Авторизация
 

Алена Стаўская вучыць дзяцей ствараць прыгажосць сваімі рукамі

 Выхаванцы Алены Сяргееўны званка на перапынак не чакаюць. За цікавым заняткам забываюцца на час. То выводзяць ніткай узор на тканіне, то плятуць з бісера кветкі, то асвойваюць дэкупаж, ператвараючы звычайны шкляны слоічак у практычнае ўпрыгожанне.

Бісерапляценне, бацік, дэкупаж, вышыўка. Гэтыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва добра знаёмыя і аднолькава цікавыя настаўніцы Завуццеўскай школы Алене Стаўскай.

Больш за 20 гадоў Алена Стаўская займаецца з дзецьмі. На ўроках працоўнага навучання і занятках па інтарэсах прывівае школьнікам эстэтычны густ, вучыць быць цярплівымі і верыць у сябе. Радуецца поспехам, што стварылі сваімі рукамі.


– Люблю дзяцей. Падабаецца працаваць з імі. Прыемна, што іх вабіць творчасць, – гаворыць настаўніца. – Сама рукадзеллем са школьнай пары захапляюся. Любіла вышываць, вязаць.


Пасля Туркоўскай дзесяцігодкі Алена выбрала прафесію творчую, але ад школы далёкую. Паступіла ў Віцебскае швейнае вучылішча. Права выкладаць атрымала ў індустрыяльна-педагагічным каледжы.


 Першае працоўнае месца – Дрыгуцкая школа на Міёршчыне. Праз два гады скіравалася ў Глыбокае. Там скончыла курсы па саломапляценні. Яго называе сваім першым сур’ёзным захапленнем. Пра поспехі сведчыць кніга «Саломенных спраў майстры Віцебшчыны», дзе змешчаны артыкул пра Алену Стаўскую.


Падчас вучобы на завочным аддзяленні мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава захапілася бацікам. Работы ў гэтай тэхніцы ўдзельніца міёрскага клуба народных майстроў «Святліца» прадстаўляла на «Славянскім базары», на святах горада ў Браславе, Паставах, Полацку і іншых.


– Удзельнічаць у святах і фестывалях цікава. Гэта магчымасць пазнаёміцца з іншымі майстрамі, пабачыць іх работы, павучыцца, – заўважае субяседніца. – У вольны час заходжу на сайты па рукадзеллі. Там шмат ідэй і прапаноў.


Праз інтэрнэт Алена Сяргееўна асвоіла дэкупаж. Асабліва падабаецца прымяняць яго на кухонных апрацоўчых дошчачках. У выніку прадмет, без якога не абысціся гаспадыням, акрамя практычнай набывае эстэтычную функцыю. Прывабна выглядаюць талеркі, аздобленыя перанесенымі з папяровых сурвэтак узорамі і яечным кракелюрам.


 Свой вопыт педагог і майстрыца абагуліла ў рабоце «Развіццё творчых здольнасцей на прыкладзе тэхнікі дэкупаж». Калегі паставілі высокую адзнаку. Дарэчы, сёлета здала на вышэйшую катэгорыю.


У Завуцці Алена Стаўская працуе з 2000 года. Ад выпускнікоў не раз чула словы ўдзячнасці за раскрытыя таленты і практычныя навыкі, якія спатрэбіліся ў дарослым жыцці. З цікавасцю асвойваюць тэхнікі рукадзелля цяперашнія вучні. Шасці-дзевяцікласнікі на занятках па інтарэсах «Творчы калейдаскоп» плятуць з бісера, робяць дэкупаж, асвойваюць газетную лазу. На «Фабрыцы цудаў» займаюцца цестапластыкай, бісерапляценнем, вучацца вышываць малодшыя школьнікі. Часта ў праграму заняткаў уключана чаяпіцце. Ласункі настаўніца гатуе сама. Частуе дзяцей пышнымі бісквітамі з шакаладнай глазурай і іншай выпечкай. Кулінарыя для педагога таксама занятак захапляльны.


Выхаванцы радуюць поспехамі. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе работа Таццяны Чэрап – вышыты ручнік – заняла першыя месцы на раённым і абласным этапах конкурсу «Здравствуй, мир!»


Сёлета вучняў у Алены Стаўскай паболела. Акрамя Завуццеўскай, вядзе заняткі ў Дзісенскай школе. Знаходзіць узаемаразуменне з дзецьмі настаўніцы дапамагаюць стрыманасць, уважлівасць, цярплівасць. Любіць тое, чым займаецца, і тых, з кім дзеліцца сваімі ведамі і ўменнямі.


Імкнецца да развіцця ў свеце творчасці. Нядаўна паспрабавала новы для сябе занятак – мылаварэнне. Атрымалася з першага разу. Паказвае на каляровыя кавалачкі ў форме лісточкаў і фруктаў, акуратна раскладзеныя на сурвэтцы. Удалы пачатак натхняе на працяг.


– Рукадзелле не адзінае маё захапленне, – гаворыць субяседніца. – Езджу на заняткі па фітнесе ў Дзісну. Выступаю за школу на спаборніцтвах па настольным тэнісе і лыжных гонках. Вельмі люблю падарожнічаць. Сёлета пашчасціла пабываць у Егіпце. Дзесяцідзённы адпачынак пакінуў яркія ўражанні.


Падчас размовы з Аленай Стаўскай робіш выснову, што шэрых будняў у яе не бывае. Дні настаўніцы распісаны колерамі фарбаў, аплецены ўзорамі з бісеру, вышыты яркімі ніткамі. Іх асвятляюць усмешкі дзяцей, якія запальвае радасць новых творчых удач.

Фотаматэрыял аўтара і з асабістага архіва Алены СТАЎСКАЙ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 апреля 2021
Никита

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Госці краін

free counters
Партнеры сайта