Авторизация
 

Залежнасць са знакам плюс. Філолаг Алена Красоўская з Дзісны вельмі любіць кнігі

 У Алены КРАСОЎСКАЙ не бывае дня без кнігі. Не толькі таму, што яна з’яўляецца намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і вядзе ўрокі беларускай мовы і літаратуры ў Дзісненскай школе. Кнігі для яе больш чым прафесійны інтарэс. 

Слова «залежнасць» звычайна мае негатыўную сэнсавую афарбоўку. Залеж- насць – гэта несвабода і, значыць, ад яе трэба пазбаўляцца. Але ці заўсёды?


Філолаг Алена Красоўская не ўяўляе сябе без кніг. На рабоце ў руках падручнікі і праграмныя творы беларускіх аўтараў, у вольны час – навінкі з бібліятэкі.


– Пачытаць перад сном – абавязковы рытуал. Бывае, так захопішся, што і ноч неўпрыкмет праляціць, – гаворыць Алена Паўлаўна. – Апошнім часам адпачываю ўвечары за лёгкай для ўспрымання мастацкай літаратурай. Падабаюцца творы з дасціпным гумарам. Напрыклад, іранічныя дэтэктывы Г. Альхоўскай, І. Хмялеўскай, Г. Куліковай, не абышла ўвагай і кнігі Д. Данцовай.


Пералік прачытаных мастацкіх твораў доўгі. Першая самастойна асвоеная ў маленстве кніга – «Ад двух да пяці» К. Чукоўскага. Чытаць Алена навучылася ў пяць гадоў з дапамогай маці. У пачатковай школе аднакласнікам было на каго раўняцца.


На змену казкам, з якіх ва ўсіх дзяцей пачынаецца знаёмства з захапляльным светам літаратуры, прыйшлі прыгодніцкія творы. Цікавасць да іх абудзілі зборнік аповесцей М. Чукоўскага «Вадзіцелі фрэгатаў» пра падарожжы мараплаўцаў, кнігі Б. Касцюкоўскага «Паездка да сонца» і Ю. Рытхэу «Час растання снегу» пра жыццё народаў Крайняй Поўначы, раманы Ж. Верна. Дарылі асалоду творы пра прыроду М. Прышвіна, Дз. Маміна-Сібірака, Я. Маўра. Падабалася савецкая фантастыка: У. Обручаў, П. Місько, А. Бяляеў. Нельга было не прачытаць дэтэктывы А. Конан Дойля, Ж. Сімянона, А. Крысці. Пасля прыйшла чарга раманаў А. Дзюма, В. Гюго, М. Друона. Прачытала Ф. Абрамава, А. Калініна, В. Закруткіна, А. Іванова, Б. Васільева. Як было не ўзяць з бібліятэчных паліц «Знесеныя ветрам» М. Мітчэл, «Спяваючыя ў цярноўніку» К. Маккалоу, «Каралёк – птушка пеўчая» Р. Гюнтэкіна. Як было не захапіцца Тарзанам з кніг Э. Бероўза або Анжалікай – маркізай анёлаў.


На першым месцы, аднак, былі беларускія аўтары: У. Караткевіч, І. Мележ, І. Шамякін, В. Быкаў, К. Крапіва, Л. Дайнека, У. Арлоў, К. Тарасаў, В. Іпатава, С. Алексіевіч, Я. Янішчыц, Р. Барадулін, Н. Гілевіч.


Кнігай кніг для Алены Паўлаўны застаюцца шмат разоў перачытаныя «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіча.
– Гэты твор я з дзецьмі цэлы год вывучала б, смакуючы кожную старонку, пранікаючыся духам высакародства, сапраўднай беларускай шляхетнасці, – заўважае субяседніца. – Уладзімір Караткевіч – любімы беларускі празаік. З драматургаў падабаецца Аляксей Дудараў. Пашчасціла быць на прэм’еры спектакля «Чорная панна Нясвіжа», дзе прысутнічаў сам аўтар. Незабыўнае відовішча! Непаўторныя ўражанні!


Менавіта любоў да кніг прывяла выпускніцу Дзісненскай школы на філалагічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (цяпер ВДУ імя П. М. Машэрава). Скончыўшы ў 1992 годзе вну, вярнулася ў сваю школу маладым спецыялістам. Першае працоўнае месца стала адзіным.


Акрамя адміністрацыйнай работы і ўрокаў, Алена Паўлаўна вядзе гурток «Эрудыт». Цяпер у ім займаюцца 16 інтэ- лектуалаў з чацвёртага па адзінаццаты класы. Пашыраюць кругагляд на занятках, правяраюць кемлівасць і логіку на спаборніцтвах. Дзісненскія разумнікі і разумніцы пастаянна ўдзельнічаюць у інтэлект-фэсце «Міёры-OPEN», пяць разоў з шасці станавіліся прызёрамі. Гулялі на турнірах у Полацку, Чашніках, Віцебску. Сталі традыцыйнымі школьныя інтэлектуальныя гульні паміж камандамі вучняў і настаўнікаў, што праходзяць на зімовых канікулах.


Інтэлектуальныя задачкі Алену Паўлаўну таксама вабяць з дзяцінства. Любімай перадачай была «Што?Дзе?Калі?» Чэрпала веды з перыёдыкі, якую ёй пастаянна выпісвалі бацькі. Падшыўкі «Юнага натураліста» (гэты часопіс падабаўся найбольш) захоўвала да дзявятага класа, пакуль не пераехала на новае месца жыхарства. Удзельнічала ў віктарынах, што праводзілі дзіцячыя перыядычныя выданні. Часта па пошце атрымлівала прызы.


 Шырокі кругагляд прыносіць прыемныя бонусы і цяпер. У віктарынах ад «Народнай газеты» двойчы выйгравала паўгадавую падпіску на выданне, яшчэ насценны гадзіннік і плед-падушку. Рэкордам лічыць 30 прызоў за правільныя адказы ў тэлевіктарыне перадачы «Добрай раніцы, Беларусь!»


У час гаджатаў і лёгкага доступу да кароткай інфармацыі мастацкія кнігі і пазнавальныя часопісы адыходзяць на другі план. Для Алены Паўлаўны кніжны друкаваны радок застаецца ў прыярытэце.


– Кнігі вучаць жыццю, – заўважае яна. – Чытанне непасрэдным чынам уплывае на граматнасць, развівае вобразнае мысленне. Сваім вучням заўсёды раю спачатку прачытаць кнігу, а пасля глядзець зняты па ёй фільм. Чытаючы, мы даём працу свайму ўяўленню: самі ствараем вобразы герояў. Фільм падносіць гатовую карцінку і не патрабуе ніякіх фантазій. Канечне, ёсць добрае кіно па літаратурных творах. Напрыклад, «Сабачае сэрца» па рамане М. Булгакава, «Людзі на балоце» па мележаўскай «Палескай хроніцы». І ўсё роўна фільм заўсёды будзе саступаць кнізе.
Свае нераўнадушныя адносіны да мастацкай літаратуры Алена Паўлаўна называе залежнасцю. Спраўляцца з ёй зусім не думае.

Фотаматэрыял з асабістага архіва Алены КРАСОЎСКАЙ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Именины 11 апреля 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Корнилий, Марк, Михаил, Филипп

Госці краін

free counters
Партнеры сайта