Авторизация
 

Бібліятэкар Новапагосцкай школы верыць, што кнізе - быць!

 Бібліятэкар з Новапагосцкай школы Жанна МАРОЗ папулярызуе сямейнае чытанне, верыць у светлую будучыню друкаванай кнігі і спрабуе асвоіць букфолдынг.

Рабочае месца школьнага бібліятэкара дапаўняе раздрукаванае выслоўе: «ЛЮДЗІ ПЕРАСТАЮЦЬ МЫС- ЛІЦЬ, КАЛІ ПЕРАСТА- ЮЦЬ ЧЫТАЦЬ».

На перапынку ў школьнай бібліятэцы цішыня.
– Відаць, дзецям сказалі, што ў мяне інтэрв’ю бяруць, таму яны і не заходзяць, – заўважае Жанна Пятроўна. – Са званком часта сюды спяшаюцца.


Кніжнае меню больш сціплае, чым у мясцовай сельскай бібліятэцы, але тут свае цікавосткі. Вось у яркай каробцы некалькі кніг з надпісамі «Кнігі для дзетак», «Кнігі для таты і мамы», на невялікай упакоўцы з банцікам – «Сюрпрыз са старонкі 41».


– Гэта букбокс, – гаворыць бібліятэкар. – Зрабіла яго нядаўна, буду прапаноўваць дзецям і іх бацькам. Тут літаратура для маленькіх чытачоў, парады для тат і мам, кнігі для сумеснага чытання. Упакоўка з сюрпрызам – дадатковы стымул. Калі дзіця дачытае да ўказанай старонкі, атрымае бонус.


Наўрад ці вучань-пачатковец ці нават пяцікласнік данясе букбокс дадому ў адзіночку. Няхай бацькі дапамогуць. На гэта і разлік. Трэці год школьная бібліятэка практыкуе сямейнае чытанне.


– Пачыналася ўсё ў 2016 – 2017 навучальным годзе з праекта «Чытаем усёй сям’ёй». Склала спіс літаратуры, буклеты для дзяцей і бацькоў, ладзілі гульню па кнізе «Народныя казкі для дзетак», рыхтавалі выставы, – расказвае Жанна Пятроўна. – Праект завяршыўся, а работа ў гэтым накірунку працягваецца. У мінулым годзе падчас тыдня кнігі запрасілі дзяцей і бацькоў у «Сямейную гасцёўню». З задавальненнем яны ўдзельнічалі ў конкурсах, выконвалі заданні.


Цікавасць і патрэба чытаць нараджаюцца ў сям’і. Гэта школьны бібліятэкар ведае з уласнага вопыту. Шмат чытаў яе тата. З кнігамі бавілі час трое дзяцей. І ў дарослым жыцці іх з рук не выпускаюць.
Настаўнікі раілі Жанне паступаць на філфак. Яна выбрала прафесію юрыста.


– Тэхнікум я скончыла ў 1993 годзе. Уладкавацца па спецыяльнасці ў той час было цяжка, – успамінае субяседніца. – Шмат дзе працавала, а сваё месца знайшла ў школьнай бібліятэцы ў Наўгародах, куды прыйшла ў 1999-м.


На працу былую вучаніцу запрасіла Антаніна Кляшчонак. На той час яна была дырэктарам Наўгародскай школы, а да таго выкладала ў Дворнасельскай і памятала пра любоў Жанны да кніг.


Пасля Жанна Пятроўна завочна скончыла факультэт псіхалогіі дзяржаўнага педуніверсітэта імя М. Танка. І засталася ў бібліятэцы. Толькі ўжо ў Новапагосцкай школе, куды перавялі з зачыненай Наўгародскай. Тут кніжныя справы сумяшчае з работай выхавацеля ў групе падоўжанага дня. Знаходзіць агульную мову з дзецьмі дапамагаюць псіхалагічная падрыхтоўка і цікавыя кнігі.


Захопленая справай бібліятэкар перадае свой запал вучням. У мінулым годзе ўдзельнічалі ў конкурсе «ЧтениеPROдвижение». Маша Трубіла пісала рэцэнзію на кнігу Людмілы Рублеўскай. Ульяна Батура зрабіла малюнак да казкі Алены Масла. Работам далі высокую ацэнку, запрасілі дзяўчат у Нацыянальную бібліятэку на сустрэчу з пісьменнікам, уручылі падарункі. У тым ліку кнігу сучаснай маладой беларускай аўтаркі Сафіі Ворса «Горад аслеплых скрыжаляў». З цікавасцю чыталі яе і школьнікі, і бібліятэкар.


– Мне больш блізкія творы беларускіх пісьменнікаў. Падабаюцца Людміла Рублеўская, Мікалай Чаргінец, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, – гаворыць Жанна Пятроўна. – Цікава чытаць псіхалагічныя мастацкія творы, дзе шмат увагі надаецца адносінам паміж людзьмі.


У акружэнні цікавых кніг і цікаўных дзяцей Жанна Мароз дваццаць гадоў. За гэты час са сховішча і пункта выдачы літаратуры школьная бібліятэка ператварылася ў пляцоўку цікавых ідэй і творчых знаходак. Нядаўна бібліятэкар пабывала на абласным семінары, адкуль вярнулася з новай задумкай – навучыцца букфолдынгу. Так называецца майстэрства складваць кніжныя старонкі ў розныя фігуры. Гэта другое жыццё для спісаных выданняў, якія стануць прывабным дэкорам.
Кнігі трэба чытаць, а не сувеніры з іх рабіць, заўважаць скептыкі. У Новапагосцкай школе чытаюць. І не толькі творы школьнай праграмы.


– Вучні пачатковых класаў – самыя актыўныя чытачы. Ёсць такія і сярод старшакласнікаў, – гаворыць бібліятэкар. – Нягле-дзячы на сучасныя гаджаты, дзеці працягваюць гартаць кніжныя старонкі. Я не веру ў тое, што электронная кніга з часам заменіць друкаваную.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 апреля 2021
Никита

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Госці краін

free counters
Партнеры сайта