Святочнае меню без торта – як Новы год без снегу. Колькі б ні паставілі талерак з «Аліўе» і «Селядцамі пад шубай», упрыгожвае стол менавіта салодкі ласунак. Адны гаспадыні выпякаюць самі, іншыя спяшаюцца ў магазін.
Звычайны рабочы дзень у кандытараў хлебазавода пачынаецца ў сем раніцы. Перад святамі бяруцца за справу раней. Свой пост не пакінуць, пакуль не выканаюць усе заяўкі.
– Да Каляд прыгатавалі 190 тортаў. Справіліся ў тэрмін. Частка салодкай прадукцыі адправілася ў Верхнядзвінскі раён, астатнія – на паліцы міёрскіх магазінаў, – расказвае вядучы інжынер-тэхнолаг Ганна Іванова (на здымку). – Працуем па заяўках. Паступаюць яны, як правіла, за некалькі дзён да свята. Выпякаем торты і па індывідуальных заказах.
«Букет руж», «Правінцыялка», «Казка дзяцінства», «Элегія», «Калінкавіцкі», «Міёрскі з арахісам». Так называюцца салодкія прапановы. Прывабныя знешне і фантастычныя на смак. Падобныя толькі тым, што ў аснове бісквіт. Акрамя «Калінкавіцкага». У ім мядова-заварныя каржы, праслоеныя варанай згушчонкай. Гэта абумоўлівае працяглы тэрмін прыдатнасці – да 30 сутак. Зручны варыянт для тых, хто збіраецца далёка ў госці і хоча прывезці ў падарунак мясцовы ласунак.
У міярчан, заўважае Ганна Іванова, карыстаецца попытам «Правінцыялка». Праслойка – раслінныя вяршкі і шакаладная глазура, на паверхні – люстраная карамель. Рэцэпт «Міёрскага з арахісам» прыдумалі на хлебазаводзе. Бісквітныя каржы прамазва-
юць расліннымі вяршкамі з вішнёвым джэмам, затым шчодра пасыпаюць арахісам.
Каманда кандытараў невялікая і зладжаная. Наталля Шульга і яе дачка Караліна, Лілія Чалала і Наталля Заяц да перадсвяточнага рэжыму прывыклі. Укладваюцца ў аб’ёмы і тэрміны, не забываючыся на творчы падыход. Упрыгожванне для тортаў прыдумваюць самі. У перадкалядным дэкоры пераважалі свечкі і яловыя галінкі. Гатовы прыступіць да навагодняй тэматыкі.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.