Авторизация
 

35 гадоў мінула, як загінуў у Афганістане ўраджэнец Міёршчыны Сяргей Станкевіч

 35 гадоў мінула, як загінуў у Афганістане Сяргей Станкевіч. Боль непамернай страты да гэтай пары чытаецца ў вачах яго матулі. Час не лечыць. З дня ў дзень Тамара Іосіфаўна жыве ўспамінамі, якім жыццярадасным і душэўным, працавітым і клапатлівым быў яе сынок. Яго даўно няма, а сэрца з тым не хоча мірыцца.


Сціплы хлопец-працаўнік

Па ўспамінах Зоі Фёдараўны Станкевіч, настаўніцы Дрыгуцкай школы, Сяргей быў сарамлівым, не значыўся першым, а ў працы падаваў прыклад. З малодшым братам Алегам любілі, як і іх дзядуля Іван, цяслярыць. Спаборнічалі нават на найлепшы пабудаваны парнік для вырошчвання агародніны. Ужо ў 12 гадоў Сяргей касіў сена нароўні з бацькам. Сам бачыў, у чым можа яму дапамагчы. Клапаціўся пра маці, якая часта хварэла. Бярог яе ад натруджвання.
Пасля заканчэння Відзаўскага вучылішча працавітасць Сяргея пацвердзілі і ў калгасе імя Дзяржынскага. Сведчаннем таму граматы, грашовыя ўзнагароджанні маладому механізатару па выніках вясенне-палявых работ. Ён цаніў сваіх бацькоў, любіў зямлю і не збіраўся надоўга пакідаць родны дом у Забалоцці.

 Прадчуванні не падманулі

У армію Сяргея праводзілі ў Дзень Перамогі, 9 мая. Раніцай ля помніка загінулым воінам адбыўся мітынг. Яму падарылі памятны гадзіннік. Старшыня калгаса Карл Мітрафанавіч Гурын ставіў маладога механізатара ў прыклад іншым, жадаў шчаслівай службы.
Як узгадвае Тамара Іосіфаўна, павестку сын атрымаў напярэдадні – 8 мая. Літаральна за вечар арганізавалі провады. За сталом сабраліся сусе- дзі, блізкія, знаёмыя, таварышы. Побач з Сяргеем сядзела яго сардэчная сяброўка Наташа. Гучалі музыка, найлепшыя пажаданні ў дарогу, а на душы валуном ляжаў цяжар. Неяк раней Сяргей абмовіўся, што з арміі не вернецца – так наваражыла цыганка. Тады гэтаму не надалі значэння. Толькі калі махаў на развітанне, ускалыхнула маці, што бачыць сына ў апошні раз.


Пяць месяцаў Сяргей правёў у вучэбным цэнтры ў туркменскім Ашхабадзе. Адтуль накіравалі ў афганскі Шынданд. Тады і насталі трывожныя дні і ночы без сну: дзе сынок, што з ім. Пісьмы дадому прыходзілі часта. На цяжкасці не скардзіўся, больш цікавіўся справамі родных і сяброў. А 10 красавіка 1985 года страшныя мроі пацвердзіліся. Вяртаючыся з баявой аперацыі на БТР, старшы сяржант Сяргей Станкевіч падарваўся на міне. У той жа дзень ад атрыманых раненняў памёр. Хавалі сына 18 красавіка. 20 мая яму споўніўся б 21.


 І ўсё-такі я жыву

– Няма нашых сыноў. Усё менш нас – асірацелых бацькоў, – ціха разважае матуля. – У 1996 годзе на адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Востраў слёз» у Мінск нас з вобласці дастаўлялі на шасці «Ікарусах». Грамадой куды лягчэй перажываць гора, сабраўшыся, маглі выплакацца і выгаварыцца. Афганская вайна многім век скараціла, у суседніх раёнах мала каго засталося. У нашым я і сямейная пара Закрэўскіх. Майго мужа не стала 16 гадоў таму. Добры быў чалавек, пажыла я за ім.
Тамара Іосіфаўна не любіць доўгія зімовыя вечары. Такой парой гулкая пустэча адзіноты навальваецца з усіх куткоў. Тэлевізара ў яе няма. Ад яркай каляровасці хутка стамляюцца вочы, ды і ніякага жадання глядзець у экран. Вяшчае толькі радыё. Малодшы сын Алег з нявесткай з Туркова прыязджаюць, наведваюцца ўнукі, але быць з ёй падоўгу не могуць, у кожнага свае справы. Не даюць засумаваць козачкі. Карыснае іх малако, смачны з яго тваражок. З казляняткамі, нібы з малымі дзіцяткамі, няньчыцца гаспадыня, выхоўвае пацешных гарэз.


Яшчэ лягчэй, калі зямелька цяплее, сонечнага святла больш. Тады да позняга шмат спраў на панадворку, завіхаецца на градках. Толькі навальніцы стала моцна баяцца. Страх не пакідае пасля пазалеташняга выпадку.
Неяк раніцай за вокнамі хаты грукатала так, што, здавалася, неба было гатова раскалоцца на часткі. Зрэдку ўспыхвала маланка. А потым прагучаў удар, ад якога з разетак фантанам пасыпаліся іскры. Ваконныя шыбы разляцеліся на дробныя кавалкі, нават прыбітыя цвікамі-соткамі абналічнікі павырывала.


 Ад убачанага быў шок. У гасціны пакой дзверы насцеж, ад дыму апраметная цемень, падлога засыпана аскепкамі. Шпалеры са сцен у муку змалола. Долу пашкоджаны Сярожын партрэт. Толькі абразы на куце некранутыя.
У роспачы не ведала, куды кінуцца. Адразу выйшла на сувязь з раённым ваенным камісарам Сяргем Жабёнкам. Ён ва ўсіх пытаннях апора і падтрымка. Хутка ўжо быў у Забалоцці. Тут жа паказаўся на парозе старшыня Туркоўскага сельсавета Пётр Ціхановіч. Трымалі пад кантролем сітуацыю выратавальнікі, але абышлося без пажару. Хатка ацалела, за што гаспадыня дзякуе Богу.
Каб ліквідаваць наступствы стыхіі, спатрэбіўся час. Дапамагалі ўсе службы. Унучка Света з Мінска спецыяльна прыязджала, каб бабулі новыя шпалеры паклеіць. Паспяшаўся з Віцебска здатны да цяслярных і рамонтных работ унук Сяргей. Уважлівых дзяцей выхаваў Алег. Ён рэалізаваў мару старэйшага брата працаваць на роднай зямлі, заставацца ў ліку найлепшых механізатараў ААТ «Туркова».


Клопат блізкіх і акружаючых, шчырая малітва і на 80-ым годзе жыцця надаюць Тамары Іосіфаўне сілы жыць, не ўпадаць у адчай, не зважаючы на непамерныя страты і цяжкасці, боль і шкадаванні. З верай у сэрцы жывая і памяць.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва маці Тамары СТАНКЕВІЧ.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 июня 2021
Александр, Алексей, Иван, Кирилл, Рафаил, Мария, Марфа, Марианна, Фекла

Именины 21 июня 2021
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта