"Миорские новости" - в числе победителей конкурса на лучшее освещение вопросов строительства и развития Вооруженных Сил

 Рэдакцыя раённай газеты не першы год прымае ўдзел у творчым конкурсе на найлепшае асвятленне пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, патрыятычнага выхавання насельніцтва. Па-за ўвагай журы заставалася рэдка. І сёлета калектыў «Міёрскіх навін» адзначаны дыпломам. Цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў Цэнтральным Доме афіцэраў з пранікнёным канцэртам, са шчырымі падзякамі за творчую працу і важкі ўклад журналістаў у ваенную бяспеку Рэспублікі Беларусь.

На конкурс ад СМІ краіны падалі 130 заявак. Пераможцаў вызначылі ў 26 намінацыях, якія ахопліваюць увесь спектр інфармацыйнай дзейнасці, разнастайныя жанры, формы і спосабы асвятлення ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Віктар Хрэнін заўважыў, што каля 4 тысяч публікацый у друкаваных СМІ, больш за 200 гадзін тэле- і 40 гадзін радыёэфіру ў сярэднім штогод прысвячаюцца пытанням будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл. Пры асвятленні ваеннай тэматыкі ў аснову пакладзены аб’ектыўнасць і творчы падыход. Прадстаўнікі масмедыя – пастаянныя ўдзельнікі разнастайных мерапрыемстваў. Дзякуючы гэтаму насельніцтва краіны ў курсе, што беларуская армія моцная, сучасная, аснашчаная новай тэхнікай. Праводзіцца інтэнсіўная аператыўная баявая падрыхтоўка Узброеных Сіл, рэгулярныя вучэнні, праверкі гатоўнасці. Дзяржава шмат робіць для павышэння прэстыжу воінскай прафесіі, выхавання патрыятызму.


Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі падзякаваў за вялікую, далёка не фармальную ўвагу, якую Міністэрства абароны надае супрацоўніцтву са сродкамі масавай інфармацыі. Наладжанае для журналістаў свята ярчэйшае таму пацвярджэнне. Сярод пераможцаў і прызёраў нямала прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ, якія займаюць палову інфармацыйнай прасторы і перажываюць няпросты перыяд лічбавай трансфармацыі і развіцця. Для іх такая падтрымка асабліва значная.


Як заўважыў Павел Мікалаевіч, у наш час глабальны трэнд – канкурэнцыя кантэнта. Змагаюцца не брэнды, а асобна ўзятыя матэрыялы. Чым шырэй інфармацыйная прастора, тым больш праблем адчувае СМІ, спрабуючы прабіцца да сваёй аўдыторыі. Таму якасць матэрыялаў – перш за ўсё. У гэтым сэнсе рэкамендавана развіваць аўтарскую журналістыку, каб простымі словамі, але таленавіта дайсці да патаемных куточкаў душы, да глыбіні сэрца. Адточваць майстэрства, вучыцца пісаць на матэрыялах майстроў пяра савецкай пары, такіх як, напрыклад, Аграноўскі.

Р. S.

Рэдакцыя раённай газеты ўдзячна ваеннаму камісарыяту раёна і непасрэдна яго кіраўніку Сяргею Жабёнку, Полацкаму пагранічнаму атраду, аддзелу па адукацыі райвыканкама за плённае супрацоўніцтва ў асвятленні пытанняў развіцця Узброеных Сіл, патрыятычнага выхавання насельніцтва. Дыплом – наша агульная заслуга.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.