Авторизация
 

Больш за тыдзень доўжыўся самы лепшы дзень. Конкурс творчасці ахапіў бальніцу ў Міёрах

 «Найлепшы дзень – 8 Сакавіка». Конкурс творчых работ пад такой назвай з 5 па 13 сакавіка праходзіў у цэнтральнай раённай бальніцы. Медработнікі, іх дзеці і ўнукі падрыхтавалі арыгінальныя вырабы ў розных тэхніках. 

Вышываныя карціны, вязаныя кошыкі з кветкамі, яркія папяровыя букеты, разнастайныя паштоўкі і яшчэ шмат розных работ прадаставілі ўдзельнікі.


– Ладзіць конкурсы рукадзелля, прымеркаваныя да святочных дзён, – добрая традыцыя ў нашай установе. Сярод медработнікаў шмат таленавітых людзей, радуюць творчымі поспехамі іх дзеці і ўнукі, – заўважае старшыня прафсаюзнай пярвічкі Святлана Карпеза. – І на гэты раз здзівілі. Паглядзіце, якая прыгажосць!


Як не пагадзіцца, любуючыся на шыкоўны фруктовы букет, што змайстравала Дзіна Кавалёнак з Язненскай участковай бальніцы. Прыемным водарам і рознакаляровай глазурай вабіць букет мядовых пернікаў, які прыгатавала сястра-гаспадыня тэрапеўтычнага аддзялення Алена Казачонак.
– Ідэю падказаў інтэрнэт, а на яе ўвасабленне спатрэбілася чатыры дні. У першы цеста замясіла, на другі – выпекла пернікі, на трэці – размалявала, на чацвёрты букет склала, – расказвае аўтар. – Дарэчы, тэрмін прыдатнасці ласунка 21 дзень. Таму пасля завяршэння спаборніцтва можна будзе частавацца.


Супрацоўніца паліклінікі Марыя Батура вязаны кошычак з цюльпанамі таксама ўбачыла ў інтэрнэце. За два вечары падрыхтавала конкурсную работу. Вязанне – любімы занятак. Цацкі ручной работы дорыць блізкім і сябрам. Лёгка валодае спіцамі і яе пятнаццацігадовая дачка Ганна, а на конкурс прадаставіла вышыванку.


Умелыя рукі ў медсястры хірургічнага аддзялення Анжалікі Альшаускіс. Расказала, што захапляецца шыццём цацак-цільда. Майструе букеты з гафрыраванай паперы. Букецік жоўтых руж міла глядзеўся на дэкаратыўнай драўлянай падстаўцы.
Цікавыя работы ў Валерыі Сцефановіч з фізіятэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі.


 – Рукадзеллем я з дзяцінства займаюся. Гадоў пяць – шэсць таму захапілася дэкорам з атласных стужак. Разам з ажурнай тканінай яны паслужылі матэрыялам для дэкаратыўнай дзіцячай калыскі, – расказвае майстрыца. – У акушэрскім аддзяленні працуе мая свякроўка. Папрасіла дапамагчы што-небудзь на конкурс зрабіць. Першыя асацыяцыі – маленькія дзеткі і калыскі. Так з’явілася ідэя. Падчас работы да канца не ведала, што атрымаецца. Вынік парадаваў. Яшчэ зрабіла магніцік у выглядзе лічбы 8.
Актыўнічалі ў конкурсе дзеці і ўнукі медыкаў.


– Гэты пернікавы домік зрабіла мая дзесяцігадовая ўнучка Каця. Малайчына яна ў мяне, – радасна паказвае на сімпатычны сувенір намеснік галоўнага ўрача Святлана Бірукова.


Прыемны сюрпрыз фельчару хуткай дапамогі Ліліі Батарчук падрыхтаваў сын-старшакласнік Аляксандр.
– Прапанавала яму паўдзельнічаць у конкурсе. Пакуль на рабоце была, справіўся з задачай, – расказвае яна. – Напісаў віншавальнае пісьмо, зрабіў дэкаратыўную шкатулку, якую запоўніў папяровымі стужкамі, на кожнай з якіх напісаў, за што ўдзячны маці. Такое віншаванне кранула душу.


Больш за тыдзень рукатворная прыгажосць радавала медыкаў. У вольную хвілінку забягалі ў актавую залу палюбавацца на конкурсныя работы, пацікавіцца, што новага з’явілася.
У розных намінацыях журы вызначыла найлепшыя вырабы, аўтары якіх атрымалі ўзнагароды.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 июня 2021
Александр, Алексей, Иван, Кирилл, Рафаил, Мария, Марфа, Марианна, Фекла

Именины 21 июня 2021
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта