Авторизация
 

Кожны дзень – новы касцюм. Для работнікаў інфекцыйнага аддзялення ЦРБ у Міёрах гэта не раскоша, а неабходнасць

 У інфекцыйных аддзяленнях устаноў аховы здароўя пастаянна павышаная гатоўнасць да ўскладненняў эпідсітуацыі. Якія карэктывы ў будні міёрскіх медыкаў унесла каронавірусная праблема?

– Працаваць у масках і пальчатках для нас рэч звычайная. Цяпер рабочае адзенне дапоўнілі супрацьчумныя касцюмы. Спачатку апраналі беларускія, нядаўна атрымалі кітайскія з Уханя. Касцюм выдаецца на змену. Пасля яго трэба апрацаваць дэзсродкамі і ўтылізаваць, – расказвае выконваючы абавязкі загадчыка інфекцыйнага аддзялення ЦРБ Ірына Сіняўская. – Такая службовая вопратка лёгкая па вазе, але слаба прапускае паветра, таму ў ёй душнавата.


Да работы ў ахоўным спецадзенні прыступаюць усе 14 супрацоўнікаў: загадчыца, медыцынскія сёстры, санітаркі, буфетчыцы, сястра-гаспадыня.


Па стане на 23 красавіка, у аддзяленні знаходзілася шэсць пацыентаў. З іх пяць з Браслаўскага раёна. Усе кантактавалі з хворымі на каронавірус, таму пад назіраннем медыкаў. Як заўважае Ірына Віктараўна, псіхалагічны стан хворых здавальняючы, не панікуюць.
– Хвалююцца з-за вынікаў тэстаў. Іх робяць у Віцебску, таму чакаць трэба пяць – сем дзён, – заўважае ўрач.


Сітуацыя з каронавірусам для Ірыны Сіняўскай дадатковая праверка на прафесіяналізм. Абавязкі загадчыка аддзялення выконвае са жніўня мінулага года. Вярнулася на Міёршчыну пасля вучобы на лячэбным факультэце Віцебскага медуніверсітэта. Родам з Дзісны. Медыцынскую справу выбрала невыпадкова. Перад вачыма прыклад маці – загадчыцы паліклінікі Дзісненскай БСД. Звяртаецца да яе за прафесійнымі парадамі.


Падтрымліваюць старэйшыя калегі. З пяці медыцынскіх сясцёр у чатырох працоўны стаж – 20 гадоў. Гэта Наталля Кавалеўская, Ірына Цярэшка, Галіна Мацюк, Марына Філіпава. Ад іх набіраецца вопыту малады спецыяліст Кацярына Пацеенак, якая занята ў аддзяленні другі год.


Нават вопытныя медыкі ўпершыню сутыкаюцца з падобнай эпідсітуацыяй.
– Спецыяльныя ахоўныя касцюмы раней апраналі толькі падчас вучэнняў па асабліва небяспечных інфекцыях. У нашым аддзяленні яны праходзяць штогод кожны квартал, – расказвае старшая медсястра Наталля Кавалеўская. – Працаваць усю змену ў такой форме яшчэ не даводзілася. У касцюмах спякотна, горш чуеш, ёсць іншыя нязручнасці, але да ўсяго можна прывыкнуць. Мы не падаем духам і захоўваем пазітыўны настрой.


Дзень у аддзяленні пачынаецца з інфармацыі пра колькасць хворых і іх стан. Затым загадчык ідзе на абход, пасля – працэдуры. Звычайны рэжым, толькі з пэўнымі дапаўненнямі. Часцей уключаюць бактэрыцыдныя лямпы. Традыцыйную дэзапрацоўку памяшканняў дапаўняе чыстка хлорутрымлівальным антысептыкам, якую двойчы на тыдзень праводзяць супрацоўнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.


Пераапранаюцца работнікі аддзялення ў спецыяльна адведзеным памяшканні. Тут пакідаюць сваю вопратку і іх калегі з хуткай дапамогі, якія прывозяць пацыентаў з падазрэннем на каронавірусную інфекцыю.

Фота Ігара МАТЭЛЕНКА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 8 мая 2021
Василий, Марк, Сергей

Именины 7 мая 2021
Алексей, Валентин, Иннокентий, Иосиф, Леонтий, Николай, Сергей, Елизавета

Госці краін

free counters
Партнеры сайта