Здольнасць да рукадзелля хоць не прапісаная ў службовых абавязках, але вельмі патрэбная якасць для таго, хто працуе з дзецьмі. Загадчыца Міёрскага яслі-сада № 1 Нэлі Сініца ўмее шыць і вязаць, пляце арыгінальныя вырабы з газетных трубачак і стварае букеты з цукерак.
«Раблю тое, што люблю, і люблю тое, што раблю», – акрэслівае Нэлі Сініца прафесійнае і творчае крэда.
Пышны букет папяровых кветак і плеценыя вырабы ўпрыгожваюць рабочае месца Нэлі Сініцы. Кабінет загадчыцы яслі-сада № 1 яна заняла мінулым летам. Да гэтага 27 гадоў працавала выхавацелем у яслі-садзе № 2. Стварала ў групе яркі цікавы дэкор, асновам творчасці вучыла дзетак.
– Педагог дашкольнай адукацыі павінен шмат чаго ўмець рабіць сваімі рукамі, – заўважае Нэлі Францаўна. – Мне падабаецца ручная работа. Бываючы на «Славянскім базары», доўга гуляю па горадзе майстроў, любуючыся адмысловымі вырабамі. Гэта ўздымае настрой і дорыць натхненне.
У мінулым годзе майстрыца ўпершыню паказала свае работы шырокай публіцы на фестывалі «Перабродская зорка». Гэта былі шкатулкі і кошыкі, плеценыя з газетных трубачак.
– Такім відам рукадзелля захапілася гадоў сем таму, – расказвае субяседніца. – Дома шмат вырабаў з трубачак. Спляла ключніцу, хлебніцу, талерку для гародніны. Кнігі па пляценні не гартаю і майстар-класы не гляджу. Па-першае, час на гэта траціць шкада. Па-другое, нейкім чынам сама ведаю, як зрабіць той ці іншы выраб. Працэс пляцення – адпачынак, гатовая рэч – крыніца радасці.
Работамі майстрыцы любуюцца калегі, сябры і блізкія. Дарослыя дзеці – Сяргей і Наталля – са сваімі сем’ямі частыя госці ў матуліным доме. Штораз іх чакае смачна накрыты стол. Каб усім хапіла хрусткіх гарачых дранікаў, гаспадыня смажыць іх адразу на трох патэльнях. Трохгадовай унучцы Сонечцы даспадобы пірагі з карыцай.
Ля пліты Нэлі Францаўна таксама любіць паэксперыментаваць. Аднак свае кулінарныя знаходкі і поспехі чымсьці асаблівым не лічыць. На яе думку, гатаваць смачна і з творчым падыходам кожная гаспадыня ўмее.
Напэўна, талент да рукадзелля ў кожнай жанчыны ёсць. Толькі не ва ўсіх праяўляецца ярка і рознабакова. Акрамя пляцення з трубачак, Нэлі Сініца захапляецца шыццём, вязаннем, пэчворкам. Кажа, магла б і чаравікі прашыць. Гэтаму навучылася ў свайго таты – майстра па абутку, з якім у дзяцінстве любіла хадзіць на працу ў камбінат бытавога абслугоўвання.
Рукадзеллю загадчыца садка прысвячае вольны час, запас якога не вельмі вялікі. Для фону ўключае тэлевізар. Але наўрад ці змагла б пераказаць сюжэт фільма ці змест тэлеперадачы. Думкі – у руках, занятых захапляльным працэсам, за якім неўпрыкмет ляцяць гадзіны. Вынікі работы пасля доўга цешаць позірк і душу.
Фота з уласнага архіва Нэлі СІНІЦЫ.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.