Размова з дырэктарам УП ЖКГ Ігарам ВОЙТАВЫМ пачалася з пераліку шырокага фронту работ, на якіх заняты яго падначаленыя. Гэта ўтрыманне, рамонт і ацяпленне жылля, абслугоўванне цеплатрас; збор, вываз, сартаванне, утылізацыя і захаванне бытавых адходаў; добраўпарадкаванне населеных пунктаў, што прадугледжвае рамонт дарог і тратуараў, вулічнае азеляненне і асвятленне, уладкаванне двароў; прадастаўленне паслуг лазні, гасцініцы, рытуальных; транспарт і нарыхтоўка паліва.
Пералік не надта дакладны, пры тым дзейнасць прадпрыемства ахоплівае ўвесь раён. Сіл хапае?
– Калектыў камунальнікаў даволі вялікі. Сярэдняспісавая колькасць работнікаў па выніках мінулага года – 263 чалавекі. У асноўным у нас працуюць вопытныя работнікі, спецыялісты сваёй справы. Падкрэслю, што наша галіна складаная, патрабуе не толькі тэхнічнага вопыту і ведаў, матэрыяльнага забеспячэння, але і ўмення наладжваць стасункі з людзьмі. Такіх спецыялістаў у нас шмат, назаву некалькіх. Невыпадкова пачэснае званне «Чалавек года Міёршчыны» ў намінацыі «Будаўніцтва і жыллёва-камунальная гаспадарка» прысвоена Анатолю Станкевічу – вадзіцелю пагрузчыка. Кампетэнтныя ва ўсіх вытворчых пытаннях начальнік планава-эканамічнага аддзела Галіна Лісаковіч і яе памочніца Ніна Севасцьянава. Паспяхова асвойвае новыя падыходы, згодна з Указам № 16 аб удасканаленні абыходжання з адходамі майстар Аляксандр Федуковіч. Старанна выконваюць свае абавязкі слесар-сантэхнік з Язна Мікалай Ледаховіч, вадзіцелі Генадзь Майсяёнак з Дзісны і Яўген Гедравец з Міёр. Сапраўдныя спецыялісты – электразваршчык Анатоль Валынец з Дзісненскага ўчастка і электраманцёр Віктар Жабёнак з Міёр.
На добраўпарадкаванні вызначаюцца Леанід Пяткевіч, Мікалай Рагацень і Ілона Маскалькова, на лесанарыхтоўцы – Сяргей Басакоў, на дрэваапрацоўцы – рамшчык Мікалай Прышывалка, на пасту дыспетчара – Станіслаў Федуковіч, на будаўнічых работах – муляр Мікалай Мізер, рамонтных – Яўген Наркевіч, абслугоўванні цеплавых сетак – Аляксандр Драба, транспартных работах – трактарыст Аляксей Смерцьеў, у гасцінічных справах – Юлія Лабунька.
З апорай на такі актыў прадпрыемства выконвае сацыяльныя стандарты і нарматывы па жыллёва-сацыяльных паслугах. Летась выручка ад рэалізацыі работ, паслуг склала 6 132 тысячы рублёў, а на аднаго работніка – 23 405 рублёў, што больш за паказчык папярэдняга года. Магло быць больш, але нас, як ні дзіўна, падвяла незвычайная зіма – цяпла на ацяпляльны сезон запатрабавалася менш. Таму атрымана толькі 20 тысяч рублёў чыстага прыбытку. Хаця і пры такім выніку павялічылі заробак сваім работнікам на 8,2 %.
На добраўпарадкаванні населеных пунктаў зарабілі 709,3 тысячы рублёў. гэта найперш навядзенне парадку ў райцэнтры і Дзісне, абкошванне газонаў, абрэзка кустоў і дрэў, афармленне клумб, падсыпка і грэйдаванне вуліц сектара індывідуальнай забудовы – 35,8 км у Міёрах і Дзісне. У райцэнтры выразалі аварыйныя дрэвы на вуліцы Камуністычнай і на паўвостраве. Паўсюдна наво- дзілі парадак на могілках, міні-палігонах. Многія работы выконвалі на конкурснай аснове.
Дадатковыя платныя паслугі юрыдычным асобам і насельніцтву прынеслі 117,8 тысячы рублёў.
За мінулы год прадпрыемства замяніла 1 319 метраў цеплатрас, капітальна адрамантавала дом № 2 па вуліцы Дзяржынскага ў Міёрах. Наша будаўніча-рамонтная брыгада даводзіла да ладу жыллё ў райцэнтры, Дзісне і Язне: аднаўляла дахі, мяняла дзверы і аконныя блокі, займалася свяцільнікамі, комінамі над стрэхамі, адмосткай, тынкоўкай, дваравымі прыбіральнямі і іншым. Нібы дробязі, але пацягнулі на 63,5 тысячы рублёў.
Што «ў партфелі» УП ЖКГ на сёлета?
– Калі гаварыць наогул, будзем прадастаўляць насельніцтву і юрыдычным асобам тыя ж жыллёва-камунальныя паслугі, прадуглежаныя сацыяльнымі стандартамі. Толькі ўзмацняюцца патрабаванні да павышэння іх якасці і памяншэння выдаткаў пры выкананні. Будзем забяспечваць рост прадукцыйнасці працы за кошт мадэрнізацыі вытворчасці, найлепшай арганізацыі абслугоўвання, запушчаны механізм выканання даве- дзеных планава-разліковых цэн. За год прадпрыемства павінна паменшыць выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі на 60,5 тысячы рублёў. Заданнем прадугледжана скараціць расходы пры аказанні паслуг насельніцтву не менш чым на 2 %, знізіць страты цяпла да 10 %. Пры тым плануецца замяніць 1,6 км старых цеплавых сетак. Ужо рыхтуецца да рамонту дом № 1 па вул. Дзяржынскага ў Міёрах. Неабходна заказваць праектную дакументацыю на капітальны рамонт жылля ў райцэнтры (Камуністычная, 48 і 62), Дзісне (Кірава,8), Язне (Зоркавая,1). Толькі на гэта патрэбна 413,3 тысячы рублёў.
Прадоўжыцца азеляненне нашых гарадоў, напрыклад, паболее дэкаратыўных вечназялёных дрэў ля касцёла ў Міёрах. Месцы іх пасадкі ўжо падсыпаны.
Плануецца ўзвядзенне кацельні на шчапе ў Язне.
Асабліва вялікія перамены звязаны з рэалізацыяй указа па ўдасканаленні абыходжання з адходамі. Яны маюць дачыненне не толькі да пашырэння сеткі збору цвёрдых бытавых адходаў, найперш размова ідзе пра паасобны збор, павелічэнне аб’ёмаў сартавання смецця з мэтай выдзялення другасных матэрыяльных рэсурсаў. Як вынік, з 13 цяперашніх міні-палігонаў у недалёкай будучыні мяркуецца закрыць дзевяць, ліквідацыю Канахоўскага ўжо пачалі. Задумваемся і пра будаўніцтва ў гэтай пяцігодцы завода па перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў.
Займаемся не заўсёды бачнай, але вельмі патрэбнай для людзей, запатрабаванай грамадствам справай. Важна, каб яна прыносіла не толькі маральнае задавальненне, але і павагу заказчыкаў і ўсяго насельніцтва.
Фотаматэрыял аўтара і з архіва рэдакцыі.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.