Авторизация
 

Новы погляд на старыя здымкі: свята Перамогі ў Дзісне

 Мітынгі грамадскасці горада, іншыя ўрачыстасці да свята Перамогі і гадавіны вызвалення ў Дзісне заўсёды праходзілі ля брацкай магілы, дзе напачатку стаяў помнік з двума воінамі, што схілілі галовы над жалобным вянком. Прапануемае вашай увазе фота зроблена, найбольш верагодна, у 70-х гадах мінулага стагоддзя, калі не раней. 

У кнізе «Памяць» на здымку з сярэдзіны 90-х іншы ракурс мемарыяла: белая мармуровая пліта заменена на чорную з карацейшым надпісам. Выразна бачны бакавыя пліты з імёнамі загінулых, якія на гэтым фота толькі згадваюцца. Абапал ужо выраслі вялікія дрэвы, іх раней зусім не было.


Здымак дзісненскіх жанчын на фоне яшчэ разбураных сцен касцёла дакладна падпісаны. Ён зроблены пры святкаванні 30-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй Віктарам Папковічам з Дзісненскага Дома піянераў у маі 1975-га. Тых жанчын, лёс якіх так ці інакш звязаны з вайной, ведаў увесь горад. Цяпер іх імёны з цяжкасцю высветліла стваральнік гарадскога музея Ала Майсяёнак.


 На фота 1975 года першая злева – Ганна Сяргееўна Строкава (Сініцына). Нарадзілася ў 1923 годзе ў Гомелі, на фронт пайшла добраахвотнікам. Пасля курсаў радыстаў служыла на 1-м Украінскім фронце ў асобным батальёне сувязі, старшы сяржант. Пад Роўна паранена. У баявых дзеяннях прымала ўдзел з 1943-га па май 1945-га. Узнагароджана медалём «За баявыя заслугі». Пасля вайны працавала ў паліклініцы ў Дзісне.


З успамінаў Ганны Сяргееўны:
– У 1941 годзе я працавала ў абкаме камсамола ў Вілейцы. Наш поезд, на якім мы эвакуіраваліся, у Полацку разбамбілі. Пешшу дабралася да Віцебска. Там пайшла ў народнае апалчэнне машыністкай.
У Віцебску назірала адступленне нашых войск, эвакуацыю. Усё праходзіла ў спешцы. Магазіны стаялі адчыненыя – бяры што хочаш. На дарогах мірныя жыхары-бежанцы. Запомнілася жанчына з двума малымі: аднаго за руку вядзе, другога на руках нясе, усе галодныя. Дзяцей іншы раз падвозілі на машынах.


 На фронт ехала ў эшалоне. Нас папярэдзілі, каб у выпадку бамбёжкі разам не збіраліся, а разбягаліся па адной і клаліся на зямлю. А мы, дзяўчаты, усё роўна купкамі – страшна!


Самалёты нямецкія спускаліся вельмі нізка. Твар лётчыка бачны, на руках доўгія чорныя пальчаткі.
Адзін салдат пры налёце ад страху засунуў галаву ў стэлаж цэглы, а цела звонку засталося. Але тады яму пашанцавала.
На фронце дысцыпліна была. Жылі дружнай сям’ёй. Але страшна вельмі. Калі гляджу ваеннае кіно, і цяпер плачу. А з мяне смяюцца.
Аляксандра Рыгораўна Стома ўспамінаў не пакінула. Яна нарадзілася ў 1921 годзе, па неўдакладненых звестках вайну сустрэла ў Самары, на фронце магла быць зенітчыцай у складзе 160-й стралковай дывізіі. У пасляваенны час працавала прадаўцом, поварам. Удзельніца ветэранскага хору «Чырвоныя гваздзікі».


Анастасія Рыгораўна Мядзелец (Гурчонак) паходзіць з Дрысенскага раёна, 1921 года нараджэння. Служыла аперацыйнай сястрой. Старшы сяржант, выдатнік санітарнай службы. Прайшла ўсю вайну (чэрвень 1941 – май 1945) праз Расію, Польшчу і Германію да Берліна. Адзначана баявымі ўзнагародамі. Пасля вайны – медсястра ў Дзісне. Да пенсіі ўзначальвала райкам Чырвонага Крыжа.


 Анастасія Рыгораўна ўспамінала:
– Да вайны я скончыла медвучылішча, накіравалі працаваць у Лёзна. Аднойчы пайшла праводзіць сяброўку ў ваенкамат, і мяне забралі разам з ёй. Трапіла ў шпіталь 117-ай стралковай дывізіі, якая фарміравалася ў горадзе Іванава. У 1942 годзе дывізія прайшла 300 кіламетраў па бездаражы. Тэхніка патанала ў снезе, перавязачныя сродкі неслі на плячах. Адпачывалі па 10 хвілін праз кожныя 10 кіламетраў. Я не верыла, што можна выспацца пры хадзьбе, а тут давялося.


Дывізія ўваходзіла ў 3-ці ўдарны Калінінскі фронт. Я працавала медсястрой у шокавай палаце шпіталя, а потым аперацыйнай сястрой. Шмат умення і ведаў, цеплыні і дабрыні трэба было прыкласці, каб уратаваць жыцці нашых салдат. Пералівала кроў, пры неабходнасці аддавала сваю. Як параненыя адкрывалі вочы, дзякавалі, называлі родненькай. Але былі і трагічныя выпадкі.
Назаўсёды ў памяці застаўся дзень 1942 года. У шпіталь у вёсцы Сотава Наўгародскай вобласці няспынным патокам прыбывалі параненыя. Чатыры першыя машыны з імі рушылі ў тыл, як у блакітным небе з’явіліся самалёты з чорнымі крыжамі, пачуліся выбухі бомб. Гарэлі хаты. Навокал крыкі аб дапамозе, стогны цяжка параненых. Тады загінула наш малады ваенурач, ёй трапіла аскепкам у грудзі. У маіх абдымках яна прамовіла: «Насценька, беражы сябе. Мяне ўжо не ўратуеш».


 Мы дзень і ноч стаялі ў аперацыйных, ратавалі параненых. Аддавалі ім сваю кроў. Не раз адбіваліся ад ворага са зброяй у руках. Так было ў Познані з 22 на 23 лютага 1945-га. У 2.00 паступіў загад: «Усім у ружжо. Праціўнік прарваўся і рухаецца да медсанбата». Усе арганізавалі кругавую абарону, акрамя хірургаў, што працягвалі аперацыі. У баі загінулі ўрачы і медсёстры, выстаяць дапамаглі разведчыкі.


Ганна Сяргееўна Касенка – чацвёртая ў жаночай шарэнзе. Яна была разведчыцай 4-ай Беларускай партызанскай брыгады (чэрвень 1942 – ліпень 1944). Пасля вайны – настаўніца пачатковых класаў Дзісненскай СШ.


Яўгенія Мікалаеўна Рубіна – украінка, 1916 года нараджэння. На фронце з мая 1942-га па май 1945-га. Служыла ў эпідэмічным атрадзе воінскай часці, што ўваходзіла ў склад 65-й арміі, а затым 5-ай ударнай арміі 1-га Беларускага фронта. Прайшла ваеннымі дарогамі ад Асташкава да Берліна.


Ганна Паўлаўна Іванова нарадзілася ў 1917 годзе ў Мехаўскім раёне на Віцебшчыне, з 1946-га – член КПСС. Разведчыца 4-й Беларускай партызанскай брыгады з кастрычніка 1942-га да красавіка 1944-га. У пасляваенны час – настаўніца пачатковых класаў Дзісненскай СШ (з 1944-га). Узнагароджана медалямі «За перамогу над Германіяй» і «За працоўную адзнаку». Пэўны час узначальвала партарганізацыю Дзісненскай СШ.
Прозвішча апошняй жанчыны ў шарэнзе пакуль удакладняю. Буду ўдзячны за падказку.

Фотаматэрыял з архіва Сяргея ЖАБЕНКА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта