Святкаванне Дня пажылых людзей, арганізаванае прэзідыумам раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў для свайго актыву, прайшло ў зале тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. З прыроднай з’явай параўноўвалі важны перыяд жыцця – актыўнае грамадскае, працоўнае і проста сямейнае даўгалецце. А што яно па-сапраўднаму актыўнае, пацвердзілі выступленне з пажаданнямі і абмен думкамі, нараджэнне новых ідэй, удзел у конкурсах, дружнае выкананне песень юнацкіх гадоў.
Мерапрыемства пачалося з віншаванняў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава адзначыла, што гэта сустрэча з вельмі добрымі знаёмымі, сябрамі. Падзякавала ўсім за былую працу і цяперашнія намаганні заставацца ўнутраным стрыжнем грамадскага жыцця. «На актыўнасць многіх з вас мы яшчэ разлічваем», – запэўніў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба.
Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур па традыцыі зрабіў кароткую справаздачу аб праведзенай рабоце за мінулы год. Яна заключалася ў наведванні, вывучэнні ўмоў жыцця і арганізацыі аказання падтрымкі ці дапамогі доўгажыхарам, юбілярам, ветэранам Вялікай Айчыннай і вязням фашысцкіх канцлагераў. Важнай падзеяй стаў вечар памяці Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Кандрашова, шырока адзначаны гадавіна вываду савецкіх войск з Афганістана, Дзень Перамогі, юбілей вызвалення рэспублікі і раёна ад нямецка-фашысціх захопнікаў і інш.
Прымалі дэлегацыі суседзяў і арганізоўвалі паездкі з абменам вопытам. У трэці раз пройдзе ветэранская спартакіяда, толькі не 4, як планавалася, а 10 кастрычніка.
Ветэранская арганізацыя будзе ўдзельнічаць у парламенцкіх, а затым і ў прэзідэнцкіх выбарах, вылучае сваіх прастаўнікоў у склад выбарчых камісій і назіральнікаў. Наперадзе нямала юбілейных дат і знамянальных падзей. У самой арганізацыі ў канцы 2020 года важная кампанія – справаздачы і выбары ў ветэранскіх пярвічках.
Часлаў Станіслававіч падзякаваў свайму актыву і асабліва – спонсарам за падтрымку ў рабоце.
Удзельнікі сустрэчы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць сяброў, якіх сёлета праводзілі ў апошні шлях. Для прысутных найбольш часта гучалі пажаданні здароўя. «І каб у душы заўсёды заставаліся маладымі», – дапоўніў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслаў Бялько.
Старшыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алена Шамёнак параіла людзям у мудрым узросце прысвяціць сябе любімай справе, сям’і і ўнукам. Прывяла прыклады, калі дапамагаюць у гэтым сацыяльныя службы.
Свае пажаданні дзядулям і бабулям выказалі вучні пачатковых класаў СШ № 2.
Розныя конкурсы прапаноўвалі ўдзельнікам сустрэчы вядучая Юлія Машара і яе памочніцы Міраслава Плотнікава і Кацярына Шульга. У перапынках прагучала нямала выступленняў і прапаноў. Ала Смерцьева падзякавала ветэранам за падтрымку раённай арганізацыі беларускага Фонду міру і магчымасць стварэння помніка «Дзеці міру – дзецям вайны».
Пажадаў калегам заставацца такімі ж актыўнымі 92-гадовы кіраўнік ветэранскай арганізацыі ПМК-55 Уладзімір Лапкоўскі, якога можна назваць запявалам сустрэчы.
Заклікаў удзельнікаў мерапрыемства больш займацца спортам 77-гадовы Мікалай Каранкевіч. І як даўні работнік культуры прапанаваў стварыць ветэранскі хор.
Раіса Парфёненка і Зоя Родзіна разыгралі сцэнку пра тое, як выхоўваюць унукаў некаторыя бабулі. Пасля Раіса Васільеўна адзначыла, што ў аўдыторыі – усе бабулі, якія ўсё ўмеюць і могуць. Можа правесці конкурс? Прагучалі прапановы сустракацца часцей, наладзіць спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, зборы грыбоў ці ягад. Больш расказваць дзецям пра сваё дзяцінства, каб даваць арыенціры ў жыцці.
Сустрэча закончылася на пазітыўнай ноце і кожнаму ўдзельніку запомніцца на- дзённымі пажаданнямі, актыўнасцю «пад ціхі шолах лістападу».
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.