Год Белага Металічнага Пацука павінен удала скласціся для ветэрынарнай станцыі. Тут жывых сімвалаў 2020-га – дзясяткі. Толькі не пацукі, а мышкі. Гэта не так важна. Усё роўна з аднаго атрада грызуноў.
Ветсанітары Марына Урбановіч і Людміла Масал прыпадымаюць крышку шырокай драўлянай скрыні – маленькія белыя мышкі мітусліва разбягаюцца ў розныя бакі. Здаецца, іх тут безліч. Па суседстве клеткі з сімпатычнымі трусамі і марскімі свінкамі.
У іх доміках пастаянна прыбіраюць. Кормяць тройчы на дзень. Як расказалі ветсанітары, мышкі любяць паласавацца зернем і белым хлебам.
– Мне падабаецца іх даглядаць. Можна сказаць, гэта хобі, бо сама ўжо пенсіянерка, – усміхаецца Людміла.
– І я таксама жывёл люблю. Пяць гадоў тут працую, – гаворыць Марына.
Між тым лёс у гадаванцаў незайздросны.
– Мышы патрэбны для вопытаў, – заўважае вядучы ветэрынарны ўрач-бактэрыёлаг Вераніка Навіцкая. – На іх правяраем уздзеянне вірусаў, якія пасяляюцца ў арганізмах сельскагаспадарчых жывёл, і якасць кармоў.
Такім чынам, невялікія белыя мышкі служаць добрую службу для сельскай гаспадаркі. У пэўнай ступені ад іх таксама залежыць наш дабрабыт. А ў наступным годзе – тым больш.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.