Цікавае прадстаўленне, шырокі карагод ля елкі, важкія пакеты з прыемнымі сюрпрызамі – вось галоўныя складнікі навагодняга цуду для дзяцей.
«Нельга ўвесь час думаць толькі пра сябе, трэба клапаціцца пра іншых», – гаварыла Ёшка. Словы гераіні казачнай гісторыі можна лічыць эпіграфам дабрачыннага навагодняга ранішніка, што адбыўся 26 снежня ў раённым Доме культуры.
З усмешкамі і падарункамі сустракалі ў фае РДК дзяцей і дарослых супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кожны год установа курыруе дабрачынную акцыю «Пастукайся ў мае дзверы, Дзед Мароз!» па зборы сродкаў на падарункі для дзяцей-сірот і інвалідаў. Штораз знаходзіцца шмат нераўнадушных людзей, якія дапамагаюць дарыць навагоднюю казку.
– Актыўны ўдзел у акцыі прынялі прадпрыемствы і ўстановы горада і раёна, індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы. На пералічаныя сродкі набылі падарункі – салодкія ласункі і цацкі. Усяго 133 наборы. Гульні і сувеніры выбіралі ў залежнасці ад узросту дзяцей, розныя рэчы для хлопчыкаў і дзяўчынак, – расказвае дырэктар ТЦСАН Алена Шамёнак. – У каго не атрымалася прыехаць на свята, падарункі перададзём. Яшчэ кожнай сям’і, дзе выхоўваюцца прыёмныя і дзеці-інваліды, Дзісенскі лясгас дорыць жывыя елачкі. Сёлета гаспадарка выступіла з такой ініцыятывай. Для гульнёвай праграмы на ранішнік трэці год запар прадастаўляе прызы Полацкі малочны камбінат.
Атрымаўшы важкі падарунак, задаволеныя дзеці разам з татамі і мамамі, бабулямі і дзядулямі спяшаліся ў глядзельную залу.
З чаканымі зімовымі святамі віншавалі ўсіх старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Мацвееў, які таксама ў ліку спонсараў дабрачыннага свята. Жадалі верыць у тое, што сваё шчасце мы ствараем самі, і на ўвесь год захаваць атмасферу цуду.
Чакала дзяцей сустрэча з навагодняй казкай, дзе дабро перамагае зло. Як ні старалася Ёшка – унучка Бабы Ягі – нашкодзіць Снягурцы і замест яе вадзіць з дзеткамі карагоды, нічога не атрымалася. Прыгожыя зімовыя дэкарацыі і запамінальныя вобразы казачных герояў, дасціпны гумар і вясёлыя песні зрабілі прадстаўленне яркім і цікавым для дзяцей і дарослых.
Прадоўжылася свята ў фае ля навагодняй елкі. Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай дзеці запалілі чароўныя агеньчыкі і сталі ў карагод. Спявалі вясёлыя песні, танцавалі, адгадвалі загадкі, весяліліся. Добрым, цёплым і па-сапраўднаму казачным атрымалася свята.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.