Уважаемые подписчики газеты "Миорские новости"! Оставайтесь с нами в новом году!

 Прадстаўніца старэйшага пакалення неяк прызналася па тэлефоне: «Раёнку амаль не чытаю, бо зусім дрэнна бачу, але ўсё роўна рэгулярна выпісваю. Гэта як хлеб. Калі яго няма на стале, даймае голад, хоць і сыты».

Добрую традыцыю заставацца вернымі падпісчыкамі раённай газеты падтрымліваюць у многіх сем’ях. Да духоўнага свету дзядоў і бацькоў далучаецца і маладзейшае пакаленне. Радасна, калі з паштовых скрынь вымаюць роднае выданне, гартаюць яго ў грамадскім месцы ці возяць у аўтамабілі на заднім сядзенні. Аднойчы юнак на лавачцы ў парку ўчытваўся ў газетныя радкі. Гэта прагрэс, бо часцей за ўсё новае пакаленне са смартфонамі ў руках. Раней неяк балюча ўспрымалася, калі раёнку выкарыстоўвалі як упаковачны матэрыял: «Колькі сіл і старанняў уклалі, а з ёй абыходзяцца так легкадумна!» Цяпер гонар, што выпісваюць універсальны медыяпрадукт.


Час бяжыць. Усе мяняецца. І пад уплывам новых тэхналогій, і падзей, якія з намі адбываюцца. Яшчэ ўчора ўсё было звыклым, ардынарным, а сёння новыя фарбы. Свет мяняецца для нас і дзякуючы ўсім нам. Цяпер, як кажуць, са старым чамаданам далёка не заедзеш. Рэдакцыя таксама імкнецца да навацый: паэксперыментаваць з афармленнем газетных палос, увесці новыя рубрыкі, тэматычныя старонкі, аб’явіць конкурс, адшукаць цікавых землякоў, падтрымаць ініцыятыўных. Праз друкаваныя радкі газета вядзе дыялог з кожным, паведамляе пра важныя падзеі ў горадзе, раёне, вобласці, краіне, пры гэтым з яе старонак усміхаюцца знаёмыя і нават родныя людзі. Радуе, што журналісцкія старанні знаходзяць водгук у чытачоў. Часта адрасуюць падзякі аўтарам, нават просяць заахвоціць большым ганарарам.


Выслухоўваем і прэтэнзіі: дарогі недаезныя, лужыны глыбокія, вуліцы неасветленыя, а мы маўчым, не пішам. Па тэлевізары замест адной перадачы ідзе другая, не тая дата выхаднога дня. Хтосьці адчувае сябе абдзеленым увагай газеты. Павучаюць, як пісаць, на якой старонцы публікаваць матэрыял. Часам аналізуюць нашу работу так, што да вуха трубку не паднесці.


Мы, карэспандэнты, самакрытычныя. Таксама незадаволеныя тым, што іншы раз вымалёўваецца на паласе. На бягу, у спешцы, спазняючыся, цяжка ўсялякі раз усё давесці да ідэалу. Як ні старайся, гладка можа быць толькі ў таго, хто нічога не робіць.
Шчыра ўдзячны ўсім за крытыку, прапановы і пажаданні. Гэта рухавік прагрэсу і дадатковы стымул не спыняцца на дасягнутым. У новым годзе прадоўжым пісаць пра добрае, чыстае, светлае, але ў газетнай рабоце важна не збіцца толькі на дабратворны тон. Жыццё, якое яно ёсць, неардынарны погляд на падзеі і ўчынкі, самыя розныя людзі, незалежна ад рангаў і асабістых ацэнак акружаючых, – тое, чым магчыма ўтрымаць чытацкі інтарэс нават у эпоху Інтэрнэта.


Газета жывая да той пары, пакуль шапацяць яе папяровыя старонкі. Права на гэта дае падпісная кампанія. Цепліцца надзея, што ў новым годзе раённае выданне для многіх застанецца тым добрым сябрам, з якім не адзінока. Чакаем і новых прыхільнікаў. Яшчэ не позна завітаць на пошту. Кошт падпіснога квітка на месяц – 6 рублёў.
Шчыра ўдзячны за падтрымку, дарагія сябры. Вялікіх і добрых перамен у новым годзе!

Фота для ілюстрацыі.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.