Авторизация
 

За 2019 год камісія па справах непаўналетніх у Міёрах збіралася на пасяджэнні 34 разы

 У сваёй дзейнасці КСН кіруецца Палажэннем аб парадку ўтварэння і дзейнасці камісій па справах непаўналетніх. Каардынуе дзейнасць суб’ектаў, што ажыццяўляюць прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх; вядзе прафілактычную работу з сем’ямі, сітуацыя ў якіх блізкая да сацыяльна небяспечнай; прымае рашэнне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і курыруе працэс выпраўлення бацькоў. Пра клопаты і поспехі 2019 года гутарым з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэта Аленай ПАЦЕЕНАК.

– У мінулым годзе маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызналі 19 дзяцей з васьмі сем’яў. Сярод іх чатыры шматдзетныя, чатыры няпоўныя, – расказвае Алена Уладзіміраўна. – З хадайніцтвам аб прызнанні непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне выступае каардынацыйны савет райвыканкама па рэалізацыі Дэкрэта № 18. Гэтая структура ажыццяўляе кантроль над сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Як рэагуюць бацькі, калі ў іх забіраюць дзяцей?

– Некаторыя адразу бяруцца за розум: лечацца ад алкагольнай залежнасці, прыводзяць у парадак жыллё, наведваюць малых у прытулку. Так, у мінулым годзе дзевяць дзяцей вярнуліся дадому. Бацькі яшчэ траіх зрабілі шмат крокаў на шляху да выпраўлення. Верагодна, іх дзеці ў хуткім часе будуць дома.
Часам праблемных бацькоў падтрымліваюць суседзі. Радуе, калі мясцовае насельніцтва займае пазіцыю не назіральніка, а памочніка.

Кожная нешчаслівая сям’я нешчаслівая па-свойму, пісаў класік. Аднак што аб’ядноўвае сем’і, з якіх дзяржава вымушана «эвакуіраваць» дзяцей?

– Агульная прыкмета – злоўжыванне алкаголем. Як правіла, гэта загана абодвух бацькоў. Адрозніваюць такія сем’і праблемы з працаўладкаваннем або абыякавасць да службовых абавязкаў. Што да месца пражывання, то адрасы нядобранадзейнасці ёсць як у сельскай мясцовасці, так і ў горадзе. Яшчэ адна рыса, якая нярэдка здзіўляе грамадскасць, – дзеці з такіх сем’яў вельмі любяць сваіх бацькоў. Страчаныя бацькоўска-дзіцячыя адносіны хутчэй выключэнне, чым правіла.

Вяртанне дзяцей у родную сям’ю можна лічыць шчаслівым фіналам сумнай гісторыі. Але ж так бывае не заўсёды…

– На жаль, не ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі пасля шасці месяцаў расстання абдымаюць тату і маму. Так, у мінулым годзе шасцярых бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў у адносінах да шасцярых дзяцей. У адной з сем’яў выхоўвалася чацвёра дзетак. Пад апеку сваякоў трапіла адно дзіця, дваіх накіравалі ў дом дзіцяці ў Віцебск, трое пражываюць у прыёмнай сям’і.
Цяпер у дзіцячым сацыяльным прытулку знаходзяцца дзевяць дзяцей. Хочацца спадзявацца, што ўсе яны вернуцца да родных бацькоў, якія перагледзелі сваю сістэму каштоўнасцей.

Сярод накірункаў дзейнасці КСН – работа з праблемнымі падлеткамі. Як яна ажыццяўляецца?

– На пасяджэннях камісіі разглядаем справы аб адміністрацыйных парушэннях. Калі падлетак учыніў правапарушэнне, але не дасягнуў узросту адміністрацыйнай адказнасці, пакаранне нясуць бацькі. За мінулы год разгледзелі 85 пратаколаў. З іх 30 у адносінах да бацькоў. У тым ліку 27 па артыкуле 9.4 КаАП «Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей». Адзін пратакол па артыкуле 17.4 «Уцягненне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны»: бацькі купілі падлетку алкаголь.
Знаходжанне ў нецвярозым стане або ўжыванне алкагольных напояў у грамадскім месцы – самае распаў- сюджанае правапарушэнне ў падлеткавым асяродку. У мінулым годзе за гэта панеслі адміністрацыйнае пакаранне 25 непаўналетніх. Сярод іх шэсць дзяўчат. Чацвярых падлеткаў прыцягнулі да адказнасці паўторна. Разгледзелі па чатыры выпадкі дробнага хуліганства і дробнага крадзяжу, пяць фактаў парушэння правіл дарожнага руху. З ліку апошніх два парушэнні, звязаныя з кіраваннем транспартам без правоў.
Прафілактычную работу з юнымі парушальнікамі працягвае інспекцыя па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў. Інфармацыю пра падлеткаў, якія ўжываюць алкаголь, паведамляем урачу-нарколагу.

П’янства бацькоў, слёзы дзяцей, неабдуманыя ўчынкі юных зламыснікаў… Работа камісіі па справах непаўналетніх – гэта пастаяннае сутыкненне з негатыўнымі праяўленнямі жыцця. Ёсць светлыя моманты?

– Канешне. Напрыклад, старшакласнік мог трапіць у спецустанову за антыграмадскія паводзіны. Аднак выправіўся, скончыў агульнаадукацыйную школу, стаў студэнтам. Шчасце, калі дзеці вяртаюцца да бацькоў, якія змяніліся да лепшага. Камісія ў сваёй дзейнасці дасягае станоўчых вынікаў, хоць гэта няпроста.

Фота з архіва рэдакцыі.
Гутарыла Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта