Супрацоўнікі цэнтральнай раённай бальніцы спаборнічалі ў фотаконкурсе «Я дапамагаю маме», прымеркаваным да Дня маці.
У актавай зале ЦРБ на стэлажы шмат яркіх фотаздымкаў.
– Наш двухгадовы сынок Дзіма любіць збіраць грыбы з татам і мамай. Таму і фотасюжэт адпаведны. Пазіраваў ахвотна, – расказвае старшы рэнтгеналабарант Аляксандр Вішнеўскі.
– Унучцы Алісе тры гады. Дапамагае бабулі ў кветніку. Асабліва падабаецца паліваць расліны. Вось і сфатаграфавалі яе з палівачкай, – гаворыць старшая медсястра Жанна Касевіч.
– Нашай Сабрыне пяць гадоў. Сёлета гарбузы добрыя ўрадзілі. І здымак з імі цікавы атрымаўся, – дзеліцца гісторыяй конкурснай работы медсястра Валянціна Развадоўская.
Чым толькі ні займаюцца дзеці і ўнукі міёрскіх медыкаў. Лепяць пельмені, гатуюць салаты, збіраюць ураджай, носяць дровы, нават шыюць на швейнай машынцы.
Усяго ў конкурсе, арганізаваным прафсаюзнай пярвічкай, паўдзельнічалі 28 юных памочнікаў.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.