Авторизация
 

Як наводзяць парадак у розных кутках Міёрскага раёна

 Згодна з распараджэннем райвыканкама, з 6 красавіка па 5 мая доўжыцца месячнік па санітарнай ачыстцы і добраўпарадкаванні населеных пунктаў Міёршчыны. Чысціня і ўтульнасць павінны запанаваць паўсюль. Пацікавімся, на што звяртаюць асаблівую ўвагу ў розных куточках раёна.

   Раіса ГЕРНАТ, старшыня Новапагосцкага сельсавета:

– Згодна з мерапрыемствамі па добраўпарадкаванні тэрыторыі, цяпер ідзе адпаведны агляд. Кантралюем, як арганізацыі і домаўладальнікі ствараюць прыгажосць вакол сябе. Гаспадарам недагле- джаных сядзіб і тэрыторый устаноў даём прадпісанні. На іх выпраўленне – 10 – 15 дзён. Самым нядобрасумленным пагражае адміністрацыйная адказнасць, згодна з артыкулам 21.14 КаАП (парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Такіх пакуль няма: усе стараюцца прыбраць ля свайго дома, рыхтуюць кветнікі, рамантуюць агароджы. Хаця надвор’е пакуль не надта спрыяе. Больш актыўна ўключымся ў работу, калі пацяплее.


Разам з тым пад увагай камісіі і патэнцыяльна небяспечныя аб’екты. Іх гаспадарам таксама неабходна прывесці ў належны стан свае тэрыторыі. Атрымалі прадпісанні ААТ «Любінова», «Пад'ельцы», Дзісненскі лясгас і іншыя. Папярэджанне накіравалі антыкрызіснаму кіраўніку Міёрскага райспажыўтаварыства: на тэрыторыі сельсавета не выкарыстоўваюцца будынкі магазінаў у Клётавым Двары і Старым Пагосце, былой сталовай у Новым Пагосце. Шмат пакінутых жылых дамоў, што належаць гаспадаркам. З іх далейшым выкарыстаннем неабходна вызначыцца. А пакуль – прыбраць сухую расліннасць і ліквідаваць пажаранебяспечныя фактары.


Ладзім суботнікі і працуем над вывазам адходаў з могілак. Заняты не толькі адказныя асобы, але і мясцовае насельніцтва. Разам з вучнямі Новапагосцкай і Чапукоўскай школ у бліжэйшы час добраўпарадкуем брацкую магілу ў Новым Пагосце і пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны ў Махіроўцы, памятны знак у Белеўцах, абеліскі у Волкаўшчыне, Наўгародах і Чапуках. Зноў жа работу крыху стрымліваюць дажджы і моцны вецер. Але да 1 мая скончым касметычны рамонт месцаў пахаванняў, каб Дзень Перамогі сустрэць у поўнай гатоўнасці.

    Галіна ШЫНКЕВІЧ, старшыня Міёрскага сельсавета:

– Працуем па плане. Актыўнічае ў навядзенні парадку мясцовае насельніцтва, падключыліся шэфы: раён газазабеспячэння, Міёрскае лясніцтва, ЛДД-34, ААТ «Пад’ельцы» і «Чэрасы». За кожнай установай замацавалі адказных асоб. Запанаваў парадак ля ўстаноў культуры, адукацыі і на асабістых падворках.


Папрыгажэла ля помнікаў і абеліскаў. У Старых Круках і Чэрасах шчыравалі культработнікі пад кіраўніцтвам бібліятэкара Валянціны Пальчэўскай, у Дворным Сяле і Пад’ельцах добра папрацавалі супрацоўнікі і вучні Дворнасельскай школы. Прыбралі смецце і апалае лісце, пачысцілі плітку, падфарбавалі і падправілі помнікі. Прывялі ў належны выгляд брацкую магілу ў Масеўцах, вайсковыя пахаванні Мелуна ў Пацеенках і Сушко на грамадскіх могілках у Старых Круках.


Вялікую работу зрабілі ў Свярдлах. Там пустуюць два старыя дамы, у якіх даўно ніхто не жыве і не даглядае тэрыторыі. З восені працавала раённая камісія і прызнала, што жыллё належыць зносу. ААТ «Пад'ельцы» высякала там хмызнякі і вяло барацьбу з баршчэўнікам. Цяпер можна зносіць.
Аператыўна выконваюць заяўкі па рамонце дарог жыллёва-камунальная гаспадарка і ДРБУ-203. Усе нязручныя пад’езды і шляхі вясной падсыпалі гравіем і прагрэйдавалі.


Людзі праяўляюць ініцыятыву: наводзяць парадак не толькі на пахаваннях сваіх родных і блізкіх, але і на тых, якія ніхто не даглядае. У Станулеве пенсіянеры арганізавалі суботнік – прайшлі па тэрыторыі вёскі і прыбралі ўсё вакол агароджаў, у прыдарожных канавах. Цяпер прыгожа і нават, здаецца, дыхаецца лягчэй. Вялікі ім дзякуй за падтрымку і сумленнасць!
Жыхары Чэрасаў адрамантавалі, а дзе гэта было немагчыма – знялі агароджу ля ведамаснага жылля. Прыемна, што не чакаюць старонняй дапамогі, а самі клапоцяцца пра месца, дзе жывуць, працуюць і гадуюць сваіх дзяцей. Такіх большасць. Рыхтуючыся да Вялікадня, прыбіралі кожны куточак, фарбавалі агароджы, садзілі дрэвы. Калі гаспадар не жадае, каб яго двор вылучаўся ўзорнасцю, выдаём прадпісанні. Гэта дапамагае.

   Віктар ДЗЕРАВЯНЧЫК, старшыня Перабродскага сельсавета:

– Прапісная ісціна: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Лічу, што парадак трэба не наводзіць, а падтрымліваць. Асабістая адказнасць гаспадароў – клапаціцца пра свае двары, прычым пастаянна. Таму пачалі ўборку з грамадскіх месцаў – з пляжу. Гэтым займаюцца мясцовыя актывісты, у іх ліку жыхарка Камянполля Касінія Казачонак, якая вызваліла ад пластыку берагі трох азёр у раёне вёскі Апанасёнкі. Уласным прыкладам далучае да добрай справы нераўнадушных людзей. Дапамагае тэхнікай і рабочай сілай жыллёва-камунальная гаспадарка. У мінулыя выхадныя прывялі ў парадак могілкі. Прадоўжым вывозіць смецце пасля Радаўніцы.


У ВУПКУ «Міёрскі» сталі разбіраць небяспечны аб'ект – былы будынак майстэрні ў Забалоцці. Узорны парадак заўсёды пануе на тэрыторыі дзіцячага санаторыя «Расінка». І сёлета ўжо прываблівае сваіх гасцей чысцінёй і акуратнасцю. Не трэба нагадваць пра непасрэдны абавязак трымаць у належным стане тэрыторыю Перабродскаму лясніцтву. Своечасова спраўляецца і з наступствамі непагадзі.


Многія жыхары сельсавета клапоцяцца пра эстэтычны выгляд сваіх сядзіб. Аднак ёсць і тыя, на каго не дзейнічаюць ні папярэ- джанні, ні штрафы. І так штогод. Хацелася б большай адказнасці за сваё жыллё.
Да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне праведзена значная работа. Набылі прывабны выгляд абеліскі і помнікі, вайсковыя пахаванні: іх адрамантавалі, уклалі тратуарную плітку і бардзюры, прыбралі тэрыторыі. На абеліску ў Пераброддзі заменім мемарыяльную дошку, яна ўжо гатова. Да 9 Мая застанецца толькі паднавіць і высадзіць кветкі.


Масавую ўборку пачнём у бліжэйшыя дні. Будзем курыраваць парадак на зямлі сумесна з цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, землеўпарадкавальнай службай, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі і для ілюстрацыі.

Алена ВАРОНІНА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 апреля 2021
Никита

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Госці краін

free counters
Партнеры сайта