Авторизация
 

Міярчанка Лідзія Аланцьева сустрэла стогадовы юбілей

 У чацвер, 5 верасня, Лідзіі АЛАНЦЬЕВАЙ споўнілася 100 гадоў. Раённая газета не абыхо- дзіла ўвагай доўгажыхарку з няпростым лёсам і вялікім педагагічным стажам. Прысвячалі ёй матэрыял да 95-годдзя пад загалоўкам «Міёры – другая радзіма». Юбілей жанчыны заўважылі журналісты «Сельскай газеты». Успаміны і новыя ўражанні прапаную вашай увазе.

Лідзія Мікалаеўна нарадзілася 5 верасня 1919 года ў Оршы. Там скончыла педагагічны тэхнікум. Асабісты жыццяпіс пачынае з трагічнай даты 25 чэрвеня 1941 года, калі адбыўся першы авіяцыйны налёт на горад. Назаўсёды ў памяці засталіся роў бамбардзіроўшчыкаў, выбухі, пажары, натоўпы бежанцаў. Горад раптоўна стаў прыфрантавым. Людзі ратаваліся як маглі. Яе сям’я скіравалася да родных у вёску за 12 кіламетраў.


– Нямецкія налёты на горад былі страшэннымі, хаваўся хто дзе мог, – прыгадвае. – Мае родныя, мама і знаёмыя, дзяцей сабралі і ў вёску пайшлі. Ідзём, памятаю, тут Днепр цячэ, а там вузенькі праход. Сцежка была, якая ішла міма надта высокай гары Кабыляцкай.


 Паход не быў спакойным: бежанцаў суправаджалі варожыя самалёты. Калі яны набліжаліся, людзі хаваліся ў прыбярэжных кустах. Савецкія войскі адступалі імкліва. Салдаты папрасілі сяльчанак памыць ім бялізну, аднак не чакалі, пакуль яна высахне.


Калі фронт пракаціўся на ўсход, бежанцы вярнуліся ў Оршу.
– Горад было не пазнаць, засталіся адны рускія печы. Астатняе ўсё разбамбілі. А ў нас знайшлі пакінутую маёй маці чырвоную каструлю з цукровым пяском. Наш дом згарэў, уся Орша згарэла, а каструля захавалася, – успамінае Лідзія Мікалаеўна.


Над пажарышчамі ўзвышаліся толькі царква і будынкі мужчынскага манастыра. Жыць няма дзе, есці няма чаго. Туліліся ў ацалелым жыллі, разам з пяццю іншымі сем’ямі спалі побач на падлозе. Потым пачалі капаць зямлянкі. Аднак пры бамбёжках іх засыпала. Сталі рабіць два ўваходы.


– Мы вярнуліся, маці захварэла на тыф. Многія хварэлі і паміралі. Памерла і мама…
Лідзія знайшла прытулак у родных. Новы нямецкі парадак пачаўся са стварэння яўрэйскага гета, жыхароў якога неўзабаве расстралялі. Захопнікі баяліся масавага партызанскага руху, а таму абавязалі ўсю моладзь штораніцы рэгістравацца на працоўнай біржы.


– Кожную раніцу да васьмі гадзін мы прыходзілі, распісваліся. Паглядзіце мае даваенныя здымкі: прыгожай была. А тады вымазвалася, як бабулька хустку павязвала. Але аднойчы моладзь, што сабралася на плошчы, акружылі салдаты з сабакамі і павялі на чыгуначны вакзал. У таварныя вагоны пагрузілі асобна дзяўчат і хлопцаў, толькі іх мы потым не бачылі. Было гэта летам. Везлі нас, напэўна, трое сутак. Вагон бітком набіты. Усе на падлозе. Есці нечага. Стаяў толькі бак з вадой і вядро ў кутку.


Так беларускія дзяўчаты аказаліся ва Усходняй Прусіі. У школе горада Ангенбург Лідзію забрала фрау Іффа, якая прыехала за работніцай на павозцы ў пару коней. Муж знаходзіўся на фронце, а трэба было даглядаць вялікую гаспадарку, у якой пяць кароў, два кані, шмат гусей і качак.


– Двое нас было – Марыя з Польшчы і я. Жылі на гарышчы, працавалі па 15 гадзін. Рабілі ўсю чорную работу. Чысцілі хлявы, даілі кароў: я як гарадская дзвюх, астатніх – Марыйка. Потым бідоны на вазку адвозілі ў канец вёскі на пляцоўку для зборшчыка. Гатавалі корм для жывёлы і птушкі. Няньчылі дзяцей гаспадыні – Вернера і Рэнату. Кармілі нас двойчы на дні. Выжывалі за кошт бульбы, якую варылі свінням і гусям.
Калі нас вызвалілі, дадому трапіла не адразу. Спачатку ў нашай вайсковай часці была перакладчыкам, бо добра ведала нямецкую мову.


У Оршу Лідзія Мікалаеўна вярнулася ў 1945-м. Але ж там – ні кала ні двара. Яе цёця перабралася на Міёршчыну, жыла на хутары Паршалі, на месцы якога пазней пабудавалі льнозавод.


Пра маладую выпускніцу педтэхнікума даведалася арганізатар Александроўскага дзетдома Аляксандра Манцэвіч. Прыехала на коннай павозцы, забрала з сабой.


Для дзіцячага дома выдзелілі былы панскі маёнтак – пусты будынак з выбітымі вокнамі. У вялікім хляве абсталёўвалі спальні для дзяўчатак і хлопчыкаў, кухню. З ежы мясцовыя жыхары прыносілі толькі капусту і хлеб. А дзеці – ад маленькіх да падлеткаў, пераважна з усходніх раёнаў Беларусі, усяго каля сотні. Некаторыя пакалечаныя, іншыя ведалі толькі сваё імя. Потым бралі сабе прозвішчы любімых настаўнікаў ці выхавацеляў.


– У 1946-м у дзіцячы дом прывезлі эшалон дзяцей. Цяжкі быў год… На выжыванне… Есці нечага, збіралі ягады, грыбы, шчаўе варылі. У Павяцці адкрылі школу. А апрануць дзецям таксама няма чаго. Напачатку атрымалі з паўсотні паліто і валёнкаў. Сходзяць адны ў школу, вернуцца, распрануцца – і іншыя ў гэтай жа вопратцы на заняткі ідуць.


Потым за дзетдомам замацавалі шэфаў, сярод якіх аказалася знакамітая артыстка Александроўская, з’явілася цэнтралізаванае забеспячэнне. Дарослыя, у тым ліку Лідзія Мікалаеўна, дапамагалі дзецям выжываць. Хлопчыкі вучыліся працаваць з металам ля каваля, дзяўчынкі шылі. Усе займаліся самаабслугоўваннем. Пасля сёмага класа выпускнікоў накіроўвалі ў школы фабрычна-завадскога навучання Ленінграда.


– Дачка мая Рэгіна выхоўвалася тут жа. За стол яе садзілі разам з іншымі. Усім хлеба давалі па 100 грамаў, ёй – толькі 50. Дванаццацігадовы хлопчык Юра любіў з ёй няньчыцца. Ён значыўся як Бесфамільны. Калі скончыў сем класаў, папрасіў, каб яго назвалі Юрыем Васільевічам Аланцьевым.


Дзетдомаўцы дарогу прабівалі самі, амаль ва ўсіх вышэйшая адукацыя. Юра, напрыклад, пасля школы ФЗН служыў у арміі. Вярнуўся ў Ленінград, потым у мяне рыхтаваўся паступаць у лесатэхнічную акадэмію. Прыязджаў на канікулы, атрымаў размеркаванне ў Якуцію… Цяпер у Новасібірску, яму 82. Хоча прыехаць…


Дзетдомаўцы паступова ўладкоўваліся ў жыцці. Пачалі прыязджаць на сустрэчы былых выхаванцаў сем’ямі, затым – з унукамі. Такія мерапрыемствы арганізоўваў цяперашні кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур, матэрыяльна падтрымліваў калгас «Гігант» (філіял «Павяцце»).


– На апошнюю сустрэчу прыехалі адусюль: з Ленінграда, Масквы, ужо старэнькія, хворыя. Ля школы выстраіліся дзеці з кветкамі. А адзін ленінградзец, калі ішоў па алеі, заўважыў пасаджаны ім дуб. Насыпаў з-пад яго ў хусцінку зямлі, лёг пад дрэва і заплакаў: завяшчаю гэтай зямелькай сваю магілку пасыпаць…


Усё жыццё Лідзія Мікалаеўна прысвяціла дзецям. Пасля дзетдома 37 гадоў працавала выхавацелем у садку. Ратавалася ад хвароб зёлкамі, потым лячылі медыкі. Але больш за ўсё спадзявалася на аптымізм.


– Сто гадоў пражыла. Памяць пакрысе губляю, зрок, слых, нервы. Унучка прымушае спажываць вітаміны, ягад мне насыпае, але яны кіслыя. Да мінулага года зарадку рабіла. І цяпер рухацца пакрысе стараюся. Напэўна, таму і жыву. Унучка загадала тупаць нагамі тры разы за дзень па 30 разоў. Тупаю і лічу. Тэлевізар гляджу – у курсе ўсіх навін… Хочаце, спяю: «Помирать нам рановато, есть у нас ещё дома дела».

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з асабістага архіва Лідзіі АЛАНЦЬЕВАЙ.
Падрыхтаваў
Леанід МАТЭЛЕНАК. 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 448
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 81 479
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 62 118
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 947
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 625
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 131
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 200
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 сентября 2019
Александр, Алексей, Глеб, Давид, Ефим, Захар, Максим, Федор, Елизавета, Ираида, Раиса, Афанасий

Именины 17 сентября 2019
Александр, Василий, Григорий, Иван, Митрофан, Михаил, Моисей, Николай, Павел, Петр, Степан, Федор, Юлиан, Елена

Госці краін

free counters
Партнеры сайта