Авторизация
 

Праблемы здыме дыялог. Дзень інфармавання ахапіў Завуццеўскі сельсавет

 Справіцца з праблемай прасцей на месцы, дзе яна ўзнікла, дзе патрэбы і клопат мясцовага насельніцтва вядомыя лепш за ўсё. І гэта разумеюць не толькі прадстаўнікі раённай улады, але і некаторыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. 

Людзі
клопат любяць

У Дзень інфармавання старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў сустрэўся з калектывам ААТ «Папшулі». Адразу звярнуў увагу, што тут умеюць цаніць час і працаваць на вынік. Дзякуючы гэтаму гаспадарка палепшыла матэрыяльнае становішча. Надой – звыш сямі літраў на карову. Немалы прыбытак ад мяса. Адсюль і грошы на заробак, які выдаюць у тэрмін. Разлічыліся па даўгах, аплачваюць паслугі. Падрыхтаваліся своечасова да тэхагляду. Будуць і неабходныя ўгнаенні для правядзення вясенне-палявой кампаніі.


Добрыя вытворчыя паказчыкі ў ААТ «Папшулі» залежаць і ад мэтанакіраванай работы з людзьмі. У любы час можна звярнуцца да дырэктара Васіля Кухцінскага. На яго думку, уладкоўваць справы людзей трэба самім, не чакаючы вынасу на агульны агляд. Такі падыход сябе апраўдвае: не ўзнікае скарг, настрой на ўздыме, стараюцца. І пасяўную гатовы правесці ў аптымальныя тэрміны, як запатрабаваў кіраўнік раёна. Загарнуць у глебу яравыя зерневыя культуры неабходна за 14 дзён, затым брацца за кукурузу, рапс. Пэўная ўвага на арганізацыю працы, эканомію паліва і іншых рэсурсаў. Папшулёўскія працаўнікі цвёрда ўсведамляюць, што ад якасці правядзення вясенняй кампаніі залежыць наступная работа ўсяго аграпрамысловага комплексу.


 З калектыву да кіраўніка раёна адзіная просьба. Галоўны інжынер Уладзімір Кухцінскі заўважыў, што сяльгаснікі маюць патрэбу ў дапамозе спецыяліста па дыягностыцы сучаснай тэхнікі. Якая была б эканомія часу, каб пры дапамозе электронных прыбораў і светлай галавы хутка і дакладна ўстанаўлівалі від і аб’ём рамонтных работ. Можна пазбегнуць і неабгрунтаванай разборкі.
Старшыня райвыканкама пастараецца штосьці зрабіць. Для яго няпростых задач не існуе. У тым пераканаўся лесавод Канстанцін Світо. Усё не вырашалася праблема па бездаражы да Курляндзікаў, дзе жыве з сям’ёй. Звярнуўся на прамую лінію райвыканкама. Аператыўна дарогу падрамантавалі. хутаранін задаволены і шчыра ўдзячны.

Пра набалелае
праз коску

Гатовы былі людзі і да адкрытага дыялогу з удзельнікамі інфармацыйных груп. Абмяркоўвалі праблему распаўсюджання каронавіруснай інфекцыі і меры прафілактыкі. Гаварылі пра небяспеку выпальвання сухой расліннасці і адказнасць за такія дзеянні.
У Малькавічах вяскоўцы цікавіліся магчымасцю заключыць дагаворы на цэнтралізаваны вываз смецця. Вясеннія ўборкі прыдамавых тэрыторый, абрэзка дрэў для многіх традыцыя. Трэба спарадкаваць непатрэбнае. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава прапанавала камунальнай службе далучыць да кліентаў паслугі і жыхароў Лыскі, дзе таксама няма куды падзець адходы жыццядзейнасці.


Ад вяскоўцаў з Салаўёў адзіная просьба: адрамантаваць каля 30 метраў непраезнага ўчастка дарогі з Донек да Чарапоў. Даводзіцца наймаць у гаспадарцы каня, каб даставіць малако на пункт збору малаказборшчыка.
У цвецінцаў пытанняў шмат. Дзіцячая пляцоўка, якую перанеслі ад школы ў двор культустановы, не агароджана, але зайсці на яе тэрыторыю неяк. З трох бакоў акаймавана вадой, з чацвёртага – непралазныя каляіны. Сёлетняе багацце асадкаў падкінула дарожных праблем. І на мясцовыя могілкі даезду няма.


 Эксплуатуючы ведамаснае жыллё, людзі не лічаць патрэбным падтрымліваць яго ў парадку. Таму няма каму рамантаваць аварыйны дах на гаспадарчай пабудове па вуліцы Заходняй у Цвеціне. Засмучае мясцовых жыхароў, што ў іх магазіне рабочы дзень толькі да 17.00. Просяць яго падоўжыць.
Мікалая Нарэйку турбуе лёс лініі электраперадач, над якой пагрозліва навісае аварыйнае дрэва. Пра тое неаднара- зова паведамляў у электрасеткі – пакуль не адрэагавалі.


У Ірыны Субач просьб назбіралася на пісьмо, якое перадала кіраўніку раёна. У пераліку выдаленне аварыйных дрэў ля ўчастка з трох бакоў, яго меліяратыўнае асушэнне, вулічнае асвятленне...
У Малінаўцы не могуць упаляваць аўталаўку. Нестабільны графік прыбыцця патрабуе быць хуткімі на нагу, што для многіх ужо праблематычна. У Кухаронках крыўдзяцца, што купляюць не заўсёды свежы хлеб, пра што сведчыць і смак, і дата вырабу на этыкетках. Пытанні папоўнілі пратакол даручэнняў.

З параднага боку
і на заднім двары

Трылогія пад знакам Года малой радзімы працягвае рэалізоўвацца. Трэба папрацаваць так, каб не засталося плям безгаспадарлівасці на прыгожай роднай зямлі. Такая задача кіраўніка дзяржавы. Што маем на мясцовым узроўні?
На мінулым тыдні рэйдавыя групы райвыканкама вызначалі ступень ініцыятывы насельніцтва Завуццеўскага сельсавета падпарадкоўвацца ўсеагульнай тэндэнцыі. Тут радуючыя воку перамены на абочынах: шырокім фронтам вядзецца работа па высечцы кустоў. Гэтым актыўна займаюцца мясцовыя жыхары з дазволу сельсавета. Прыкмецілі нямала дагледжаных домаўладанняў, дзе адчуваецца рука гаспадароў. Машынны двор узорнага парадку ў СУП «Цітова», адрозніваюцца палепшаным санітарным станам яго фермы.


На жаль, з эстэтычнага абшару вылучаюцца і астравы безнадзейнасці, дзе за работу не браліся. У Румполлі, Завуцці, Папшулях прыпісаліся несанкцыянаваныя звалкі. Прычым навідавоку, па-суседстве з вытворчымі аб’ектамі, сацыяльнай сферы. У Лысцы пачалі высякаць лазняк, ужо амаль без смецця супрацьлеглая ад дамоў абочына. Але ж парадак трэба падтрымліваць, як гэта робіць дбайная гаспадыня ў сваім доме. Шмат дзе патрабуюць рамонту агароджы на могілках. Чакаюць афарбоўкі кантэйнеры для смецця.
Старшыня райвыканкама запатрабаваў больш эфектыўнай работы сельсавета з насельніцтвам, каб не было такіх кантрасных пейзажаў. Усе службы павінны працаваць на вынік. А не ад выпадку да выпадку. Тады не давядзецца, у сілу нашага менталітэту, спачатку ствараць цяжкасці з-за свайго бяздзеяння, а пасля гераічна іх пераадольваць.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 14 мая 2021
Герасим, Ефим, Игнатий, Макар, Нина, Тамара

Именины 13 мая 2021
Василий, Игнатий, Климент, Максим, Никита, Яков, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта