Якую каўбаску парэзаць на святочны стол? Вызначыцца з выбарам міярчанам дапамог Міёрскі мясакамбінат. Напярэдадні Новага года прайшла дэгустацыя новай прадукцыі прадпрыемства.
– А што тут паспрабаваць можна? – пытаецца пакупнік.
– Усё прадэгустуйце, каб ведаць, што купіць, – адказваюць яму.
Вечарам 30 снежня ў магазіне «Гурман» шматлюдна. Новы год набліжаецца, трэба дакупіць смакаты. Побач з касамі столік з мяснымі ласункамі. Акуратна парэзаныя і раскладзеныя па талерках, яны выглядаюць прывабна-апетытна. Начальнік і вядучы спецыяліст аддзела рэалізацыі і маркетынгу Міёрскага мясакамбіната Анастасія Малецкая і Ніна Латышава прапаноўваюць пакупнікам усё паспрабаваць на смак.
– Прадстаўляем новую прадукцыю мясакамбіната, выпуск якой распачалі ў снежні. Тут дзевяць найменняў. Побач размясцілі цэннікі, каб пакупнікам прасцей арыентавацца. Што спадабалася, адразу можна купіць, – расказвае Анастасія Міронаўна. – У студзені таксама парадуем навінкамі. На паліцах магазінаў з’явяцца сальцісон, пастрама «Міёрская», пяць відаў сыравэнджаных каўбас.
Вывучаю прапановы. «Сервелат венгерскі», «Сервелат крамлёўскі», «Свініна па-вясковаму»… Прыцягвае ўвагу намазаны на хлеб шпік. Поўная назва – прадукт са шпіку «Грудзінка ў абалонцы салёная бутэрбродная». Канапэ знікалі з талерак хутчэй за каўбаскі і сервелаты. Забыўшыся на разгрузачны дзень, таксама не ўтрымалася ад спакусы. М-м-м, смачна!
За другое месца на прыз сімпатый дэгустатараў можа пазмагацца «Саланіна-паляндвіца». Апетытных кавалачкаў на талерцы таксама заставалася ўсё менш.
– О, гэта мы ўдала зайшлі! – пажартаваў хтосьці з пакупнікоў і прыняўся ацэньваць на смак навінкі мясцовага вытворцы.
Кампліментаў у адрас міёрскай мясной прадукцыі прагучала нямала. Некаторыя пакупнікі, паспрабаваўшы сервелаты, каўбаскі, шпік, паляндвіцу, займалі месца ў чарзе, каб купіць штосьці з навінак.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.