Авторизация
 

Успаміны пра школу грэюць душу настаўніцы Алены Сівіцкай

 Строгая, але справядлівая. Так характарызавалі Алену Сівіцкую вучні. Без малога 40 гадоў прысвяціла яна школе. Амаль 30 на заслужаным адпачынку. І цяпер тэлефануюць, шлюць паштоўкі, прыносяць букеты кветак, запрашаюць на юбілеі выпускаў дарослыя дзеці.

– Настаўнік можа зрабіць вучню заўвагу, але не мае права дапускаць грубасць, прыніжаць асобу дзіцяці, – лічыць Алена Арцёмаўна. – Педагогу неабходна душэўная дабрыня. Дзеці адчуваюць, дзе шчырасць, а дзе падман.

– Нядаўна сустракалася з выпускнікамі 1989 года. Прыемна, што памятаюць, са святамі віншуюць, – гаворыць ветэран педагагічнай працы. – Пра школу ў мяне засталіся светлыя ўспаміны. Любіла сваю работу за зносіны з дзецьмі. Цікава было назіраць, як з наіўных маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак яны становяцца сур’ёзнымі маладымі людзьмі. У калектыве адносіны будаваліся на ўзаемаразуменні і даверы. Дзеці ішлі ў школу за ведамі, педагогі працавалі па сумленні.


Большая частка педагагічнага шляху Алены Арцёмаўны Сівіцкай пралягае праз Язненскую школу. А пачынаўся ён у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце.

На сняданак –
чай з сушкамі

Прафесію настаўніка Алена Арцёмаўна выбрала, гледзячы на сваю цёцю. Тая выкладала ў малодшых класах. Часта пляменніца вечарамі дапамагала правяраць сшыткі.


Скончыўшы 10 клас Дзісенскай школы, Алена скіравалася ў Маладзечна. У інстытуце рыхтавалі настаўнікаў для 5 – 7 класаў. Тэрмін навучання – два гады.


 – Дадому ў вёску Шпакоўшчына, што ў Полацкім раёне, прыязджала толькі на зімовыя і летнія канікулы. Жыла на стыпендыю. Снедалі чаем з сушкамі, – успамінае субяседніца. – З дому не маглі дапамагаць матэрыяльна. Тата на вайне ў партызанах загінуў. Мама засталася адна з трыма дзецьмі, у калгасе працавала. Дзядуля і бабуля пенсію не атрымлівалі. Толькі цёця-настаўніца час ад часу грошы мне перасылала.


Студэнцкі інтэрнат асаблівымі выгодамі не вызначаўся. У пакоі мінімум мэблі. Гатавалі на прымусе. Аднак і такія ўмовы падаваліся зручнымі пасля апаленага вайной дзяцінства, якое Алене Арцёмаўне і цяпер цяжка ўспамінаць. Расказала толькі, як аднойчы дзевяць дзён хаваліся ў лесе ад паліцаяў.


Свой першы ўрок студэнтка-практыкантка правяла ў сёмым класе. Не прыгадала, якую тэму праходзілі па беларускай літаратуры, але памятае, што моцна хвалявалася.
У 1954 годзе накіравалі на працу ў Дзісенскі раён.


Вучні
станавіліся калегамі

Драўляны двухпавярховы будынак. На другім паверсе – настаўніцкая і піянерскі пакой. Заняткі ў дзве змены. Такой запомніла Алена Арцёмаўна сваё першае месца працы – Цвецінскую школу. На першым уроку дзевяцікласнікі спыталі ў маладога педагога, што такое аптымізм. Так правяралі ўзровень яе эрудыцыі.


Праз два гады настаўніцу беларускай мовы і літаратуры прызначылі намеснікам дырэктара Блошніцкай школы, што ў язненскіх мясцінах. У сельскай сямігодцы навучалася больш за 200 вучняў з ваколіц і суседняга Глыбоцкага раёна. Тут прайшлі тры гады.
Новая старонка педагагічнай біяграфіі – Язненская сярэдняя школа. Сюды Алена Арцёмаўна прыйшла працаваць пасля водпуску па доглядзе дзіцяці. На той час завочна скончыла філалагічны факультэт Гомельскага педінстытута. Выкладала рускую мову і літаратуру, затым вярнулася да ўжо знаёмых абавязкаў намесніка дырэктара. Узнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі БССР», шматлікімі граматамі.


– У 70-я гады ў Язненскай школе вучылася больш за 600 вучняў. Былі паралельныя класы, – успамінае Алена Арцёмаўна. – Намеснікам дырэктара мне працавалася лёгка. Дружны і моцны педагагічны калектыў, падтрымка калег. Дзеці хацелі вучыцца. Вірыла культурна-масавае жыццё. Ладзілі віктарыны, агляды мастацкай самадзейнасці паміж класамі. Нашы выпускнікі знаходзілі сябе ў самастойным жыцці. Атрымлівалі сельскагаспадарчыя прафесіі, станавіліся юрыстамі, урачамі. Многія ішлі ў педагогіку.
Так, ад былой вучаніцы і калегі Таццяны Юршэвіч, якая жыве ў Пецярбургу, Алена Арцёмаўна кожны год атрымлівае паштоўкі да Дня настаўніка. Вучыла яна і былога дырэктара Язненскай школы Івана Шыкулу, пад чыім кіраўніцтвам пасля працавала.

Кніга застаецца
з філолагам

З 1992 года Алена Арцёмаўна на заслужаным адпачынку. Прызнаецца, часам у сваіх снах піша планы ўрокаў, сустракае праверку. Школьныя гады падарылі настаўніцы задавальненне ад сваёй работы, удзячных вучняў і верную сяброўку на ўсё жыццё. З Галінай Антонаўнай Маняк, якая пражывае ў Ідолце, пазнаёміліся яшчэ ў восьмым класе Дзісенскай школы, а затым разам працавалі ў Цвеціне. Пасля іх педагагічныя сцежкі разышліся, а сяброўства захавалася. Раней ездзілі адна да адной у госці, цяпер трымаюць сувязь па тэлефоне. Прыгадваюць мінулае, дзеляцца тым, што на душы.


Пражывае Алена Арцёмаўна адна. Муж Уладзімір Антонавіч амаль 30 гадоў як пайшоў з жыцця. Разам яны выхавалі трох сыноў. Фёдар і Аляксандр выбралі ваенныя прафесіі, Уладзімір пайшоў у педагогіку. Шмат гадоў працаваў у Цвецінскай школе, цяпер займаецца фізкультурай з язненскімі вучнямі і выхаванцамі Дзісенскага яслі-сада.


У Алены Арцёмаўны пяць дарослых унукаў, чатыры праўнукі. Калі прыязджаюць наведаць, разам з гасцінцамі вязуць сканворды і судоку. За імі любіць бавіць час былая настаўніца.


Чытае кнігі. Ва ўласнай бібліятэцы творы А. Макаранкі, К. Сіманава, Л. Талстога, Т. Драйзера і іншых рускіх і замежных класікаў. Любімы беларускі аўтар – Іван Мележ. Нядаўна перачытвала «Палескую хроніку». Падабаецца паэзія А. Пушкіна, А. Блока, С. Ясеніна.


– Трэба чытаць мастацкую літаратуру. Яна абагачае маўленне, абуджае да разваг, – гаворыць філолаг. – Памятаю, як школьнікамі мы ўсім класам заставаліся пасля ўрокаў і ўслых чыталі «Горе от ума» А. Грыбаедава, таму што кніг не хапала. У сучасных дзяцей шмат магчымасцей для самаразвіцця. Настаўнік – ужо не адзіная крыніца ведаў, як гэта было раней. Аднак яго праца па-ранейшаму важная і неабходная. І да яе трэба ставіцца з пашанай.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з асабістага архіва Алены СІВІЦКАЙ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта