Кулинарит с эстетическим уклоном Елена Казаченок из Миор

 Пячэнне, булачкі і торты Алена Казачонак не купляе. Ласункі да чаю выпякае сама. Гаспадыні важна не толькі смачна прыгатаваць. Шмат увагі надае афармленню. Эстэтычныя пачастункі любяць родныя і госці.

Гатаваць Алена Фёдараўна любіць з дзяцінства. Сама не ведае, чаму пасля школы вырашыла вучыцца на швачку. У швейнай справе затрымалася на два гады. Цяпер працуе сястрой-гаспадыняй у тэрапеўтычным аддзяленні раённай бальніцы, а вольны час прысвячае хобі.


– Розныя стравы гатаваць падабаецца: мясныя і рыбныя запяканкі, салаты і бліны. Выпечку калі не штодня, то праз дзень абавязкова раблю. Муж і сын любяць, калі да чаю смачненькае ёсць, – расказвае субяседніца.


 З усмешкай прыгадвае свой першы кулінарны вопыт. Дзяўчынка-трэцякласніца вырашыла зварыць суп. Сала не пашкадавала. Каб не расстройваць малую, бацькі зрабілі выгляд, што смачна. Цяпер ва ўмелай гаспадыні і хлеб з мульціваркі духмяны выходзіць, і казінакі ўдаюцца. Задумала прыгатаваць торт-снікерс.


Торты – салодкая фішка Алены Казачонак. Гэта ўпрыгожванне кожнага сямейнага і каляндарнага свята, арыгінальны падарунак для блізкіх і сяброў. Ідэі па афармленні знаходзіць у інтэрнэце ці прыдумвае сама. Працэс прыгатавання займае тры дні.


– Спачатку выпякаю бісквіт. Рэцэпт просты: чатыры яйкі, па 250 грам цукру і мукі. Яйкі з цукрам узбіваю міксерам, а муку перамешваю лапаткай. Гатовы бісквіт пакідаю на шэсць – восем гадзін, – расказвае гаспадыня. – На другі дзень праслойваю каржы. Тут шмат варыянтаў: тварог з ананасамі, згушчонка са сметанковым маслам, вяршкі з тварагом, смятана з цукрам, тварожны сыр. Трэці дзень – афармленне. Бялковы крэм гатую сама, фарбавальнікі і насадкі купляю ў спецыялізаваных магазінах. «Размалёўваю» торт гадзіны чатыры.


Пра затрачаны час гаспадыня не шкадуе, любы этап прыгатавання дорыць задавальненне. Тэлевізар ці музыку для фону не ўключае. Гэта лішняе. На кухні заўжды хто-небудзь ёсць. Ці сын-адзінаццацікласнік Жэня (на здымку), ці муж Сяргей Альгердавіч, ці маці Рэгіна Антонаўна, ці ўсе разам. З цікавасцю назіраюць за працэсам, размаўляюць. Так хобі сумяшчаецца з вечарамі ў коле любімай сям’і.


 Старэйшая дачка Вольга жыве ў Полацку і разам з мужам сочыць за мамінай кулінарнай творчасцю праз інтэрнэт. Фотаздымкі ласункаў Алена выкладае на сваіх старонках у сацыяльных сетках.
Уся сям’я збіраецца разам на святы. Меню штораз новае. Ёсць і традыцыйныя стравы. Так, на навагоднім стале абавязковыя запечаная курыца і салата «Аліўе». Што да падарункаў, гаспадыню радуюць рэчы для кулінарыі.


Аднак гэта не адзінае захапленне. З той жа любоўю, з якой замешвае цеста для булачак, Алена Фёдараўна даглядае вулічныя кветкі. Летам ля дома красуюць 12 кустоў хрызантэм. На агародзе, у цяпліцах і ў хлеўчуку спраўляюцца сям’ёй. Зімовыя вечары любіць за тое, што можна больш часу праводзіць на кухні.


Гаспадыня частуе тортам. Аплецены ўзорам і аздоблены лілеямі ласунак выглядае вельмі прывабна і апетытна. Глядзіш на смакату, і ўзнікае дваякае пачуццё: хочацца хутчэй паспрабаваць і шкада парушаць такую прыгажосць. Лёгкі бялковы крэм, пышныя бісквітныя каржы, праслойка з варанай згушчонкі і арэхаў. Усё разам – неймаверная асалода!


Менш салодкія, але такія ж смачныя і сімпатычныя імбірныя пернікі ў выглядзе навагодніх цацак. Без гэтага ласунку ў сям’і не абыходзяцца зімовыя святы.

Імбірныя пернікі

Спатрэбіцца:

v 100 г цукру,
v 150 г мёду,
v 125 г сметанковага масла тлустасцю 82,5 %,
v па 1,5 чайнай лыжкі карыцы, молатага імбіру, мускатнага арэха (на густ можна дадаць молатыя перац і гваздзік), соды,
v 500 – 550 г мукі.

 Для глазуры:

v 1 яечны бялок,
v 200 – 250 г цукровай пудры.
Змяшаць міксерам на нізкіх абаротах. Дадаць харчовыя фарбавальнікі.

Гатуем

Цукар і мёд пакласці ў каструлю з тоўстым дном. Дадаць спецыі.
Растапіць на вельмі марудным агні, не даводзячы да кіпення.
Калі сахар пусціцца, дадаць па чарзе масла і соду.
Перамяшаць да аднароднай масы, зняць з агню і астудзіць да пакаёвай тэмпературы.
Паступова дабаўляць муку.
Замясіць мяккае эластычнае цеста. Сфармаваць з яго шар, загарнуць у харчовую плёнку і пакласці на восем гадзін у халадзільнік. Гэта трэба для таго, каб цеста набыло трываласць і не крышылася.
Далей раскатваем пласт таўшчынёй у адзін – паўтара сантыметра. Выразаем фігуркі. Выкладаем на бляху (змазваць яе не трэба!). Выпякаем 10 – 12 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў.
Калі пернікі астылі, паліваем глазурай.

Фотаматэрыял аўтара і з асабістага архіва Алены КАЗАЧОНАК.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.