Стратегия устойчивого развития нужна, чтобы видеть свое будущее, выяснили на семинаре в Миорах

 Багаты прыродны патэнцыял, адметныя помнікі даўніны, самабытны фальклор. Складаная дэмаграфічная сітуацыя, адсутнасць турыстычнай навігацыі, нізкая актыўнасць насельніцтва. Моцныя і слабыя бакі, магчымасці і пагрозы суседніх з райцэнтрам сельсаветаў прааналізавалі на семінары праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

Тэма – «Накірункі развіцця тэрыторый сельскіх саветаў Міёрскага раёна ў Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна». Удзельнікі – прадстаўнікі Узмёнскага, Новапагосцкага, Перабродскага, Павяцкага і Міёрскага сельсаветаў.


Устойлівае развіццё рэгіёна немагчыма без актыўнасці і ініцыятывы яго жыхароў, падкрэсліла мясцовы каардынатар праекта Надзея Дударонак. Важна ўсведамляць, што будучыня залежыць ад нас саміх, і быць зацікаўленымі ў развіцці свайго краю.
Стратэгія – гэта не задачы, якія спускаюць зверху. Ідэі і планы павінны ісці з мясцовага асяродку. Перш-наперш змены павінны адбыцца ў свядомасці жыхароў. Шмат маленькіх людзей у мностве маленькіх гарадоў і вёсак, робячы шмат маленькіх спраў, змяняюць свет, працытаваў актывістаў устойлівага развіцця менеджар праекта Алег Сівагракаў.


 Прывёў прыклад, што назіраў у Швецыі ў доме знаёмых. Дзяўчынка, якая толькі навучылася хадзіць, стаяла перад некалькімі вядзерцамі для смецця, трымаючы ў руках папяровую абгортку ад цукеркі. «Думай, куды выкінуць», – ласкава гаварыла малой маці. Здавалася б, дробязь. Між тым калі кожны пачне сартаваць адходы, стане чысцей ва ўсім свеце. І так у любой іншай справе.


Думай глабальна, дзейнічай лакальна. Прадстаўнікам з сельскіх саветаў прапанавалі вызначыць асаблівасці іх тэрыторый і ўказаць на праблемы. Трывожыць дэмаграфічная сітуацыя: моладзь не застаецца на сяле. Непакояць разбурэнне гістарычных помнікаў, забалочванне вадаёмаў, стан дарог. Падкрэслілі прыродныя багацці: балота Ельня, азёры ў Пераброддзі, вадаспад на рацэ Вята. Павяцкі сельсавет адметны развітым садаводствам і працавітымі людзьмі. У Перабродскім нямала актывістаў, гатовых увасобіць ідэі ў жыццё. Ва Узмёнскім ёсць свая гістарычная жамчужына – вёска Лявонпаль. Важна не проста заўважаць адметнасці. Трэба іх берагчы і развіваць.


Практыкаваліся ўдзельнікі ў стварэнні малых праектаў па развіцці рэгіёна. Кожная група выбірала адзін накірунак і распрацоўвала план рэалізацыі. Напрыклад, прадстаўнікі Новапагосцкага сельсавета прапанавалі добраўпарадкаваць месца адпачынку ля мясцовага вадаёма. Узмёнская каманда задумала стварыць сацыяльна-адпачынкавы цэнтр, дзе будуць разам бавіць час бабулі і ўнукі.
Каб ідэя ўвасобілася ў рэальнасць, трэба бачыць вынік і прадумваць кожны крок. Напрыканцы студзеня ў рамках праекта аб’явяць конкурс мясцовых ініцыятыў. З палажэннем азнаёміла тэматычны каардынатар па мясцовых ініцыятывах праекта Вольга Пацяёнак. Удзельнічаць могуць некамерцыйныя арганізацыі, суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі і іншыя. Падтрымаюць дзесяць ініцыятыў па развіцці зялёнай эканомікі, турызму, інфраструктуры, культурных набыткаў, мясцовых святаў.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.