Авторизация
 

"Жанчыны года Міёршчыны-2019"

 На Миорщине присвоили звание женщин года.

 Галіна БУНТА – майстар змены льнозавода. На прадпрыемства міярчанка прыйшла 27 гадоў таму выпускніцай сярэдняй школы. Асвоіла ўсе прынцыпы і механізмы фізічна складанай і шумнай работы. Цяжкасці толькі загартавалі яе. Дзякуючы працавітасці і адказнаму стаўленню да справы даслужылася да майстра змены.
Жыццёвая энергія, якую Галіна Анатольеўна чэрпае ў любімай справе, дазваляе быць светлай у душы. У яе падпарадкаванні калектыў, пра які не скажа дрэннае. Патрабавальная, але тактоўная і ўважлівая да кожнага. Заўсёды падтрымлівае маладых. Дружна стараюцца выканаць план і даць на выхадзе добра апрацаванае валакно, якое паступіць на іншыя прадпрыемствы краіны, дзе з яго пашыюць славутыя беларускія льняныя вырабы.
Пасля работы адпачывае дома з сям’ёй. Дочкі ўжо выраслі. Старэйшая Юлія летась закончыла Мінскі БДЭУ па спецыяльнасці палітолаг-менеджар. Вольга вучыцца ў Полацкім эканамічным каледжы. Будзе бухгалтарам-эканамістам. Дзяўчаты наведваюцца часта. Матуля балуе іх смачнай выпечкай, да якой ахвочы і тата. Камфортна дамачадцам у вязаных пруткамі рэчах. Гэта хобі Галіны, як і догляд за кветкамі.

 Святлана САЧЫЎКА – загадчык склада СУП «Цітова».  Неардынарная, аптымістычная, таленавітая. Так характарызуюць Святлану Пятроўну калегі ў СУП «Цітова», дзе працуе з 2000-га года. Дзякуючы адказнаму спецыялісту складскі ўлік тут дакладны і якасны.
Пачынала ў гаспадарцы загадчыкам зернясклада. Па адукацыі прадавец, на той час ужо мела пэўны вопыт у прафесіі, што дапамагло ў кароткія тэрміны засвоіць спецыяльныя веды, як прымаць, захоўваць і выдаваць матэрыяльныя каштоўнасці. Асноўныя абавязкі працяглы час сумяшчала з ідэалагічнай работай. Летась яе выбралі старшынёй прафкама. Актыўная жыццёвая пазіцыя дапамагае спраўляцца і з пачэснай місіяй дэпутата Завуццеўскага сельсавета.
Важнае месца ў жыцці Святланы займае сям’я. Дома цёпла і ўтульна, поплеч надзейны муж. І на рабоце непадалёк – ён трактарыст-машыніст СУП «Цітова». Дружна вядуць падсобную гаспадарку, за яе кошт папаўняюць сямейны бюджэт. Галоўны стымул у жыцці – дочкі. Выраслі разумныя і працавітыя. Абедзве скончылі Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Старэйшая Кацярына працуе ў міёрскім філіяле «Віцебскводаканала» майстрам цэха водазабеспячэння. Малодшая Алена – інжынер у філіяле «Трэст Белтрансбуд».

 Людміла КІСЯЛЕЎСКАЯ – фельчар старшы аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Міёрскай ЦРБ. Яе крэда: «Мая сям’я – мае крылы за спінай, якія немагчыма абламіць. Мая сям’я – маё дыханне, якое немагчыма спыніць. Мая сям’я – мая надзея, якую не адняць. Мая сям’я – мой сэнс, які ні за што не згубіць!»
Дома ў Людмілы пануюць павага і ўзаемаразуменне. З мужам Андрэем, цяпер ужо пенсіянерам МНС па выслузе гадоў, выхавалі дзвюх дачок. Яны, як і мама, будуць лячыць людзей. Старэйшая Вікторыя – студэнтка Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта, малодшая вучыцца ў медкаледжы. Кісялеўскія любяць актыўны адпачынак. Часта падарожнічаюць, каб адкрыць для сябе цікавыя мясціны, самабытныя краіны. Дома займаюцца садоўніцтвам. З вясны да восені красуюць кветкі гаспадыні. Гатуе яна вытанчаныя кулінарныя стравы.
З пазітыўным настроем, дабрынёй і клопатам ідзе Людміла на работу ў аддзяленне хуткай дапамогі. Тут яна старшы фельчар вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Так званы мульціспецыяліст: гатовы спачуваць, прымаць граматныя медыцынскія рашэнні ў экстраннай сітуацыі, умела накіроўваць дзейнасць калектыву. На пасту звыш 20 гадоў. Ведаюць і любяць яе ўдзячныя пацыенты. Цэняць калегі.

 Ала МІТРАФАНАВА – настаўнік англійскай мовы Міёрскай СШ № 2. Характарызуецца высокім узроўнем прафесійнай кампетэнтнасці. За 28 гадоў педагагічнай дзейнасці адносіны з вучнямі складваліся толькі найлепшыя. Ала Іосіфаўна цэніць як асобу кожнага, у адказ адчувае павагу і зацікаўленасць прадметам. Часта ўрок набывае форму дзелавой гульні, ток-шоу, дыскусіі, круглага стала. Станоўчы эфект пацвярджаецца дасягненнямі вучняў на алімпіядах, канферэнцыях, у конкурсах. Самыя старанныя ўзнагароджаны дыпломамі ўсіх трох ступеняў на абласным этапе Фестывалю міжкультурных камунікацый. Таленавітага педагога цэняць калегі. Умела кіруе яна школьным і раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў замежнай мовы.
У Алы Мітрафанавай дружная сям’я. Муж – слесар на мясакамбінаце і на- дзейная падтрымка дома. Дочкі выраслі. Вікторыя пасля заканчэння Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта засталася працаваць на кафедры батанікі. Дзіяна вывучае мовы па спецыяльнасці «Камунікацыі ў бізнесе» ў Беластоцкім універсітэце. Найлепшая сяброўка і мудрая дарадчыца для Алы мама Любоў Касцюкевіч. Не толькі прафесійная справа, але і захапленне – падарожжы. Яшчэ захапленне – кнігі. Настольная – Біблія, дзе чэрпае адказы на ўсе пытанні.

 Раіса НАЛІВАЙКА – загадчык Істаўскага сельскага клуба. У прафесіі культработніка з 1992 года. Дорыць прыемныя моманты і сама атрымлівае асалоду ад сцэны. Дзякуючы гэтаму лёгка асвойваюцца новыя метады работы, што вабіць вяскоўцаў. Пры сельскім клубе не проста створаны, а паўнацэнна дзейнічаюць чатыры гурткі і аматарскае аб’яднанне «Сударушка». Яго ўдзельніцы выступаюць, дапамагаюць шыць сцэнічныя касцюмы, падтрымліваць у парадку тэрыторыю ўстановы.
Раіса Іванаўна сябруе з носьбітамі аўтэнтычнага фальклору. Дзякуючы гэтаму адраджаюцца мясцовыя песні і танцы, народныя і хрысціянскія святы і абрады. Каштоўны матэрыял – галоўны ў рэпертуары народнага фальклорнага калектыву «Іставіца». Ён яднае жанчын паважанага ўзросту. Рэпеціруюць і выступаюць з вялікай ахвотай, у чым значная заслуга мастацкага кіраўніка.
Паспяховасць у прафесіі не перашкаджае Раісе Іванаўне заставацца берагіняй сямейнага ачага, быць клапатлівай дачкой, вернай жонкай, любячай маці. Яе муж заўзяты рыбак. Сама ж больш любіць збіраць ягады. Яшчэ шмат чытае, спявае ў царкоўным хоры. Дачка Ганна студэнтка БНТУ, вучыцца на факультэце водазабеспячэння. Да паступлення і яна заўсёды выступала на сцэне роднага Істаўскага клуба.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта