Авторизация
 

Карэспандэнт міёрскай газеты пра самаізаляцыю: работа дома дысцыплінуе

 Па магчымасці перайсці на аддаленую працу – адна з рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя ў барацьбе з каронавірусам. Ці будзе работа дома такой жа эфектыўнай, як на працоўным месцы? Тры дні карэспандэнт раённай газеты правяла па-за рэдакцыяй, трымаючы сувязь з калегамі праз тэлефон і сацыяльныя сеткі.

Перадгісторыя

У мінулы панядзелак мяне чакаў сюрпрыз. Непрыемны. Бліжэй да канца рабочага дня стала адчуваць сябе не так, як звычайна. З’явілася лёгкая слабасць, лоб пацяплеў. Прастудныя захворванні звычайна не даймаюць, але на гэты раз, улічваючы эпідсітуацыю, стала крыху не па сабе не толькі фізічна.
– Заўтра заставайся дома! – загадала на развітанне галоўны рэдактар.


Вярнуўшыся з работы, памерыла тэмпературу – 37. Нават не памятаю, калі такое было. Пайшлі ў ход парашкі, якія на ўсялякі выпадак трымаем у запасе, і журавінавы морс.
Раніцай адчувала сябе камфортна, так і не зразумеўшы, чым выклікана ўчарашняя немач. Можа, у перыяд вясенняга авітамінозу арганізм так адрэагаваў на напружаны панядзелак?! Напісала калегам, што са мной усё ў парадку і заўтра буду на месцы. Мой энтузіязм не падтрымалі. Вердыкт кіраўніцтва – заставацца дома на ўвесь тыдзень. Што рабіць з гэтай нечаканасцю?
Вырашыла так: няхай аўторак будзе днём адгулу (іх з пачатку года ўжо шэсць набралася, самы час скарыстацца), а ў сераду прыступаю да працы ў звычайным рэжыме толькі за дамашнім ноўтбукам.

Дыстанцыйная праца
ў плюсах і мінусах

Першы плюс работы дома адзначыла, калі ў 6.00 празвінеў будзільнік. Куды спяшацца? Дайсці да дамашняга рабочага месца можна за некалькі секунд, у той час як шлях да рэдакцыі займае паўгадзіны. Аднак, атрымаўшы дадатковы час на сон, я пазбавілася неабходнай фізічнай актыўнасці.
Свой першы рабочы дзень дома пачала на паўгадзіны пазней. Пакуль праводзіла мужа на дзяжурства, паснедала, навяла парадак на кухні, гадзіннік паказваў 8.30. Дала сабе слова «затрымацца» да 17.30. Не падвяла.


Працуючы на тэкстам, самае важнае, каб думкі пайшлі. Гэта залежыць не столькі ад месцазнаходжання, колькі ад засяроджанасці і настрою на дзейнасць. Як сцвярджаў расійскі рэпарцёр Дзмітрый Сакалоў-Мітрыч, самае шкоднае слова для журналіста – натхненне. Бо ніякага натхнення не існуе, а ёсць творчае намаганне, якое можна прымяняць заўжды і паўсюль.


Набіраючы радкі, ацаніла яшчэ адзін плюс дамашняй працы. Гэта цішыня і спакой. Не прыспешвае здаваць матэрыял і «не грузіць» заданнямі рэдактар, не турбуюць тэрміновымі і не вельмі пытаннямі калегі, маўчыць тэлефон, не прыходзяць наведвальнікі, не заглядваеш лішні раз у стужку навін у сацсетцы пацікавіцца, куды дабраўся каронавірус, быццам яго ўвогуле не існуе.
Але дома ёсць свае фактары, якія адцягваюць увагу. Самым галоўным стала кошка Тося з яе непадробным інтарэсам да маёй працоўнай дзейнасці. Спачатку вывучала манітор, да камп’ютарнай мышкі была абыякавай, а шарыкавую ручку так і наравіла скінуць на падлогу. Заставалася сачыць, каб гэты пушысты камячок, захапіўшыся гульнёй, сам не зваліўся з нашага агульнага рабочага стала. Час ад часу перабівала думкі раўнамернае гудзенне халадзільніка, што даносілася з кухні. Даводзілася спраўляцца са спакусай зрабіць перапынак і паласавацца чым-небудзь смачненькім. Яшчэ складаней было адолець жаданне пайсці прагуляцца па вуліцы, дзе ярка свяціла сонца і дзьмуў прыемны вясенні вецер. Работа ёсць работа. Нават у дамашніх умовах. Тут самакантроль неабходны нават больш, чым на звычайным працоўным месцы.


За кароткі перыяд работы на адлегласці пераканалася, што правесці восем працоўных гадзін можна і за дамашнім ноўтбукам. З перапынкам на абед, падчас якога паспееш пачытаць цікавую мастацкую кнігу, зручна ўладкаваўшыся на канапе, або зрабіць хатнія справы, да якіх у звычайныя будні рукі даходзяць толькі ўвечары. Да таго ж рабочы час можна размяркоўваць, як самой зручней. Прыступаць да справы ў 9.00 ці ў 10.00, але тады і заканчваць пазней. Прадукцыйнасць працы і ступень стомленасці вечарам у цэлым аказаліся такімі ж, як і на традыцыйным рабочым месцы. Між тым на трэці дзень больш востра адчула недахоп руху. Уявіла, з якім задавальненнем пайду ў панядзелак у рэдакцыю пешшу тры кіламетры на абцасах. Захацелася нязмушаных размоў і жартаў з калегамі і нават новых заданняў ад рэдактара.

У якасці рэфлексіі

Нечаканы эксперымент з работай на адлегласці аказаўся цікавым і павучальным. Праца ва ўтульных умовах стала своеасаблівым выхадам з зоны камфорту і трэніроўкай сілы волі. Не ведаю, ці змагла б працаваць дома пастаянна. Можа быць. Гэта справа прывычкі. Аднак прыйшла да высновы, што найлепш займацца работай на непасрэдным рабочым месцы, а дома прысвячаць час сям’і, звычайным хатнім клопатам, захапленням і так далей.

Р.S.

Калі вам таксама давялося папрацаваць дома, падзяліцеся сваім вопытам. Чакаем званкоў на нумар 4 19 67.

Фота з альбома аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта