Авторизация
 

Валянціна Пальчэўская марыць пра бібліятэку будучыні

 Бібліятэкар Чэраскай бібліятэкі Валянціна ПАЛЬЧЭЎСКАЯ лічыць, што на кніжных паліцах захоўваецца найвялікшае багацце чалавека.

Некаторыя мяркуюць, што бібліятэкі ўжо непатрэбны – мы ўсё больш часу праводзім у інтэрнэце. Ці так гэта, пытаюся ў Валянціны Мікалаеўны, якая прысвяціла бібліятэчнай справе 30 гадоў.

Каб выбраць гэтую прафесію, трэба вельмі любіць чытаць.
– Так. Кнігі я палюбіла з маленства. Да школы ўжо ўмела чытаць і пісаць. Удзельнікам розных мерапрыемстваў, пераможцам конкурсаў дарылі кнігі. Для нас, дзяцей, гэта была такая радасць. Кніга сапраўды лічылася найлепшым падарункам. Таму прафесію выбрала ўсвядомлена.Скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А. С. Пушкіна і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.


Што з прачытанага перавярнула ваш светапогляд?
– Вельмі моцнае ўражанне на мяне зрабіў мастацка-дакументальны цыкл кніг «Галасы Утопіі» беларускай пісьменніцы, лаўрэата Нобелеўскай прэмііі 2015 года па літаратуры, першай у гісторыі Беларусі, Святланы Алексіевіч: «У войны не женское лицо», «Последние свидетели», «Цинковые мальчики», «Чернобыльская молитва», «Время секонд-хэнд».


Якое выданне рэкамендуеце прачытаць маладым людзям?
– Не сакрэт, што ў нас каля паловы шлюбаў заканчваюцца разводамі. У гэтым мы ўступаем толькі Расіі. Таму раю маладым людзям чытаць больш літаратуры па псіхалогіі пра каштоўнасці сямейных зносін. Пра тое, як захаваць сям’ю.


У вашай бібліятэцы шмат наведвальнікаў? Ёсць пастаянныя?
– Маем 262 чытачы, у тым ліку 64 дзіцяці. Прыярытэтны напрамак у рабоце бібліятэкі – абслугоўванне сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва: інвалідаў, пенсіянераў, адзінокіх пажылых. Іх наведваем дома. Загадзя заказваем літаратуру па тэлефоне, дамаўляемся пра дату і час.


Сярод актыўных юных чытачоў Юля Супранёнак, Аксана Лакотка, Ксюша Чарвінская, Света Крук, Марына і Паліна Грэцкія. Пастаянныя наведвальнікі Наталія Дуброўская, Даната Жмакіна, Надзея Федуковіч, Аляксандр Кабылінскі, Анжэліка Рынкевіч, Ала Пацеенак, Мікалай Костка, Анастасія і Мікалай Шантары, Вольга Шантар, Віталь Фёдаравіч Пальчэх. Актыўныя чытачы і з іншых вёсак: з Пціцкіх – Зінаіда Скавародка, са Старых Крукоў – Зоя і Віктар Рудзёнкі, Уладзімір Мышко, Анатоль Капусцёнак, з Малой Кавалеўшчыны – Святлана Сушко і Лія Кудрашова.


Літаратуру дастаўляю рознапланавую. Найбольш запатрабаваныя жаночыя раманы, дэтэктывы, класіка. Карыстаюцца попытам кнігі па тэхніцы, рукадзеллі, сельскай гаспадарцы і іншыя. Папулярныя сярод чытачоў перыядычныя выданні.


Якія мерапрыемствы праводзіце?
– Візітная картка бібліятэкі – кніжныя выставы. Арганізую літаратурныя календары да юбілеяў пісьменнікаў і паэтаў. Вядзём тэматычныя агляды літаратуры, конкурсна-гульнёвыя праграмы, літаратурныя ўрокі і гадзіны, агляды творчасці аўтараў, размовы, гадзіны роднай мовы. Дзякуючы такім мерапрыемствам удаецца адцягнуць дзяцей і падлеткаў ад гаджатаў, паказаць, як у дружнай кампаніі можна цікава і весела бавіць час.


Як ставіцеся да электроннай кнігі?
– Гэта зручна, калі адзіны экземпляр кнігі патрэбны многім чытачам адразу. Але доўга ўглядацца ў экран шкодна для вачэй. Лічу, што электронная кніга павінна суіснаваць з папяровай. Прыемна чытаць выданне, надрукаванае на якаснай паперы, з добрай паліграфіяй. Ніякі электронны рэсурс не зможа замяніць гэтага. У чалавека павінна быць магчымасць трымаць кнігу ў руках, вяртацца да радкоў, якія запомніліся, да думак, што зачапілі, да біяграфій, не пакінуўшых раўнадушным. Няважна, як зменіцца фармат кнігі, галоўнае, каб зносіны з ёй прыносілі задавальненне чытачу.


Як уяўляеце бібліятэку будучага?
– Лічу, што застануцца ў мінулым рабочыя сталы і кафедры бібліятэкараў, з’явяцца электронныя рэгістратары і навігатары. Сістэма самаабслугоўвання дапаможа супрацоўнікам больш увагі надаваць чытачам. Зменіцца дызайн бібліятэкі: замест сумных стэлажоў, сталоў і крэслаў прыдуць больш яркія і незвычайныя рашэнні. Кніга будзе даступна ў любы час і на любой адлегласці. Бібліятэка будучага – гэта вялізны, светлы, добра аснашчаны, утульны будынак незвычайнай архітэктуры з удасканаленымі камп’ютарамі, высокахуткасным інтэрнэтам і аўтаматызаванай пошукавай сістэмай.


Што параіце студэнтам бібліятэчных вну?
– Любіць кнігу і больш чытаць. Сучасны бібліятэкар павінен быць інтэлектуальным, адукаваным чалавекам, які ўмее беспамылкова арыентавацца ў вялізным патоку інфармацыі, знайсці дарогу да сэрца кожнага чытача, мець добрую памяць і ўвагу, быць цярплівым і настойлівым, камунікабельным, валодаць навыкамі хуткага чытання.


Дзякую за размову!

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Гутарыла Таццяна КУКУЦЬ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

XML error in File: https://www.calend.ru/img/export/today-names.rss
XML error: at line 0

Госці краін

free counters
Партнеры сайта