Авторизация
 

Час задумацца і рабіць высновы. Пасяджэнне каардынацыйнага савета прайшло ў Міёрах

 Маці з дачкой хаваліся ад п’янага бацькі-скандаліста ў бабулі. Падлетак, чыя маці не працуе і злоўжывае алкаголем, учыніў крадзеж. Навучэнец прафліцэя, што піў піва ў грамадскім месцы, наўрад ці атрымае вадзіцельскія правы. Гэтыя і іншыя сітуацыі разбіралі на сумесным пасяджэнні каардынацыйнага савета і камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. 

Прадстаўнікі служб, што ўваходзяць у склад каардынацыйнага савета і камісіі па справах непаўналетніх, сутыкаюцца з рознымі гісторыямі. Падобныя яны негатыўным адценнем і першапрычынай, што часта тоіцца ў алкагольных градусах. Да кожнай сітуацыі – індывідуальны падыход.

Сацыяльна небяспечнае
становішча азначае ўзмоцнены кантроль

– Будзьце ўдзячныя жонцы за тое, што яна за вас змагаецца, – наказваюць жыхару Новапагосцкага сельсавета.
Адрас гэтай сям’і добра знаёмы супрацоўнікам раённага аддзела ўнутраных спраў. На працягу некалькіх гадоў прыязджаюць уціхамірваць гаспадара. Апошні выклік быў сёлета ў студзені. Пасля стала ціха. Мужчына прайшоў лячэнне ад алкагольнай залежнасці і, як сам сцвярджаў, больш алкаголь не ўжывае. Можа быць, жонцы і дачцэ-старшакласніцы ўжо не давядзецца шукаць у бабулі паратунку ад яго п’яных выхадак. Між тым каардынацыйны савет прыняў рашэнне, згодна з якім становішча ў сям’і прызналі сацыяльна небяспечным. На працягу трох месяцаў за ёй, дакладней, за паводзінамі гаспадара, будзе асаблівы кантроль. З усім астатнім – матэрыяльнай забяспечанасцю, санітарным станам жылля і прыдамавой тэрыторыі, умовамі для дачкі-падлетка – усё ў парадку.


З гісторыяй 23-гадовай маці з Дзісны знаёміліся без галоўнай гераіні – на пасяджэнне не прыехала. Пра яе сітуацыю расказала дырэктар школы Таццяна Ромель. Маладая жанчына адна выхоўвае паўтарагадовага сына. Двойчы ў сям’і праводзілі сацыяльнае расследаванне. Падчас першага ўказалі на беспарадак у жыллі, адсутнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Не было дзіцячага харчавання. Маладая гаспадыня заўвагі выправіла. У другі раз высветлілі, што маці не паказвае дзіця медыкам, у хлопчыка мала вопраткі, заканчваецца запас паліва. Часам маці пакідала малога ў суседкі, якая злоўжывае алкаголем. На савеце вырашылі дапамагчы хлопчыку адзеннем, а ў сям’і аб’явіць сацыяльна небяспечнае становішча і ўзмацніць за ёй назіранне.


– Я дарослы чалавек!
Гэтую фразу 42-гадовая жыхарка райцэнтра за час прафілактычнай размовы паўтарыла некалькі разоў. Яе лад жыцця сведчыць пра іншае. Шлюб даўно скасаваны, не працуе, злоўжывае алкаголем, камунальныя паслугі за яе маці аплочвае. У самой 17-гадовы сын, які на той момант знаходзіўся ў следчым ізалятары за нядаўна ўчынены крадзеж. Бацька юнака таксама прыйшоў на пасяджэнне. З яго слоў, сыну дапамагае, падтрымлівае адносіны, хоць раней яму гэта забаранялі. Маці сцвярджае, што сын усім быў забяспечаны, не жадаючы ўсвядоміць простую рэч: матэрыяльны складнік мала чаго варты, калі страчана духоўная повязь. Каардынацыйны савет прызнаў сацыяльна небяспечнае становішча ў сям’і. Маці настойліва параілі працаўладкавацца і прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці.


– Я сама сябе ў рукі ўзяла, і ўсё ў мяне будзе добра, – сказала яна на развітанне.
Шматдзетная маці з Язна на пасяджэнне не з’явілася – спазнілася на аўтобус. Як паведаміла дырэктар Язненскай школы Людміла Жойдзік, на рабоце да жанчыны прэтэнзій няма, а наконт сямейнага ладу ўзнікалі пытанні. Падчас чарговага візіту гаспадыню і яе сужыцеля, які, дарэчы, нідзе не працуе, засталі ў нецвярозым стане. Запас прадуктаў мінімальны, для малодшай дачушкі – выхаванкі дзіцячага садка – харчавання ўвогуле не было. Дзяцей у сям’і чацвёра. Старэйшыя дочкі вучацца ў каледжы, сын – старшакласнік. Пасля таго візіту дарослыя сталі выпраўляць сітуацыю. Запасліся палівам і прадуктамі, прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Сям’ю паставілі на ўлік і будуць сачыць за далейшым развіццём сітуацыі. Дарэчы, статус сацыяльна небяспечнай яна атрымлівае не першы раз.

Знойдзенае піва
і даўнія даўгі

Двое братоў з Завуццеўскага сельсавета – «госці» камісіі па справах непаўналетніх. Адзін – дзесяцікласнік, другі – навучэнец прафесійнага ліцэя. На пасяджэнне прыехалі разам з бацькам.
Школьнік трапіў у поле зроку камісіі з-за позняй прагулкі.
– Сябра праводзіў, ён мяне папрасіў, – тлумачыць хлопец.


Здаецца, правапарушэнне нязначнае. Між тым за знаходжанне непаўналетніх па-за жыллём пасля 23.00 пакаранне нясуць іх бацькі. Артыкул 17.13 КаАП прадугледжвае папярэджанне або штраф да дзвюх базавых велічынь. Камісія вырашыла на першы раз папярэдзіць.


Са старэйшым братам сітуацыя больш складаная. 17-гадовы юнак знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх Полацкага РАУС (па месцы вучобы). Сярод спецыяльнасцей, якія атрымлівае ў прафесійным ліцэі, – вадзіцель. Ці будуць у яго правы, калі нядаўна затрымалі ў грамадскім месцы з півам? Два літры «Жыгулёўскага».
– Бутэльку я на вуліцы знайшоў. Толькі глыток зрабіў, – гаворыць ён.


Зразумела, у гэтую «казку» не вераць. Размаўлялі з хлопцам строга. Пакаралі штрафам у адну базавую велічыню і раілі ўсур’ёз задумацца над сваімі паводзінамі.


Выправіць сітуацыю з даўгамі перад дзіцячым садам і камунальнай службай неабходна міярчанцы. Наяўнасць запазычанасцей яна патлумачыла мноствам крэдытаў. Узнікае лагічнае пытанне пра ўменне граматна абыходзіцца з фінансавымі сродкамі. Пяцігадовага сына адвезла ў вёску да бабулі. Аднак дзіцяці трэба развівацца ў асяродку равеснікаў. Рэкамендацыі камісіі – вадзіць малога ў садок і разлічыцца з даўгамі. Дарэчы, нядаўна жанчына ўладкавалася на працу.

Фота для ілюстрацыі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта