Кожны можа даць адчуць дзецям з сіндромам Дауна, што мы – роўныя, мы разам. Гэта проста. Усміхніцеся дзіцяці пры сустрэчы, пагуляйце з ім на пляцоўцы.
З музыкай, танцамі, гульнямі і ласункамі прайшло ў раённым цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі свята «Сонечныя дзеці». Прысвячалася мерапрыемства Сусветнаму дню чалавека з сіндромам Дауна, што адзначаўся 21 сакавіка.
Галоўныя ўдзельнікі свята – выхаванцы цэнтра, сонечныя дзеткі. Яны стварылі атмасферу радасці і цеплыні.
Завіталі ў госці героі любімых кніг – Карлсан і Нязнайка. Іх вобразы прымерылі на сябе выхавацелі Марыя Трубач і Святлана Рубанік. Разам з дзеткамі танцавалі, весяліліся, частаваліся мядовымі пернікамі «Смайлікамі». Яшчэ ў падарунак – жоўтыя і сінія паветраныя шары.
Удзячны педагогам і работнікам цэнтра, дырэктару Вользе Мілашэвіч, якія дапамаглі зрабіць свята яркім і запамінальным. Асобныя словы ўдзячнасці – бацькам нашых выхаванцаў за іх увагу і клопат, дабрыню і любоў, што дораць сваім дзеткам.