Авторизация
 

Узнагароды даюць заслужаным. Даказана на прыкладзе вадзіцеля Яўгена Малецкага

 Сярод землякоў, ушанаваных у савецкі час высокімі ўзнагародамі, вельмі мала шафяроў. У іх ліку Яўген МАЛЕЦКІ. За час працы ў раённым аб’яднанні «Сельгасхімія» адзначаны двойчы – ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны». Яўген Казіміравіч жыве на ціхім завулку ў прыватным сектары райцэнтра. На пенсію выйшаў у прадугледжаным тады законам 60-гадовым узросце, бо стала сур’ёзна падводзіць здароўе. Пасля перажыў два інсульты. Цяпер ён інвалід першай групы. Нямала часу праводзіць на ложку, ля якога пастаянна стаіць інвалідная каляска.

– Нарадзіўся ў Дубашынскім Двары, вучыўся ў Міёрскай сярэдняй школе, – апавядае пра сябе ветэран. – У школу ДТСААФ у Шаркаўшчыне накіраваў ваенкамат. Хаця да службы ў арміі справа не дайшла: як адзіны сын даглядаў маці, і сам стварыў сям’ю, у ёй ужо выхоўваліся двое дзяцей.


Пасля вучобы ўладкаваўся ў БМУ меліярацыі, база якой размяшчалася ў суседняй вёсцы Клётаў Двор. Працаваць пачаў на магутным гусенічным трактары С-100, такія машыны выкарыстоўваліся як бульдозеры і карчавальнікі. Работы хапала пры разраўноўванні кавальераў пасля пракладкі асушальных каналаў, пры правядзенні культуртэхнічных работ на палях, у тым ліку зборы вялікага камення. Гэтым займаўся і на ўгоддзях саўгаса «Міёрскі». Нават выраўноўваў плошчу пад бетонную ўзлётную паласу будучага аэрадрома.


Не надта змяніўся профіль дзейнасці, калі праз паўтара года перайшоў у сельгасхімію. Там атрымаў трактар Т-150, затым «Кіравец». Абодва магутныя, іх таксама накіроўвалі пераважна ачышчаць палі ад камення, на ворыва, апрацоўваць зямлю. Хаця даводзілася выконваць транспартныя і іншыя работы.


Пастаяннымі перавозкамі заняўся, як перасеў у канцы 70-х гадоў на грузавую машыну. Далёка не новым быў той першы для яго ЗІС-150, ды і наступны КамАЗ, затое справа па душы. І магчы- масць зарабіць больш, што таксама немалаважна. Для сябе выпрацаваў тактыку: да аўтамабіля прыходзіў як мага раней, каб правесці тэхабслугоўванне і заправіцца, затым хутчэй скіравацца ў рэйс, – тады не трэба доўга стаяць у чарзе перад пагрузкай. Грузаў хапала, з мінеральнымі ўгнаеннямі ездзіў ва ўсе гаспадаркі раёна, як пачыналася ўборка – дастаўляў з калгасаў зерне і бульбу, перавозіў буракі, зімой больш за ўсё займаўся тарфакрошкай. Здараліся і іншыя паездкі. Пры гэтым часта загружаўся на ноч, каб раніцай адным з першых выехаць за вароты.
Адказнасць, стараннасць, дасягненні цаніла кіраўніцтва.


– Проста трэба працаваць, – лічыць Яўген Казіміравіч. Дадае, што сумленнымі былі і вадзіцелі Анатоль Садоўскі, Арнольд Рымдзёнак, Альфонс Латышонак і дзясяткі іншых, – аўтапарк сельгасхіміі быў вялікім. Пра асновы шафёрскага майстэрства нешматслоўны: «Трэба добра ведаць тэхніку, клапаціцца пра яе і акуратна ездзіць».


– Аўтапарк сельгасхіміі меў каля сотні грузавых аўтамашын і з дзясятак спецыяльных, – узгадвае тагачасны кіраўнік службы аўтаперавозак Міхаіл Пальчэх. – Выдатных працаўнікоў сярод вадзіцеляў налічвалася нямала. Яўген Малецкі ніколі не адмаўляўся ад далёкіх рэйсаў, яму давяралі паездкі па гарадах Расіі і іншых рэспублік. Асаблівых поспехаў дабіваўся на перавозцы тукаў і тарфакрошкі.


Даводзілася вадзіцелю буксаваць на гразкіх дарогах, выпраўляць паломкі ў зімовую сцюжу, начаваць у кабіне. Пасля ліквідацыі сельгасхіміі калясіў на фуры па дарогах Францыі, Галандыі, Бельгіі, Іспаніі, Германіі, Румыніі, Польшчы, Расіі і іншых краін. Працаваў у прадпрымальніка. Пакуль хваробы ног не нагадалі пра перанесеныя перанапружанне і халады.

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта