Авторизация
 

Міёрскаму раёну - 80! Дыялог пакаленняў адбыўся ў раённай бібліятэцы

 Шматлікіх гасцей прымала 29 студзеня раённая бібліятэка. Ветэраны-кіраўнікі і былыя актывісты абменьваліся ўспамінамі з прадстаўнікамі цяперашняга кіраўніцкага корпуса, агульную гутарку падтрымлівалі прыгожыя і абаяльныя члены Маладзёжнага парламента. Знаёміліся з найлепшымі фотаздымкамі прымеркаванага да юбілею раёна конкурсу «Мая Міёршчына». Асобны стэнд змяшчаў кадры-імгненні развіцця і сталення нашага краю.

Нефармальны дыялог пакаленняў пад эгідай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі вядучыя – бібліятэкар Вольга Федуковіч і першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Фурс – пачалі са статыстыкі пра наш цяперашні раён. Затым удзельнікаў мерапрыемства вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Кузняцоў.


 – Юбілей раёна – нагода для таго, каб сустрэцца, абмяняцца думкамі пра мінулае і будучае роднага краю, – гаварыў Ігар Валер’евіч. – Лічбаў мы пачулі шмат, але яны не ў поўнай меры адлюстроўваюць нашу рэальнасць. Самае дарагое, што мы маем – багацце прыроды, выдатных людзей. Міярчане старанна працуюць, каб зрабіць сваё жыццё найлепшым. Абяцаю: гэты працэс будзе працягвацца. Маладым людзям пасля вучобы трэба абавязкова вяртацца ў родныя мясціны, дзе адбываюцца вялікія станоўчыя перамены.


Усіх знаёмых пабачыла за сталамі чытальнай залы старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Яна таксама тутэйшая, надоўга не пакідала родныя мясціны. Сюды перацягнула мужа, бо не адпускае, усё больш прываблівае бацькаўшчына.


 Марыя Мікалаеўна выказала шкадаванне, што многіх з тых, хто змагаўся з ворагам, адбудоўваў краіну, адольваў галечу і беднасць, ужо няма сярод нас. Але яны пакінулі ў спадчыну любоў да малой радзімы, энтузіязм. І нам трэба думаць і клапаціцца пра будучыню, пра шчасце нашых дзяцей.


Успаміны маленства пра нялёгкі пасляваенны час заўсёды суправаджаюць цяперашняга кіраўніка раённай ветэранскай арганізацыі Часлава Кашкура. Ён сцвяржае, што дзяржава моцная верай народа ў найлепшую будучыню. Такі настрой людзей калісь дапамог стаць на ногі калгасу «Гігант», дзе працавалі яго бацькі і ён. Зямля ў нас цудоўная, але толькі старанне і настойлівасць дазваляюць дабіцца чакаемых вынікаў. Пра гэта сведчыць жыццёвы шлях старшыні калгаса імя Цітова Івана Анісімава – Героя Сацыялістычнай Працы, 100-годдзе з дня нараджэння якога сёлета будзем адзначаць.


Віктар Тарасевіч працаваў у Глыбокім, Паставах, Віцебску. Міёршчына прывабіла яго цудоўнымі людзьмі. Двойчы ўзначальваў раён, які дабіваўся высокіх вынікаў у вытворчасці, будаваўся і развіваўся. Лічыць, што цяпер іншыя ўмовы гаспадарання, аднак трэба захаваць добрыя даўнія традыцыі, народную мудрасць і працоўную моц для пераадолення цяжкасцей.


 Пра тое, чым жыве Дзісна, апавядаў старшыня гарсавета Яўген Баран. Ён, глыбачанін, сам выбраў самы маленькі горад краіны пры размеркаванні пасля вучобы. Шмат сіл аддаў лясгасу. Лічыць, што Дзісна мае належную інфраструктуру для развіцця.
Захоўваць гістарычную спадчыну ў Дзісне і не толькі заклікала аўдыторыю адна са стваральніц і гаспадыня гарадскога музея Вольга Смаршчок. Пра яго ведаюць на ўсіх кантынентах, дакрануцца да вытокаў вяртаюцца землякі. Многія экспанаты здзіўляюць наведвальнікаў, асабліва дзяцей. Вользе Аляксандраўне асабліва запомнілася экскурсія для немца-ветэрана, які аповед пра халакост у горадзе выслухаў на каленях, а ўнукам даў наказ не паўтараць памылкі сваіх дзядоў.


Дзісна ганарыцца бярозавай алеяй, рэшткамі брукаванкі, стогадовым мостам і паромам, маляўнічымі куточкамі. Не забывае пра знакавыя падзеі і людзей, што маюць да іх дачыненне. Пажаданне Вольгі Аляксандраўны моладзі – прадоўжыць справу захавання гістарычнай памяці родных мясцін.


 – Важна правільна выбраць свой шлях у жыцці, – як вопытны настаўнік падсумаваў для маладых Вітольд Ермалёнак. – Пры тым у кожнага ёсць магчымасць праявіць сябе.


Гэта высновы з яго жыцця. Амаль выпадкова маладым педагогам трапіў у Міёры, калі запрашалі ў Маскву. У нас пры СШ № 3 імя Я. Томкі стварыў музейнае аб’яднанне, якое ў чарговы раз пацвердзіла званне народнага. Выхаваў шмат пакаленняў гурткоўцаў-«арганаўтаў», з якімі праводзіў археалагічныя раскопкі, пошукі і разведкі, арганізоўваў паездкі па наваколлі. Распрацаваў шэраг турыстычных маршрутаў, выдае штомесячнік «Міёрская даўніна» і кнігі, удзельнічае ў краязнаўчых і гістарычных канферэнцыях, такіх жа акцыях у вобласці і рэспубліцы. Гэта далёка не поўны пералік таго, за што атрымаў званне выдатніка адукацыі і стаў лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне». Вітольд Антонавіч упэўнены, што чалавек упрыгожвае месца, а не наадварот.


Гэтую ж тэму ў пэўнай ступені прадоўжыў і я – карэспандэнт раённай газеты. Пасля кароткага звароту да гісторыі раёнкі, якая сваё 80-годдзе будзе адзначаць у маі наступнага года, асноўную ўвагу звярнуў на творчыя сувязі са шматлікімі аўтарамі: школьнікамі, рабочымі і працаўнікамі сяла. Іх допісы дапамагалі рабіць газету больш цікавай і разнастайнай, пры тым аўтары ўдасканальвалі ўласнае валоданне пяром. З раёнкі пачыналі творчы шлях вядомыя паэты Сяргей Панізьнік і Пятро Сушко, празаік Франц Сіўко, па гэтым шляху ідуць Алена Басікірская, Ірына Радзіхоўская, Галіна Загурская. Мы можам ганарыцца землякамі Янам Гушчам і Рышардам Курыльчыкам у Польшчы, Іванам Кунцэвічам і Нінай Янсанэ ў Латвіі. Карыстаюцца попытам кнігі Пятра Сіняўскага, Алены Масла, Наталлі Бучынскай, Андрэя Мураўёва. Зборнікі паэзіі і прозы выдалі Браніслаў Мароз, Аляксей Кавалевіч, Людвіг Касаты, Тамара Яцкевіч, Леакадзія Булаўская, Ірына Ліпніцкая, Мікалай Багданаў, Сафія Гуз. Усіх цяжка пералічыць. І цяпер раённая газета прадастаўляе свае старонкі для творцаў, дзе ў моладзі ёсць магчымасць зрабіць першы крок да вышынь Алімпа.


 Да маладых людзей звярталася начальнік аддзела загса Ірына Юхно, аналізуючы дэмаграфічную сітуацыю. Сёлета ў раёне ўжо з’явілася на свет 12 немаўлятак, першынцам 2020 года стаў хлопчык Яўген. Самыя папулярныя мужчынскія імёны – Ягор і Арсен, традыцыйныя жаночыя – Ганна і Марыя.


Падзяліліся сакрэтамі сямейнага шчасця Мікалай і Ніна Федуковічы, якія нядаўна адсвяткавалі залатое вяселле. Нават не верыцца, што мінула паўстагоддзя, як стварылі сям’ю тады метадыст РДК і настаўніца. Так, не апошняе месца сыграў гармонік у яго руках і звонкі голас у яе, аптымізм у абодвух. Вырасцілі дзвюх дачушак і сцвярджаюць, што для паразумення дастаткова часцей гаварыць адзін другому «дзякуй» і «калі ласка». Для будучай сямейнай пары, што сядзела за сталом насупраць, – Дзяніса Гагалінскага і Кацярыны Савуць – падрыхтавалі свае дванаццаць запаветаў. Абмяняліся сувенірамі. Абедзве пары павіншаваў і ўручыў падарункі старшыня райвыканкама.


Паэтычным і музычным віншаваннем і падарункам стала для іх выступленне галоўнага інжынера ПМК-55 Леаніда Касевіча, таксама шчаслівага сем’яніна, таты дзвюх таленавітых дачок, аматара самадзейнасці.
Сціпла ахарактарызаваў сваю вытворчасць генеральны дырэктар металапракатнага завода Пётр Шымуковіч: у цэху толькі чатыры станы, праўда, даўжыня аднаго з іх 185 метраў, вага за 860 тон. Цяпер на парадку дня вывад гэтага і іншага абсталявання на рабочы рэжым. Парады мудрага чалавека, які пабачыў былы Саюз ад Калінінграда да Далёкага Усходу, для сучаснай моладзі наступныя: усюды трэба працаваць, гэта неабходнасць; бестурботнае прыгожае жыццё можа быць толькі ў фільмах. Цяпер не праца ідзе да чалавека, а чалавек да працы, а яна патрабуе быць на рабочым месцы не ад званка да званка, а ад атрымання задання да яго выканання. На ММПЗ набралі і падрыхтавалі больш за 300 чалавек, патрэбна будзе значна больш. Мясцовай моладзі ёсць дзе прымяніць свае сілы і веды.


Што сучасныя маладыя людзі на многае здольныя, дэманструе ўрач Ганна Блажэвіч. Яна загадвае амбулаторыяй у Даўгінаве, лечыць людзей і ў навакольных вёсках. Знаходзіцца ў актыве Узмёнскага сельскага Савета. Піша вершы і спявае.
У фінале мерапрыемства падвялі вынікі фотаконкурсу «Мая Міёршчына». Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Тронькін уручыў дыпломы Анастасіі Жук у намінацыі «Прырода» і Дзянісу Немянёнку, захопленаму гісторыяй. Затым усе частаваліся смачным юбілейным тортам.
Разыходзіліся ўдзельнікі сустрэчы-дыялогу з маляўнічымі буклетамі і магніцікамі з сімволікай да 80-годдзя раёна.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта