылерыста практычна раструшчыла, яе давялося да снежня лячыць у ваенным шпіталі, а затым дома пасля звальнення з арміі.
Усё наступнае жыццё Героя прайшло ў Ахтубінску. Яго не стала 13 кастрычніка 1980-га.

У ТЭМУ

Віктар Бабічаў даводзіцца дзядзькам першаму губернатару Астраханскай вобласці Анатолю Гужвіну.

Фота для ілюстрацыі.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.