Служба аховы звычайна асацыіруецца з міліцэйскай формай, сінімі пробліскавымі маячкамі патрульных машын і нямецкімі аўчаркамі. Між тым сваю вахту на пастах нясуць вартаўнікі, перадаюць аператыўную інфармацыю групам затрымання дзяжурныя на пульце, пра стан ахоўнай сігналізацыі клапоцяцца электраманцёры. Святочны дзень сёння ў кожнага.
Новыя кадры, службовыя поспехі, высокія адзнакі
– Наш калектыў павялічыўся да 87 супрацоўнікаў, – адзначае начальнік аддзялення Міхаіл Пракопчык. – З’явіліся два новыя ахоўныя пасты: у аддзеле прымусовага выканання і на металапракатным заводзе. На апошнім заняты дзесяць вартаўнікоў, працуюць па два ў змену.
Міліцэйскую форму носяць 25 супрацоўнікаў службы аховы. Пасля падрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры прыступілі да абавязкаў Анатоль і Мікалай Мацюкі, Юрый Юхноўскі, Віктар Федуковіч. У хуткім часе чакаюць яшчэ аднаго навучэнца.
Абавязкі ў міліцыянераў не змяняюцца: парадак на ўзятых пад ахову аб’ектах, кантроль за вартаўнікамі на іншых установах і прадпрыемствах, забеспячэнне грамадскага парадку на вуліцах. З пачатку года выявілі больш за 350 адміністрацыйных правапарушэнняў. Найлепш спрацавалі Сяргей Даронда, Юрый Рубанік, Васіль Маісееў, Іван Вішнеўскі. У раскрыцці злачынстваў вызначыліся Сяргей Вішнеўскі і Віктар Стома.
Спроб пранікнуць на аб’екты пад аховай сёлета не здаралася. Дарэчы, сваё жыллё і маёмасць даверылі міёрскаму аддзяленню яшчэ 14 домаўладальнікаў.
Папярэдзіць крадзяжы – адна з задач вартаўнікоў. Ажыўлены рух на будаўніцтве металапракатнага завода. Першы пункт на пляцоўцы – пост аховы. Аглядае машыны на выездзе Валерый Аніська. Зазірне ў кабіну, правядзе люстэркам пад днішчам. Інструмент Віктара Заблоцкага – металадэтэктар. Ім правярае ўсіх, хто не за рулём. Здараліся выпадкі, калі з тэрыторыі прадпрыемства спрабавалі вынесці металічны кабель.
Асноўнае месца службы Ады Мароз – ахоўны пункт на мясакамбінаце. Амаль трыццаць гадоў на пасту. Зарэкамендавала сябе старанным і адказным работнікам. Станоўча характарызуе кіраўніцтва яе калег Зою Мацур, Таццяну Сіповіч.
Упэўнена трымаюць руку на пульце дзяжурныя Алена Шаркель, Ірына Закрэўская, Алена Радзюк. Вопытныя і аператыўныя, яны перадаюць свае ўменні маладым калегам. Дзякуючы старанням спрактыкаваных электраманцёраў Леаніда Пруднікава, Валерыя Кубаркі, Юрыя Сташулёнка ў парадку ахоўнае абсталяванне.
Памятаюць у аддзяленні пра ветэранаў. У іх ліку Сяргей Тронькін, Генадзь Сушко, Раман Фурс, Ігар Войтаў, Сяргей Мягі.
– Ім асобныя словы ўдзячнасці. Багаты вопыт і закладзеныя традыцыі перадаюць маладым. Пакінулі добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, якую мы падтрымліваем і ўдасканальваем, – гаворыць Міхаіл Пракопчык. – Усіх калег віншую з прафесійным святам. Удзячны за належнае выкананне службовых абавязкаў і гатоўнасць прыступіць да іх у любы час. Самыя шчырыя пажаданні здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў на службе.
Некаторыя супрацоўнікі да прафесійнага свята атрымалі ўзнагароды. Нагрудным знакам «За адзнаку» ўзнагароджаны міліцыянер-кінолаг Павел Шанін. Яго старэйшаму калегу Віктару Стому аб’явілі падзяку абласнога ўпраўлення. Кіраўніцтва Міёрскага РАУС адзначыла міліцыянера-кінолага Івана Вішнеўскага і міліцыянера-вадзіцеля Дзяніса Лакотку.
У Дзяніса Лакоткі была магчымасць стаць пагранічнікам. Калі праходзіў тэрміновую службу ў Смаргоні, прапаноўвалі застацца на кантракт. Міярчаніна вабілі родныя мясціны.
– Пайсці ў ахову падказаў сусед. Ён тут працуе. Прапанова зацікавіла, параіўся з бацькамі, яны падтрымалі, – успамінае Дзяніс пра пачатак службовага шляху. – Вадзіцельскія правы меў, пасля школы скончыў Глыбоцкі прафліцэй. Накіравалі ў вучэбны цэнтр Дэпартамента аховы. Да дысцыпліны, фізічных нагрузак і строгага распарадку дня прывыкаць не давялося. Гэта знаёма з арміі.
У Міёрскае аддзяленне аховы малады міліцыянер вярнуўся ў сакавіку 2017-га. Яго месца – за рулём. Гэтым абавязкі не абмяжоўваюцца. Затрымліваючы на вуліцы парушальнікаў грамадскага парадку, не раз сутыкаўся з грубасцю і агрэсіяй. Даводзілася даганяць нецвярозага кіроўцу.
– Каб служыць у ахове, патрэбны не толькі добрае фізічнае здароўе і вынослівасць. Важна мець трывалыя нервы, быць знаходлівым і хутка прымаць рашэнні. І яшчэ – умець будаваць адносіны з людзьмі, – разважае субяседнік. – Ёсць свае складанасці, аднак у цэлым спраўляюся. Дзяжурствы праходзяць па-рознаму. Калі выездаў больш, час незаўважна пралятае, калі ўсё спакойна – цягнецца даўжэй.
У вольны час Дзяніс любіць павудзіць рыбу на вадаёмах або паганяць мяч на футбольным полі. Але цяпер застаецца дома. Нядаўна ў маладой сям’і нарадзіўся першынец-сынок. Маленькаму патрэбна ўвага і мамы, і таты.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.