Авторизация
 

Ветэран працы Віктар Барок працаваў брыгадзірам у "Баявым партызане"

 Звыклы вясковы ўклад жыцця нягледзячы на ўзрост бярэ сваё: мог бы ветэран працы з Чэрасаў Віктар Аляксандравіч БАРОК не клапаціцца пра свой гектарны надзел зямлі і гадаванцаў у хлеўчуку, але як сяльчаніну без гэтага. Збажына абмалочана, бульба выкапана, сёлета клубні ўрадзілі – на дваіх столькі і не трэба. Заставалася разабрацца з кавалачкам буракоў. Не прастойвае шасік Т-16, і іржышча ў шашачным парадку пакрываецца купкамі гною. Потым будзе ворыва. Звычайныя восеньскія клопаты. Не так даўно было па-іншаму.

Віктар Барок паходзіць з Захарнёў, вёсачкі на беразе Чэраскага возера. Прафесію механізатара атрымаў пасля васьмігодкі ў Відзаўскім СПТВ. Калі вярнуўся ў свой калгас «Баявы партызан», старшыня Канстанцін Аксенцьевіч Масько даручыў маладому работніку гусенічны трактар ДТ-54. Гэтую тэхніку звычайна выкарыстоўвалі на ворыве, але яна не мела гідраўлікі, таму пры палявых работах да яе прычэплівалі дыскі. У час жніва перасеў на колавы МТЗ-5, «Беларус» з брызентавай кабінай і прыстасаваннем для стагавання саломы. І на гэтым трактары доўга не затрымаўся: неўзабаве ваенкамат накіраваў у Шаркаўшчыну на курсы вадзіцеляў. Яны былі патрэбны ў многіх відах войск, найперш у ракетных. У іх і служыў потым два гады.


Пасля службы новы старшыня «Баявога партызана» Васіль Карвацкі прапанаваў Віктару Аляксандравічу працу ў майстэрні: тэхнікі гаспадарка мела шмат, яе пастаянна трэба было рамантаваць. Яшчэ ў старым будынку (цяперашні машынны двор неўзабаве пачалі забудоўваць) рыхтаваў да выхаду ў поле гусенічныя трактары, перабіраў масты грузавых машын, кляпаў тармазныя калодкі… Адным словам, слясарыў, займаўся прывычнай справай. Па профілі дзейнасці паступіў на завочную вучобу ў Гарадоцкі сельгастэхнікум.


Малады, працавіты, гаспадарлівы, ведае тэхніку, умее абыходзіцца з людзьмі, вучыцца… Мяркую, гэтыя радкі былі ў яго характарыстыцы, калі ў 1974 годзе кіраўніцтва калгаса прапанавала пасаду загадчыка гаража. Толькі Віктара Аляксандравіча вабіла і поле. Нават у вучобе пераарыентаваўся: перавёўся з Гарадоцкага тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі ў Лужаснянскі, дзе атрымаў дыплом агранома. З такімі схільнасцямі шлях таксама быў перадвызначаны – кіраваць трактарнай брыгадай. Брыгадзірам прызначылі ў пачатку сакавіка наступнага 1975-га, напярэдадні самага напружанага перыяду сельгасработ.


У падпарадкаванні брыгадзіра трактарнай брыгады на той час было больш за чатыры дзясяткі трактараў розных марак з прычапнымі і навяснымі сельгасмашынамі і прыладамі, якія выконвалі ўсе палявыя работы, збожжавыя камбайны К-3, К-4, а затым і «Нівы». Трэба было штодзень арганізаваць іх работу, рамонт і абслугоўванне. Так, механізатараў хапала: замацоўвалі па двое за кожным трактарам. У напружаныя перыяды (на ворыве вясной і восенню, на вывазцы тарфакрошкі зімой) тэхніка працавала ў дзве змены. Людзі стараліся. І цяпер у ліку найлепшых работнікаў Віктар Аляксандравіч называе Мікалая Матэленка, Генадзя Гугалу, Мікалая Марозьку, Генадзя Кушуця, Івана Барка. Не стрымлівала наяўнасць паліва. Затое ў вялікім дэфіцыце былі запчасткі. Не мелі магчымасці адрамантаваць усю тэхніку ўласнымі сіламі, колавыя трактары адпраўлялі на аднаўленне ў Слуцк, гусенічныя – у раённую сельгастэхніку.

Брыгадзір – а гэта інжынер і аграном у адной асобе – пасля выдачы пуцёвак увесь час быў у паездках. Яго матацыкл штодзень бачылі ля тэхнікі ад Басяных да ўскрайку Яльнянскага балота, у Залессі. І так на працягу сямі гадоў. Невялікім перапынкам стаў перыяд, калі выконваў абавязкі інжынера па працаёмкіх працэсах. А потым зноў працаваў брыгадзірам, але ў новых умовах. Калгас «Баявы партызан» узбуйніўся за кошт угоддзяў сельгасарцелі імя Мічурына з цэнтрам у Старых Круках. Замест брыгаднага дзялення ўтварылі вытворчыя ўчасткі, напачатку чатыры, потым засталіся два. Калі брыгада – гэта профільнае вытворчае падраздзяленне (трактарная, паляводчая, ільнаводчая і г.д.), то ўчастак больш тэрытарыяльны, аб’ядноўваў арганізацыйна і тэхнічным абслугоўваннем паляводства і жывёлагадоўлю.


Такім 1-м вытворчым участкам вялікай гаспадаркі камандаваў Віктар Барок 25 гадоў. Падраздзяленне ахоплівала палі і фермы наваколляў цэнтральнай сядзібы ад Пціцкіх – Басяных да Сушкоў. Чым запомніўся гэты перыяд?


– Людзей на ўчастку было шмат, а работ – яшчэ больш, – нагадвае Віктар Аляксандравіч. – Таму з раніцы да вечара пастаянна ў клопатах. Дома ніколі не затрымліваўся, хаця ўжо жаніўся. Абед звычайна браў з сабой, пакуль не арганізавалі гарачае харчаванне. Цяпер нават уявіць цяжка, але толькі на маім участку лён займаў 100 гектараў. Так, церабілі яго камбайнамі, але ўзнімалі яшчэ ўручную, прэсы для гэтага сталі выкарыстоўваць значна пазней. Чарга машын з трастой на льнозавод займала значную частку вуліцы Ізварына, разгружаліся з цёмным, а снапкі трэбы было перакідаць з кузаваў у сцірты.


Мелі 120 гектараў бульбы. Яна радзіла нядрэнна, без дапамогі шэфаў справіцца з ёй пры ўраджайнасці ў 180 – 190 ц/га не маглі. Яшчэ да 80 га займалі буракі. Самым складаным было размеркаваць іх участкі для догляду вяскоўцам, а дакладней – вясковым жанчынам. Звычайнымі былі ўраджаі ў 300 – 400 ц/га, даходзілі і да 500. Потым клубні і караняплоды ўкладвалі для захоўвання ў бурты. Галаўны боль – накрыць іх саломай і зямлёй, каб за зіму не папсаваліся.


На корм жывёле сеялі розныя мешанкі, садзілі кукурузу, яны таксама радзілі нядрэнна. З зерневымі было прасцей, бо хапала тэхнікі для сяўбы і ўборкі. А як клапаціліся пра арганіку, намалочвалі па 33 цэнтнеры збожжа з гектара, шмат для таго часу. З такім ураджаем участак заняў другое месца ў вобласці. Гаспадарку за гэта ўзнагаро- дзілі легкавіком. Аднак мне машынай пакарыстацца не давялося. Затое тагачасны старшыня Валерый Якаўлеў прадаставіў кампенсацыю – усюдыход УАЗ-469 пасля капітальнага рамонту, які надзейна адслужыў добры дзясятак гадоў.


Заключным этапам прафесійнай дзейнасці для Віктара Барка стала праца інжынерам на комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы. А гэта найперш клопаты пра надзейную работу абсталявання, водазабеспячэнне і гноевыдаленне пры падтрымцы слесараў Івана Мальца, Міхаіла Барка, Аляксандра Граковіча і іншых. Займаўся рэканструкцыяй.

***
З выхадам на пенсію Віктар Барок не абмежаваўся гаспадарчымі справамі ў доме, на сядзібе і агародзе. Клапоціцца пра тэхніку – легкавік і шасік, якому за 30 гадоў, але гаспадара не падводзіць. Захапленнем засталася рыбалка. З вудай наведвае ўсе навакольныя азёры. І без здабычы не вяртаецца. Як кіраўнік ветэранскай арганізацыі СУП «Чэрасы» сустракаецца не толькі з суседзямі.

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 8 мая 2021
Василий, Марк, Сергей

Именины 7 мая 2021
Алексей, Валентин, Иннокентий, Иосиф, Леонтий, Николай, Сергей, Елизавета

Госці краін

free counters
Партнеры сайта