Авторизация
 

Ажывае ў думках вайна, слёзы засцілаюць вочы Кацярыны Альхімовіч з вёскі Мельніца

 90-гадовую жыхарку блізкай да райцэнтра вёскі Мельніца Кацярыну АЛЬХІМОВІЧ многія лічаць мясцовай. На Міёршчыне яна пражывае большую частку свайго жыцця. У 1942 годзе разам з маці і братам яе прывезла сюды на поездзе вайна. Яна забрала ў Кацярыны Пятроўны малую радзіму, бацьку і двух родных братоў. 

Падзеі далёкай ваеннай пары яскрава адбіліся ў памяці Кацярыны Альхімовіч. Паўстаюць перад вачыма сяльчане, якіх немцы гналі пешшу праз вёскі; трупы, што выкідвалі з вагонаў поезда на прыпынках; трох’ярусныя лагерныя нары; чорныя кавалачкі клеверу ў кружцы з кіпенем… Пра гэта немагчыма расказваць без слёз. За гадзіну размовы Кацярына Пятроўна не раз выцірае вочы.


– Родам я з вёскі Амшара, што ў Духаўшчынскім раёне Смаленскай вобласці, – пачынае расповяд субяседніца. – Мае бацькі – простыя сяляне Пётр Уладзіміравіч і Марыя Ярамееўна Якушанкавы. Працавалі ў калгасе. У сям’і нас трое было: я і два браты. Калі пачалася вайна, старэйшы Васіль ужо служыў у арміі. Я паспела чатыры класы скончыць. Тату на фронт забралі. Пасля мы даведаліся, што ён загінуў пры абароне Вязьмы. У вёсцы засталіся толькі старыя, жанчыны ды малыя дзеці. Немцы засяліліся ў хаты сяльчан, нас выгналі на вуліцу. Летам яшчэ нічога, а ў халады цяжка.


Прыгадвае Кацярына Пятроўна, як у снежаньскі дзень жыхароў Амшары і суседніх вёсак сагналі ў адну хату. Людзей было столькі, што прысесці няма дзе. Усе стаялі. Звонку нямецкія салдаты са зброяй, на ўваходзе ля дзвярэй – таксама. Нікога не выпускаюць. Сярод дарослых пайшлі размовы, што, відаць, хату спаляць разам з людзьмі. Пачуўся плач. Ворагі дазволілі запаліць у печы, кінулі людзям кавалак мёрзлай каніны, знайшоўся кацёл, у якім зварылі мяса. Пах ішоў такі, што дыхаць нечым было. Але голад не цётка.


– Раніцай усіх выгналі на вуліцу і загадалі пастроіцца па два чалавекі ў рад. Мароз ціснуў, снегу шмат, аж вышэй за хаты, – працягвае Кацярына Пятроўна. – Думалі, нас павядуць у нізіну за вёскай і там расстраляюць. Прыгналі да машын, пагрузілі ў іх і павезлі да поезда. Састаў доўгі-доўгі, вагонаў шмат. Мы за рукі чапляліся, каб не згубіцца і трапіць у адзін вагон. Колькі нас везлі, я не ведаю. У дарозе людзі паміралі. На прыпынках трупы выкідвалі на вуліцу.


Сяльчане з Расіі апынуліся ў беларускім горадзе Слуцку. Агароджаны ў некалькі радоў калючым дротам лагер. Вышкі з наглядальнікамі. Нары ў тры ярусы ў халодных бараках.


– Выходзіць з баракаў нам забаранялі. Есці давалі раз на суткі. Становішся раніцай у чаргу сам, за іншых нельга было ежу атрымаць. Увесь паёк – сто грам хлеба і кружка кіпеню, завараная нейкімі чорнымі кавалачкамі. Маці казала, гэта клевер, – успамінае субяседніца. – Не раз бачыла, як людзі, і малыя, і дарослыя, ляжаць, вочы расплюшчыўшы, і маўчаць. Маці патлумачыла, што яны мёртвыя. Калі чалавек ад голаду памірае, то вочы ў яго глядзяць. І цяпер бачу тую вялікую і глыбокую яму ў двары лагера, куды скідвалі памерлых.


Аднойчы палонным загадалі выходзіць на вуліцу і строіцца ў рад. Прывялі да нейкай будыніны, загадалі цалкам распрануцца і зайсці ўнутр. Зноў людзі рыхтаваліся да смерці. Зверху палілася вада. Спачатку халодная, затым пацяплела, стала гарачай. Зразумелі, што іх мыцца прывялі.


Па словах Кацярына Пятроўны, у Слуцку яны прабылі каля трох месяцаў. Затым іх прывезлі ў Паставы. Праз два – тры тыдні зноў пагрузілі ў вагоны. На кожнай станцыі па адным вагоне адчаплялі. Так Каця з маці і братам Сашам трапілі ў Міёры. Разам з іншымі іх прывялі ў будынак Дома піянераў ля возера.


 Невядома, чаму немцы пакінулі людзей на беларускіх станцыях. Можа быць, хацелі вывезці ў Германію, а пасля штосьці змянілася ў планах. Можа быць, вырашылі, што з жанчын і дзяцей слабая рабочая сіла. Гэта толькі здагадкі. Сям’ю Якушанкавых на той момант турбавала зусім іншае.


Працавалі за ежу ў сялян з ваколічных вёсак, дапамагаючы ім па хатніх і гаспадарчых справах.
– Я спачатку жыла ў Пад’ельцах у сям’і з бабуляй і яе дарослым сынам. Карову пасвіла. Бабуля мяне ў пяць раніцы будзіла. Малака бутэлечку наліе, хлеба маслам намажа – гэта мой абед. Да позняга вечара я на полі была. І плакала там, і песні спявала, – расказвае Кацярына Пятроўна. – Пасля мы пайшлі з маці і братам у Дворышча працаваць. Адны гаспадары пусцілі нас у сваю хату жыць, за гэта мы розную работу рабілі. У 1943 годзе немцы сталі вывозіць моладзь у Германію, брата забралі. Яму ўдалося ўцячы. Калі б не ўцёк, можа, шчаслівы быў бы.


Пасля вызвалення Міёр Аляксандра Якушанкава разам з іншымі маладымі хлопцамі ўзялі на фронт. Развітваючыся, маці і сястра бачылі яго ў апошні раз. Дзень Перамогі сустракалі, яшчэ не ведаючы, што і Васіля, і Аляксандра ўжо няма ў жывых.
Нашмат пазней – у сярэдзіне 60-х – Кацярына Пятроўна напіша пісьмо Міністру абароны СССР маршалу Савецкага Саюза Маліноўскаму з просьбай дапамагчы ў пошуку братоў і атрымае сумныя звесткі. Васіль загінуў 23 жніўня 1944 года ў Эстоніі, Аляксандр – 29 студзеня 1945 года ў Прусіі.


Пачынаць мірнае жыццё на чужыне Кацярыне было няпроста. У 1946-м цяжка захварэла маці. У пачатку лютага 1948-га яе не стала. Перад смерцю дала дачцэ наказ паважаць людзей, старых і малых, дапамагаць, калі каму трэба, не крыўдзіцца і самой нікога не крыўдзіць, быць моцнай і маліцца Богу. Матуліным запаветам Каця кіравалася ўсё жыццё.


Працавала на цагляным заводзе. Калі яго зачынілі, перайшла на нарыхтоўку зерня (сучасны камбікормавы завод), дзе прайшло шэсць гадоў. Затым папрасілі даць водпуск у гасцініцы камунальнай гаспадаркі. У выніку 27 гадоў адпрацавала там старшым адміністратарам. За старанную працу атрымлівала падзякі і ўзнагароды, яе партрэт заносілі на Дошку гонару, у тым ліку і абласную.


У 1953 годзе выйшла замуж за мясцовага хлопца Альберта Альхімовіча. Выгадавалі дваіх дзяцей. Старэйшая дачка Галіна з сям’ёй жыве ў Блажках, сын Анатоль у Мельніцы ў суседнім доме. Дзеці не абдзяляюць пажылых бацькоў увагай і клопатам.


Міёрскі край для Кацярыны Пятроўны стаў другім домам, але яна часта ўспамінае родную Амшару. У пачатку 80-х двойчы ездзіла туды з дзецьмі. Прайшлася па месцейку, сустрэлася з аднавяскоўцамі. Больш бываць на малой радзіме не давялося.

Фотаматэрыял аўтара і з архіва Кацярыны АЛЬХІМОВІЧ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта