Авторизация
 

Чым здзіўлялі і частавалі гаспадары падворкаў на "Жураўлях і журавінах Міёрскага краю"

 Фішка свята жураўлёў і журавін – сельскія падворкі. Кожны год гасцінна запрашаюць, дораць пазітыў, радуюць крэатывам. Чым здзівілі сёлета? Прагуляемся, паглядзім.

Ля ўваходу на завуццеўскі падворак – высокі казачны валун. Не трэба думаць, куды павярнуць. «Приходите сюда, чтобы в сказку поверить», – значыцца белым па чорным. А казка створана фантазіяй і ўмелымі рукамі. Вось драўляны конь вязе ў вазку кошыкі з новым ураджаем. З Папшулёў прыехаў. Далей размясцілася выстава вырабаў настаўніцы з Завуцця Алены Стаўскай. Дошчачкі ў тэхніцы дэкупаж, вышыванкі, вязаныя сурвэткі дадавалі яркіх фарбаў і эстэтыкі. Апетытныя стравы прыгатавалі цвецінскія гаспадыні Валянціна Каласёнак, Ксенія Красько, Таццяна Шчарбакова, Вікторыя Янкоўская і Анастасія Тарасёнак.


 У перабродскіх мясцінах свае майстрыцы кулінарыі. На шчодра накрытым рознай смакатой стале вылучаецца торт з крэмам колеру азёрнага блакіту.


– Прыгатавала Жанна Каравацкая, старэйшына вёскі Хутар Дзедзіна, – падказвае старшыня Перабродскага сельсавета Віктар Дзеравянчык. – Пастараліся гаспадары Павел і Тамара Маразы, Людміла Арцімёнак, Валянціна Фёдарава, Раіса Высоцкая. Традыцыйныя стравы ў нашым меню – сканцы, камы і гарачая поліўка.


Адметнасць у афармленні падворка – повязь часоў. Атрыбутыка ваеннага мінулага пакрысе змяняецца сучаснымі дэталямі. На асобным стэндзе як сімвал міру прымацаваны папяровыя белыя галубкі. На іх госці пішуць пажаданні. З аднаго боку – здымкі ваеннай пары, з другога – з мірнага жыцця.


– Фотасушка – наша сёлетняя навінка, – адзначае Віктар Мікалаевіч. – Адлюстраваць вайну і мір вырашылі невыпадкова. Сёлета адзначаем 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі, у наступным годзе юбілей Перамогі. Не лішнім будзе нагадаць пра гэта і на экалагічным свяце.
На новапагосцкім падворку салодкі мёд і кіслыя журавіны. Прадукцыю з уласнага пчальніка прапаноўваў Аляксандр Крокас. Прывёз і рамку з пчолкамі-працаўніцамі, за якімі можна паназіраць праз шкло. Да вандровак прывыклі. За сезон некалькі разоў змяняюць месца дыслакацыі.


 – Васільковы мёд з Лявонпаля, лясны з Дзехцяроў, а верасовы з Дульскіх, – расказвае Аляксандр. – Дарэчы, карысць верасовага мёду англічане параўноўваюць з каштоўнасцю аўтамабіля «Ролс Ройс».


Насупраць мядовага куточка – імправізаванае балота. Толькі журавіны рассыпаны не па імху, а па кошыках. Гаспадарыць тут дзядок-лесавічок, вобраз якога прымерыла на сябе мастацкі кіраўнік Наўгародскага СДК Святлана Паперадзень. Яркі штрых ад Новапагосцкай школы – кампазіцыі з жывых кветак. А Чапукоўская падрыхтавала тэматычную фотазону.


Ружовыя свінкі з пластыкавых бу- тэлек пасвяцца ля ўваходу на падворак Міёрскага сельсавета. Гэта «гадаванцы» Тамары Красоўскай з Чэрасаў. Упрыгожвалі тэрыторыю і яе пластыкавыя кветкі. Прыпаркаваўся тут трактар «БЕльняРУС», які змайстравалі ў СШ № 3 імя Я. Томкі. Адметнасць на стале – экалагічны посуд. У якасці талерак – гарбузы і кабачкі, дэкарыраваныя настаўніцай з Дворнасельскай школы Жаннай Пушкель. Традыцыйны пачастунак – журавіны ў цукры ад Валянціны Пальчэўскай са Старых Крукоў. Заўсёднік за гандлёвым прылаўкам – Жанна Пятроўская з Сухавержжа. Журавіны на продаж сама штогод збірае. Кажа, сёлета ўраджай не вельмі багаты.


 Шпарка ішоў гандаль у садаводаў Уладзіміра і Галіны Жэндаравых на павяцкім падворку.
– Вось навінка – сорт клубніц «Монтэрэй», дае тры – чатыры ўраджаі за сезон, – заўважае Галіна. – Попыт на ўсё ёсць. І хрызантэмы разбіраюць, і саджанцы малін ці клубніц.


У фітабары чаем на травах частуе бібліятэкар Таццяна Мутар. Зверабой, мяту, чабор сама нарыхтоўвае. За чаборам далёка хадзіць не трэба: прыжыўся дома ў кветніку. Уласную выпечку прапаноўвае Валянціна Нежывінская.


– У якасці гаспадыні на свяце першы раз. Даўно хацела паўдзельнічаць, – гаворыць яна. – Па прафесіі я кандытар. Працаваць па спецыяльнасці не давялося, дома практыкуюся. Вось піражкі з капустай, з грыбамі, беляшы, начыненыя дамашнім фаршам. Калі ласка, частуйцеся!


Юшку з петуха па традыцыі варылі на ўзмёнскім падворку. Шмат іншай смакаты. Вырашыць праблемы са здароўем дапамагала земскі доктар Святлана Шандэр. У аптэчцы лекі ад суроку, спуду і іншых напасцяў. Ёсць і прыбор для ачысткі кармы. Майстрыца з Даўгінава Таццяна Лакотка замест вырабаў з газетнай лазы сёлета прывезла алмазную вышыўку.


Адметнасць мікалаёўскага падворка – сямейныя куточкі. На гэты раз тут Юрый і Іна Ганебныя з Акунёва. Яны пераможцы конкурсу па добраўпарадкаванні. Прычым далёка не першы раз. Прыгатавалі стравы з новага ўраджаю, у тым ліку торт з кабачкоў. Аздобілі пляцовачку сямейнымі фотаздымкамі, вязанымі цацкамі і вышыўкай дачкі Таццяны. У грыме Лесавічка не адразу пазнаеш педагога-арганізатара Сіцькоўскай школы Алену Матылёнак. Гасцей частавалі напоямі для моцнага кахання, для поспеху ў жыцці, ад злых вачэй суседа і чаем з уласнага самавара старшыні сельсавета Анатоля Кудрашова.


Туркоўскія гаспадыні прыгатавалі багаты стол і да кожнай стравы падабралі вершаваныя радкі. Аздаблялі падворак вырабы выхаванцаў мясцовай школы, мастацкага кіраўніка Туркоўскага СДК Марыі Шчаснай. Акрамя журавін тут можна было набыць зерне, бульбу і мёд. Фота на памяць – на балотным прывале. Тут сустрэнеш і Паляўнічую за журавінамі, у ролі якой выхавацель дзіцячага сада Алена Сташкевіч.


Галоўная гераіня дзісенскага падворка – Баба Яга. Добрая і ўважлівая. Кожнага госця старалася пачаставаць ласункамі са шчодрага стала. Вобраз мілай бабулі ўдаўся намесніку загадчыка Дзісенскага яслі-сада Алене Тамашэвіч. А яе плеценыя з газетных трубачак вырабы сталі адметным упрыгожваннем пляцоўкі. На фотастэндзе «З Ельняй разам» – здымкі балотнага свету, зробленыя фатографам-аматарам Алай Майсяёнак.


Весела, ярка і смачна ў язненцаў. Спевамі вітае гасцей калектыў «Іставіца». Можна прысесці на крэслы-качалкі ля століка з самаварам, абаранкамі ды журавінамі і сфатаграфавацца. Гаспадыня аграсядзібы Наталля Жойдзік прапануе сметанковае масла, сыры ўласнай вытворчасці з тмінам і журавінамі. На суседнім століку – «Вітаміны ад Валянціны». Гэта старшыня Язненскага сельсавета Валянціна Фядзьковіч прывезла свае нарыхтоўкі на зіму. Упершыню давялося паспрабаваць цукаты і сок з гарбуза. На смак – супер! І карысці шмат. Пад слоічкамі – рэцэпт прыгатавання. Вывучайце і самі спрабуйце.

***
Вынікі конкурсу падворкаў на ўрачыстым адкрыцці фестывалю падвяла старшыня Міёрскага раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Кожны сельсавет адзначылі ў намінацыях. Тройка лідараў – Павяцце (3-е месца), Язна (2-е) і Пераброддзе (1-е).

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 апреля 2021
Никита

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Госці краін

free counters
Партнеры сайта