Авторизация
 

Дарога лёсу прывяла Валянціну Любакову ў родную вёску

 Часам трэба прайсці паўсвету, каб знайсці свой скарб дома. Міёры, Наваполацк, Нагінск. Блізкія і далёкія пункты ўпісаны ў біяграфію сельскай настаўніцы. Валянціна ЛЮБАКОВА верыць у лёс, па волі якога пасля доўгіх вандровак вярнулася ў сваю вёску Мікалаёва. Тут у яе жыцці адгарнулася чарговая старонка, куды працягвае ўпісваць новыя радкі.

Яна магла б стаць актрысай сталічнага Купалаўскага тэатра, але тады дзясяткі сельскіх хлопчыкаў і дзяўчынак не развучылі б народныя і класічныя танцы, не сыгралі б свае ролі ў школьных спектаклях.

У ПАЧАТКУ 90-х гадоў у раскладзе ўрокаў вучняў Мікалаёўскай базавай школы з’явіліся два новыя прадметы – рытміка і асновы тэатральнай дзейнасці. Дзеці вучыліся танцаваць польку, сіртакі, вальс і іншыя танцы, ужываліся ў вобразы герояў, якіх ігралі ў спектаклях. Гэта было нова, цікава, захапляльна. Займалася са школьнікамі артыстычная, пазітыўная і добразычлівая Валянціна Любакова.


Столькі часу мінула, а яна ўсё такая ж. Энергічная, вясёлая, з добрым гумарам і шчырай усмешкай. Па-ранейшаму вучыць дзяцей рухацца ў такт музыцы і вымаўляць фразы з патрэбнай інтанацыяй. Як і амаль тры дзясяткі гадоў таму, школьныя спектаклі суправаджаюць авацыі.


 Змяніліся толькі месца працы і педагагічная нагрузка. На работу ў Сіцькова едзе на школьным аўтобусе. З сумам пазірае на будынак зачыненай Мікалаёўскай школы, схаваны за доўгімі галінамі калісьці ледзь не пад лінейку стрыжаных дэкаратыўных кустарнікаў, і былы дзіцячы садок, які нядаўна стаў магазінам.


– Шкада, што зачыняюць сельскія ўстановы адукацыі. Так знікае будучыня месцейкаў. Якая маладая сям’я паедзе жыць у вёску, дзе няма ні садка, ні хаця б пачатковай школы? – разважае настаўніца. – Гэтую праблему перш-наперш павінны вырашаць улады ўсіх узроўняў.


ВАЛЯНЦІНА ЛЯВОНЦЬЕЎНА таксама вучылася ў Мікалаёўскай школе. Тады ў сельскую васьмігодку хадзілі дзеці з Федарцоў, Касабук, Капыльшчына, Сіцькова і іншых ваколічных вёсак. Дзясяты клас заканчвала ў Дзісне. Аднакласнікі і педагогі прарочылі вясёлай і артыстычнай Валі будучыню камедыйнай актрысы.


– Паступаць у інстытут пабаялася. Падала дакументы ў Віцебскае культасветвучылішча на факультэт рэжысуры. Да творчага экзамену трэба было рыхтаваць байку, эцюд, танец, прозу. З чым давядзецца выступіць, даведаешся толькі на іспыце. Выбрала блізкі мне гумарыстычны напрамак, – успамінае субяседніца.


 Вучылішча таленавітая студэнтка скончыла з дыпломам з адзнакай. Паступіла на завочнае аддзяленне тэатральнага факультэта сталічнага інстытута культуры.


ПЕРШАЕ працоўнае месца – Дзісенскі гарадскі Цэнтр культуры. Затым год загадвала аўтаклубам у Міёрскім РДК. Пасля тры гады была рэжысёрам узорнага дзіцячага тэатра ў Полацкім гарадскім Доме культуры. Вяла розныя гарадскія мерапрыемствы. На адным з іх танцавала польку беларускую разам з тагачасным міністрам культуры Юрыем Міхневічам. Яркую і смелую вядучую заўважыла дырэктар наваполацкага Палаца нафтавікоў. Запрасіла загадваць культурна-масавым аддзелам. Так Валянціна перайшла на новую пасаду і пераехала з інтэрната ў кватэру ў маласямейцы, якую атрымала ад работы.


Цікавая прапанова паступіла на дзяржаўным экзамене ў інстытуце.
– Экзаменаваў нас галоўны рэжысёр Беларускага тэатра імя Я. Купалы Валерый Раеўскі. У спектаклі я іграла камедыйную ролю. Аб’явіць адзнаку мяне паклікалі апошняй. Тады падумала, што, напэўна, экзамен не здала, – успамінае.


Перажывала дарэмна. Паставілі пяцёрку і паабяцалі ўзяць у штат тэатра. Але пры адной умове: патрэбна мінская прапіска. Гэтае пытанне аказалася невырашальным, дзяўчына вярнулася ў Наваполацк.


Але ненадоўга. Выйшла замуж, і разам з мужам падаліся на заробкі ў Эвенкійскую аўтаномную акругу. Уладкаваліся ў пасёлку Нагінск. Там набыла вопыт работы ў школе, дзе арганізоўвала пазакласныя мерапрыемствы, вяла ўрокі рытмікі і тэатра. А яшчэ палюбіла збіраць грыбы, якімі была багатая мясцовасць, і есці рыбу.


– Чырвоная рыба і ікра ледзь не штодня былі на стале. Шмат розных ягад там расло. Парэчкі нібы вінаград, – расказвае. – У Нагінску пражылі чатыры гады. Можа быць, і засталіся б там, калі б не распаўся Савецкі Саюз. Не ведалі, ці будзе сувязь з Беларуссю. Вярнуліся.


Зноў Валянціну запрашалі ў наваполацкі Палац нафтавікоў. Але змена клімату адбілася на здароўі. Урачы параілі змяніць горад на сельскую мясцовасць.


– Я вельмі ўдзячна былому дырэктару Мікалаёўскай школы, заслужанаму настаўніку Галіне Баляславаўне Спасібёнак. Яна ўзяла мяне на работу. Пастаянна падтрымлівала. Была зацікаўлена ў тым, каб дзеці ўсебакова развіваліся, – гаворыць Валянціна Лявонцьеўна.
КОЖНЫ навучальны год завяршаўся спектаклем. Зала мясцовага клуба запаўнялася цалкам. Вяскоўцы з цікавасцю глядзелі гісторыі, што паказвалі іх дзеці. Добрая традыцыя працягваецца. Так, на мінулым свяце апошняга званка вучні Сіцькоўскай школы прадставілі мюзікл «Муха-цакатуха».


Паспяхова выступаюць выхаванцы Валянціны Любаковай на конкурсе «Здравствуй, мир!» Напрыклад, Аня Ісаковіч заняла трэцяе месца на абласным этапе. Пераможцай у вобласці была выпускніца Дзіна Белазорчык. Высока ацэньвала журы абласных конкурсаў агітбрыгады і спектаклі. Былых вучняў Пятра Шаршнёва, Жанну Кубліцкую адзначалі як найлепшых акцёраў.


Настаўніца памятае ўсіх сваіх таленавітых юных артыстаў. У яе фотаальбомах шмат здымкаў з канцэртаў і спектакляў. Дзеці выбралі розныя прафесіі, але акцёрскія навыкі лішнімі не сталі.


– Прадметы з эстэтычным ухілам патрэбны ў школьнай праграме. Яны развіваюць мысленне і логіку, – гаворыць педагог. – Чытала пра японскую сістэму адукацыі. Там з першага да апошняга класа вучні займаюцца танцамі, музыкай, маляваннем. У нас, на жаль, па-іншаму.


СЯБРЫ і знаёмыя не раз пыталіся ў Валянціны, што тая робіць у вёсцы, раілі вяртацца ў горад. Яна даверылася лёсу і засталася на малой радзіме. Па выхадных едзе ў Полацк. Адпачывае душой у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, на канцэртах арганнай музыкі ў Сафійскім саборы. Вольным часам ідзе ў лес. Не столькі па ягады ці грыбы, колькі за асалодай і энергіяй, якую дорыць прырода.
У гэтым навучальным годзе працуе музычным кіраўніком у садку і вядзе заняткі па інтарэсах «Театр, где играют дети». Запальвае новыя зорачкі на небасхіле школьных талентаў.

Фотаматэрыял з асабістага архіва Валянціны ЛЮБАКОВАЙ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 564
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 81 968
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 64 948
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 41 050
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 702
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 174
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 245
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 октября 2019
Андрей, Борис, Василий, Георгий, Давид, Иван, Константин, Михаил, Петр, Степан, Федор, Анна

Именины 14 октября 2019
Александр, Алексей, Георгий, Иван, Михаил, Николай, Петр, Роман, Вера

Госці краін

free counters
Партнеры сайта