Снова аист придет под окно в Блажках

 У жоўтай хаце пры ўездзе ў Блажкі па даўняй сялянскай завядзёнцы вокны сочаць за сонцам. І гаспадару, паколькі хваробы ног не дазваляюць далёка адыйсці ад парога, весялей глядзець на ярка асветленае наваколле. Чакае Георгій ГРАНОЎСКІ, што ваколіцу хутка ажывяць паляводы і агароднікі, усё зазелянее. А на яго сядзібе з’явіцца даўно знаёмы бусел, што і раней праз шыбіну любіў назіраць, чым займаецца чалавек перад блакітным экранам.

Вялікая бела-чорная птушка гняздуецца ў цэнтры вёскі, ля аўтобуснага прыпынку. Прывыкла да суседства людзей, вяскоўцы таксама з ёй ладзяць, таму ў пошуках спажывы бесперашкодна ходзіць не толькі па полі ці ўзбярэжжы Мерыцы, – вакол хат і па агародах. Можа зазірнуць у міску да якога сабакі, што ўспрымае яе візіты таксама дружалюбна.


Гняздо буслоў на старым дрэве па сваёй ініцыятыве даглядаў Уладзімір Анашка, найперш абразаў падрастаючыя галінкі, каб забяспечыць зручны падлёт птушкам. Але гэтага клапатлівага чалавека не стала, якім атрымаецца іх сёлетняе веснавое наваселле?
Пра Георгія Васільевіча наша раённая газета расказвала ў канцы мінулага года (публікацыя «Сведка перамен» у № 100 за 14 снежня). Ён – даўні брыгадзір і начальнік вытворчага ўчастка былога калгаса «Парыжская камуна», ардэнаносец. Ветэран працы мяркуе пра навакольнае жыццё па аповядах суседзяў і нашай раёнцы, а за падзеямі ў краіне і свеце сочыць на тэлеэкране. Пры гэтым заўсёды побач кот Шэрка, разбойнік у наваколлі і ціхі мурлыка ля гаспадара.


Так, тэлевізар для пажылога маларухомага чалавека становіцца істотнай часткай жыцця. Напярэдадні 75-годдзя Перамогі паболела перадач, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай. З імі звязаны і асабістыя, яшчэ дзіцячыя ўспаміны ў Георгія Васільевіча.
Чэрвень 1941-га ён сустрэў пяцігадовым хлопчыкам. Пачатак вайны запомніўся мноствам бамбавозаў з чорнымі крыжамі на крылах у паветры, што грузна ляцелі некуды на ўсход. Пачалася мабілізацыя мужчын, сярод якіх аказаўся і бацька Васіль Георгіевіч. З хатулём харчоў ён не паспеў далёка адысці – у Відзах мясцовае насельніцтва папярэдзіла навабранцаў, што ў Браславе, куды пешай калонай яны скіроўваліся, ужо знаходзяцца немцы.


Праз колькі дзён чужынцы з’явіліся і ў Падгайцах. Некалькі матацыклаў з кулямётамі і аўчаркамі рухаліся на Юнцы. Трэба ж такому здарыцца, што перад імі на дарогу, што ў некалькіх дзясятках метраў ад хаты, выбегла двухгадовая сястрычка Георгія. Старыя і малыя Граноўскія, сям’я была вялікая, стоячы на панадворку, здранцвелі ад жаху. Але матацыклы своечасова прыпыніліся, з пярэдняга выйшаў статны афіцэр у чысценькім мундзіры, падхапіў малую на рукі, прынёс яе бацьку, перад носам якога пасля кароткага і рэзкага выгавару на нямецкай мове патрос кулаком.


Потым немцы прыпыніліся ў Юнцах ля хаты Аляксандра Крука, якая выглядала лепш за іншыя, хаця і ў ёй зімой трымалі авечак. Перапужаныя гаспадары паспрабавалі частаваць нечаканых грозных гасцей, як бы сказалі цяпер, бутэрбродамі. Але тыя іх скармілі сваім сабакам.


Лёталі над гэтымі мясцінамі і савецкія самалёты, але па начах. Пасля іх заставаліся лістоўкі, якія заклікалі распачынаць супраць акупантаў партызанскую вайну. Захоўваць гэтыя паперкі было небяспечна, але сваё дзеянне яны рабілі.
Пад канец наступнага 1942 года партызаны з’явіліся і ў тутэйшых мясцінах. Да Граноўскіх заходзілі з цёмным і па адным, відаць, з атрада А. І. Канапелькі брыгады «Кастрычнік», што размяшчаўся бліжэй да Яльнянскага балота. Нярэдка пасля такіх візітаў бацька Васіль Георгіевіч запрагаў каня і ехаў у Міёры. Але падрабязнасці такіх дзеянняў засталіся невядомымі.


Толькі ў вёсцы чужыя сакрэты ведаюць усе. Нешта стала вядома і паліцэйскім. Яны наведаліся з суседніх Свярдлоў, спачатку запатрабавалі гарэлкі, потым паклалі гаспадара на ўслончык і ўзяліся «частаваць» гумай па спіне. Старая маці хацела ратаваць сына і звалілася з печы, ад чаго ўжо не ачомалася.


Наступная сустрэча ў Васіля Граноўскага з паліцэйскімі адбылася зімой, як вёз з лесу дровы. Западозрылі сувязь з партызанамі і ўсыпалі 25 бізуноў, пасля якіх месяц не мог ляжаць на спіне.
Адна з карных экспедыцый супраць партызан запомнілася малому Георгію тым, што непадалёку ахвярамі немцаў сталі два параненыя партызаны. Арсен Дзяменцьеў са Свярдлоў цудам уратаваўся з Беразвечча, расказваў, што цэлы дзень праляжаў у возеры, дыхаючы праз трысцінку.


Да набліжэння фронту ў 1944-м сям’я Граноўскіх падрыхтавалася: у садзе абсталявалі зямлянку-схованку. У ёй усе начавалі напачатку ліпеня. Калі савецкія войскі затрымаліся перад нямецкай абаронай у Мацюках, у гэтых прыгожых мясцінах прыпынілася афіцэрская кухня. Яе абслугоўвалі дзяўчаты-гаспадыні. Для іх за некалькі гадзін каваль Васіль Граноўскі вырабіў прыгожы і практычны нож. Напэўна, майстэрства абыходжання з гарачым металам паўплывала на далейшыя падзеі. Як адразу пасля вызвалення пачалася мабілізацыя, на фронт трапілі многія юнакі і мужчыны з наваколля. Разам з імі ваяваў каваль з Юнцаў Нікодым Бубіновіч, Васіль Граноўскі рамантаваў тэхніку і абслугоўваў вайсковыя часці ў Ветрына. Данілу Сцепулёнка з Падгайцаў пакінулі дапамагаць вяскоўцам адольваць ваенную разруху.
Такая далечыня бачыцца цяпер ветэрану праз вясновае акно.

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.