Авторизация
 

Іх справай было поклічнае слова. Сярод былых работнікаў рэдакцыі з Міёр франтавікі

 Цяперашнія супрацоўнікі рэдакцыі раённай газеты з гордасцю нагадваюць, што сярод іх папярэднікаў у пасляваенны час былі франтавікі і ўдзельнікі партызанскага руху. Так, адраджэннем выпуску раёнкі, якая захавала даваенную назву «Большэвіцкая трыбуна», займаўся Пётр Клінаў. Хаця не меў адпаведнай падрыхтоўкі, у газетнай справе не быў выпадковым чалавекам. Шлях да яе прайшоў няпросты.

Пётр Акімавіч нарадзіўся 10 чэрвеня 1923 года ў вёсцы Варажно на Полаччыне. У канцы 1942-га партызанам 3-га атрада брыгады Мельнікава ўключыўся ў барацьбу з ворагам. У гэтым фарміраванні лясных салдат праявіў сябе добрым байцом, удзельнічаў у напісанні лістовак і адозваў да насельніцтва. Таму ў красавіку ўжо стаў супрацоўнікам падпольнай газеты Ушацкага райкама партыі. Ваяваў зброяй і словам як палітрук узвода атрада Косава, што дзейнічаў і ў Міёрскім раёне. Дзякуючы ініцыятыўнасці хутка вырас да намесніка камандзіра атрада па разведцы. У сакавіку 1944-га ён ужо намеснік камандзіра брыгады імя Калініна па разведцы. Адначасова ўдзельнічаў у выпуску ў паходнай друкарні газеты «Кліч партызана» – органа падпольнага Міёрскага райкама КП(б)Б.


Пасля вызвалення нашых мясцін камандзір гэтай брыгады Фёдар Гаўрыленка ўзначаліў Міёрскі РК КП(б)Б, а сваім памочнікам абраў Пятра Клінава. Неўзабаве паступіла партыйнае даручэнне аднавіць выпуск раённай газеты.


Было няпроста, пачынаў са стварэння матэрыяльнай базы. На кані неаднаразова ездзіў у Полацк, тады абласны цэнтр, за абсталяваннем, шрыфтамі, паперай. Падбіраў памочнікаў. Найперш наборшчыкам і друкаром запрасіў баявога партызанскага сябра Мікалая Гайдара.


 Мікалай Іванавіч быў начальнікам штаба атрада № 1, нават усёй брыгады імя Калініна. Пры гэтым асвоіў наборную справу і прымітыўны друкарскі станок, які выкарыстоўваўся для выпуску лістовак і падпольнай газеты. Такімі сіламі 5 снежня 1944 года – на Дзень Канстытуцыі СССР – пабачыў свет першы нумар раёнкі, адлік ад якога вядуць і сучасныя «Міёрскія навіны». Газета выходзіла невялікім фарматам – памерам ліста А4 або ў палавіну сучаснай старонкі раёнкі накладам у тысячу, потым 1,5 тысячы экземпляраў. Асноўнымі матэрыяламі былі на першым часе афіцыйныя паведамленні ТАСС ды звесткі з сельсаветаў, сабраныя па тэлефоне. Але пачатак паклалі. Пазней ужо Вілейскі абкам партыі зацвердзіў штат рэдакцыі, у якой з’явіліся пасады адказнага сакратара, карэспандэнта, бухгалтара. Газета павялічвалася ў памерах, больш разнастайнымі станавіліся публікацыі.


Пётр Клінаў працаваў рэдактарам «Большэвіцкай трыбуны» да чэрвеня 1951 года. Потым узначальваў калгас «Баявы партызан», Якубаўшчынскі сельскі Савет. Узнагароджаны медалямі «Партызану Айчыннай вайны» першай ступені, «За перамогу над Германіяй…», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне».


Два дзясяткі гадоў прысвяціў друкарскай справе Мікалай Гайдар. Афіцыйна лічыўся старшым наборшчыкам, але вярстатку са шрыфтамі ў рукі браў не вельмі часта. Ён фактычна загадваў друкарняй раённай газеты, у якой працавала да 17 чалавек. Арганізоўваў рабочы дзень наборшчыкаў і друкароў, займаўся абсталяваннем, паперай, шрыфтамі. Нярэдка станавіўся за друкарскія машыны – маленькую цігельную для паштовак ці адзіночных бланкаў, вялікую плоскага друку для газеты ці цэлага набору форм. Яшчэ вырабляў граматы, дыпломы, віншаванні, прывітальныя пісьмы, плакаты і іншыя заказы райкама партыі ці райвыканкама ў дзве фарбы або «пад золата».


 З 25 снежня 1953 года раённая газета выходзіць (дарэчы, тройчы на тыдзень) пад назвай «Зара камунізма», яе рэдагаваў Міхаіл Латышаў. У той час выданне набыло фармат друкаванага аркуша – гэта чатыры старонкі сучаснай раёнкі, наклад павялічыўся да 2,3 – 3 тысяч экземпляраў.


Міхаіл Іосіфавіч – франтавік-артылерыст, маёр. У пасляваенны час працаваў настаўнікам гісторыі, узначальваў калгас, быў дырэктарам СШ № 1, кіраваў ветэранскім рухам на Міёршчыне.


 Увесь раён ведаў рэдакцыйнага фотакарэспандэнта Пятра Баброўскага. Ён са жніўня 1942 года партызаніў, потым у радах Савецкай Арміі прайшоў франтавымі дарогамі да Берліна разведчыкам, кулямётчыкам, танкістам. Вайну закончыў старшым сяржантам у маі 1945-га. Пасля нейкі час узначальваў Міёрскі сельсавет, працаваў у сферы бытавога абслугоўвання, аднак галоўнай справай жыцця лічыў менавіта забеспячэнне ілюстрацыямі раённай газеты.


Сярод актыву раёнкі было нямала людзей, якіх загартавала вайна. Надзейнымі рабочымі і сельскімі карэспандэнтамі з’яўляліся партызаны Павел Сушко і Уладзімір Ра-дзішэўскі, франтавікі Аляксандр Капітанаў і Генадзь Дзямешка… Усіх не назваць, калісь раёнка мела 45 рабселькораўскіх пастоў, якія аб’ядноўвалі больш за сотню добраахвотных памочнікаў. Вялікі дзякуй ім усім, а таксама тым, хто цяпер дапамагае нашым штатным супрацоўнікам газетным радком пісаць гісторыю роднай Міёршчыны.

Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі і раённай кнігі "Памяць".

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Именины 11 апреля 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Корнилий, Марк, Михаил, Филипп

Госці краін

free counters
Партнеры сайта