Адзначаць сваё 80-годдзе Вера Іванаўна не планавала. Прыемным сюрпрызам стала запрашэнне на ўрачыстасць з нагоды юбілею Міёрскага раёна. На дабрабыт роднага краю жанчына сумленна працавала шмат гадоў.
– На свята ў Міёры ехаць не вельмі хацела, дзеці ўгаварылі. Рада, што там пабыла. Канцэрт вельмі спадабаўся. Мне ўручылі букет і падарунак. Удзячна райвыканкаму за цудоўны сюрпрыз, – прыгадвае Вера Іванаўна нядаўнія падзеі.
У жыцці Веры Кабяк няшмат было ўрачыстасцей. Кажа, каляндарныя даты за паўсядзённай працай доўга святкаваць не выпадала.
36 гадоў Вера Іванаўна адпрацавала даяркай у калгасе імя Пушкіна (цяпер КУП «Язна»).
– Спачатку кароў рукамі даілі. Тройчы на дзень. У гурце – па 18 – 20 галоў. Кармы самі раздавалі, – расказвае субяседніца. – Работу па сумленні выконвалі. І ў думках не было, каб не прыйсці на працу ці зрабіць яе абы-як. Выхадных не мелі. Аднойчы збіраліся на экскурсію ў Хатынь, дык брыгадзір адпускаць не хацеў. Маўляў, хто працаваць будзе. Усё-такі паехалі. І ў санаторыі адпачыць пашанцавала. Мне рукі вельмі балелі, працэдуры з лекавай гразёй пайшлі на карысць. Цяжка на ферме, аднак лёгкай работы не бывае.
Дзень у даяркі пачынаўся ў чатыры гадзіны раніцы. Спаць клалася апоўначы, а то і пазней. Справіўшыся на ферме, бралася за справы па ўласнай гаспадарцы. Разам з мужам Аркадзем Іванавічам даглядалі агароды і гадаванцаў на падворку – каня і карову, авечак, курэй. Ва ўсіх справах былі памочнікамі сыны Іван і Мікалай.
– Хацелася жыць, каб усё мець. Для гэтага трэба працаваць, – заўважае Вера Іванаўна.
Спраўляцца з нялёгкай фізічнай работай, з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі яна вучылася з дзяцінства. Ваеннага ліхалецця не памятае, маленькай была. Прыгадвае, што мама расказвала, як хаваліся ў кустах ад самалётаў, а тата ўспамінаў, як аднойчы куля трапіла ў аконную шыбу.
Дзяцінства равесніцы раёна прайшло ў вёсцы Альхоўка, што ў язненскіх ваколіцах. Веры было пяць гадоў, калі не стала маці. Тата выхоўваў яе з братам Пашам адзін, пасля зноў ажаніўся. За два кіламетры дзяўчынка хадзіла ў пачатковую школу ў вёску Багуцкія. Завіхалася дома па гаспадарцы. Спяшалася на работу да бацькі – ён быў конюхам у калгасе, каб дапамагчы гной вазіць. Працавала на нарыхтоўцы торфабрыкету.
– Юнацтва маё хоць і ў цяжкай працы праходзіла, але вясёлым было, – кажа субяседніца. – Убораў дзяўчаты не мелі. Адна сукенка – і хопіць. Калі дзве – ты багатая. Мяняліся з сяброўкамі адзеннем. Ладзілі танцы пад гармонік, Цярэшку жанілі. Цяпер людзі аддаліліся адзін ад аднаго, не збіраюцца разам пагутарыць і павесяліцца.
Замуж Вера Іванаўна выйшла ў дваццаць. Муж таксама быў сумленным работнікам калгаса, якому аддаў 45 гадоў. Жылі згодай і працай, паспелі сустрэць 56-ю гадавіну з дня нараджэння іх сям’і. Тры гады як Аркадзя Іванавіча не стала.
Вера Іванаўна не засталася адна. Жыве ў Басянках у доме, што купілі з мужам і пераехалі яшчэ ў 1973-м. Цяпер тут гаспадараць сын Мікалай з жонкай Валянцінай. Самым галоўным і вясёлым чалавекам у сям’і Вера Іванаўна называе ўнучка Сашу, якому ідзе чацвёрты год.
– Гуляем з ім разам, складаем словы з літар, – смяецца бабуля.
Усяго ў Веры Кабяк трое ўнукаў і двое праўнукаў. Сын Іван таксама жыве ў Басянках.
Дзеці аберагаюць матулю ад залішніх клопатаў. Але ж ёй хочацца быць карыснай, дапамагаць. Спраўляецца з пасільнай работай у хаце і на падворку.
– Шчыра кажучы, я і не думала, што да 80 гадоў дажыву, – гаворыць Вера Іванаўна. – У 2012 годзе перанесла інфаркт, доўга адысці не магла. Дзякаваць Богу, цяпер добра сябе адчуваю. Праўда, вока адно не бачыць, таму тэлевізар мала гляджу. Толькі «Поле цудаў» у пятніцу і яшчэ перадача «Жадаю Вам…» падабаецца. Мне не сумна. Дзеці побач, унучок маленькі радуе.
Самы лепшы падарунак для чалавека – увага. Чым больш набягае гадоў, тым яна каштоўней. У Веры Іванаўны Кабяк гэты скарб ёсць.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.