Прафілактычнае мерапрыемства «У адказе за сябе», прымеркаванае да акцыі «Адзіны дзень бяспекі», прайшло ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. З інвалідамі, што наведваюць установу, і ўдзельнікамі раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» сустрэліся супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Намеснік начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Павел Бурак і інспектар Алег Перапячаеў паказалі прафілактычныя відэаролікі. Расказалі, як дзейнічаць, калі ўзнікла загаранне, і што рабіць, каб падобнага не дапускаць. Нагадалі, як паліць у печы і карыстацца электрапрыборамі, дзе тоіцца небяспека ў праводцы і чаму ў лічыльніку не павінна быць «жучкоў», для чаго патрэбны аўтаномны пажарны апавяшчальнік.
Да сустрэчы з выратавальнікамі падапечныя цэнтра рыхтаваліся. Напярэдадні прайшоў конкурс малюнкаў па супрацьпажарнай тэматыцы. Аўтарам найлепшых работ – Максіму Жугару, Дзмітрыю Віткоўскаму і Яўгену Дзіянаву – госці ўручылі граматы.
– Хлопцам прыемна было атрымаць узнагароды ад прадстаўнікоў аддзела па надзвычайных сітуацыях, – заўважае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання Таццяна Шульга. – Увогуле сустрэча атрымалася цікавай і карыснай. Усе разам паўтарылі правілы пажарнай бяспекі, выкананне якіх засцеражэ ад непрыемнасцей.