Авторизация
 

Ветэран працы Алена Талапіла ўсё жыццё адпрацавала ў Акунёўскай школе

 Жнівеньскім днём ветэран педагагічнай працы Алена ТАЛАПІЛА адзначыла юбілей. З 90-годдзем яе павіншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя БАНІФАТАВА і сакратар прэзідыума райсавета ветэранскай арганізацыі Зоя РОДЗІНА. Алена Трафімаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.

Цяпер Алена Трафімаўна жыве ў дачкі ў Новым Пагосце, аднак усё яе працоўнае жыццё прайшло ў Акунёве. У 1950 годзе пасля Магілёўскага настаўніцкага інстытута размеркавалі ў Полацкую вобласць, адтуль – у Дзісенскі раён. Акунёва было вялікай вёскай, цэнтрам калгаса імя Заслонава з канторай, клубам, магазінам і сямігадовай школай, у мікрараёне якой знаходзіліся тры пачатковыя: Навашынская, Турчанская і Станіславоўская. У гэтай сямігодцы званок паклікаў маладую настаўніцу на першы ўрок геаграфіі, а праз 37 гадоў праводзіў на заслужаны адпачынак.


– Маляўнічыя мясціны ад Дзісёнкі да ўскрайку вялікага балота мне адразу спадабаліся. Тракт Дзісна – Германавічы ўздоўж ракі засаджаны маладымі вербамі. У наваколлі шмат хутароў з дамамі, што хаваюцца сярод яблынь. Шмат ветлівых людзей, заўсёды гатовых падвезці на фурманцы пані вучыцельку. Яшчэ застала добраўпарадкаваныя сядзібы: у Навашынцах у двухпавярховым доме размяшчалася пачатковая школа, у Якубове – бальніца з радзільным аддзяленнем, у Ельні – аптэка і паштовае аддзяленне ў палавіне будынка. На Яльнянцы дзейнічаў млын. У Сцефанполлі на ўзбярэжжы рачулкі побач з царквой у дагледжаных хатах жылі пераважна шматдзетныя сем’і. Я любіла вадзіць сюды дзяцей на праграмныя практычныя работы.


Калгас імя Заслонава аб’яднаў пяць дробных сельгасарцеляў. «Ударнік» – гэта Пагарцы і Рудня, імя Варашылава – Ліпаціна і Лашкова, «30 гадоў БССР» – Сцефанполле і Акунёва, «Чырвоны сокал» – Сакалова, а вось назву гаспадаркі ў Стальмакова і Глінскіх ужо і не ўспомню.


Вельмі галантна, ветліва паводзілі сябе на танцах хлопцы. Іх было шмат і ўсе прыгожыя, толькі адукацыя амаль ва ўсіх пачатковая. Ніколі не чула ад іх дрэннага слова. Дзяўчат запрашалі з паклонам, пасля адводзілі і цалавалі руку. Мяне – «усходніцу» – гэта ўражвала.


Алена Трафімаўна паходзіць з вёскі Варашылы, што непадалёку ад гарпасёлка Багушэўск на Сенненшчыне. Гэта ўсходняя, савецкая ў даваенны час Беларусь. Бацьку запомніла як сапраўднага селяніна – працавітага і гаспадарлівага. Каб пракарміць шасцярых дзяцей, трымаў некалькі кароў і коней, таму пры калектывізацыі яго залічылі ў кулакі. Толькі «дзякуючы разумнаму і справядліваму ўпаўнаважанаму», як напісала Алена Трафімаўна ва ўспамінах, яго выслалі з цэнтра калгаса на «пяскі» (неўрадлівыя няўдобіцы, парослыя сасоннікам, з адпаведнай глебай), а не далей.


Дзве старэйшыя сястры закончылі толькі пачатковую школу, а чацвярых малодшых дзяцей бацькі вырашылі вывучыць у любым выпадку. Алена Трафімаўна адолела сярэднюю школу, факультэт прыродазнаўства і геаграфіі настаўніцкага інстытута.
Маладое папаўненне – настаўніц геаграфіі Алену Талапіла і матэматыкі Галіну Пушкіну – у Акунёўскай школе сустрэлі прыязна. Іх прафесійнаму станаўленню садзейнічалі завуч Вольга Піліпаўна Бахман, дырэктар і былы партызан Іван Пятровіч Чарняўскі.
Прыходзіла шмат пяцікласнікаў. Пакояў не хапала, таму былі паралельныя класы, заняткі праводзілі ў дзве змены. Агульная колькасць вучняў даходзіла да 265. Па просьбе бацькоў сямігодку пераўтварылі ў развіваючуюся сярэднюю. Алене Трафімаўне даручылі класнае кіраўніцтва ў 6 «Б», дзе лепш за ўсіх вучыўся Фадзей Шымуковіч. Яму наканавана было стаць дырэктарам.


Здаралася, што настаўнікамі працавалі нават выпадковыя людзі. Аднак сітуацыя паступова мянялася. На канец 50-х гадоў заняткі ў школе вялі дзевяць маладых выкладчыкаў пасля інстытутаў. Утварылася настаўніцкая камсамольская арганізацыя, сакратаром якой абралі Алену Талапіла. Камсамольцы-настаўнікі стваралі вучнёўскую камсамольскую арганізацыю. На іх была ўся агітацыйна-масавая работа.


Намеснік старшыні калгаса і сакратар партарганізацыі Ганна Паўлаўна Адамовіч сагітавала і Алену Трафімаўну ўступіць у партыю.
Пасляваенны час быў нялёгкім. Маладыя настаўніцы здымалі кватэры ў мясцовых сялян. Памятае Алена Трафімаўна, як паехалі з гаспадаром жылля ў Лужкі на рынак за мяшком жыта. Потым зерне малолі на жорнах. Малако, масла, мяса, яйкі куплялі ў вяскоўцаў. Пасля жытнёвую муку па 10 кілаграмаў прадавалі настаўнікам па разнарадцы ў магазіне.


– Жыць можна было! – пазней сцвярджала Алена Трафімаўна. А тады настаўнікі яшчэ з’яўляліся агітатарамі, прапагандыстамі, лектарамі. – Я вяла камсамольскі палітгурток у Сакалове. У чырвоным кутку калгаса імя Варашылава ў Ліпаціне, які размяшчаўся ў хаце Мікіты Талапілы, чытала лекцыі. Выступала ў ільнаводчым звяне. Агітавала за калгасы, перасяленне з хутароў. Так перажыла другую калектывізацыю. У час выбараў двойчы наведвала выбаршчыкаў дома, а іх было не менш за 300. Узначальвала ўчастковую камісію.


Адмовіцца ад такіх нагрузак было немагчыма. Аб зробленым штомесяц рабілі справаздачу ў Турчанскім сельсавеце.
У 1955 годзе адбыўся першы выпуск Акунёўскай сярэдняй школы. Атэстат сталасці атрымаў Фа-дзей Шымуковіч, а ў 60-х вярнуўся да нас дырэктарам. Запомніўся разумным, энергічным, граматным, мэтанакіраваным кіраўніком. Калі яго перавялі ў Дзісенскую школу-інтэрнат, Акунёўскую прыняла я.


Кіраўніцтва – гэта вялікая адказнасць. Узмоцнена занялася самаадукацыяй. Вывучала вопыт іншых па часопісах «Народное образование» і «Народная асвета», «Настаўніцкай газеце», перачытала Сухамлінскага. Закончыла завочна Смаленскі педінстытут.
У той час абсталёўвалі класныя кабінеты. Гэтым творча займаўся малады і энергічны педкалектыў з Акунёва. Працавала вячэрняя школа для вучняў 9 – 11 класаў. Дзякуючы гэтаму поўнасцю выканалі сярэдні ўсенавуч, за што мяне ўзнагародзілі Граматай Міністэрства асветы. Вялікай працы запатрабавала Усесаюзная атэстацыя настаўнікаў, па выніках яе многія педагогі школы адзначаны раённымі і абласнымі граматамі, а я – значком «Выдатнік асветы».


У нашых поспехах і дасягненнях вялікая заслуга педкабінета пад кіраўніцтвам Алены Іванаўны Малчун. Заўсёды канкрэтныя, патрэбныя ў працы ўказанні даваў загадчык РАНА Вячаслаў Піліпавіч Цітовіч. У такіх умовах немагчыма было дрэнна працаваць.
Мы, вясковыя настаўнікі і наогул моладзь, не задумваліся, што на сяле жыць сумна. Ставілі канцэрты ў школе, выязджалі ў вёскі і суседні Шаркаўшчынскі раён. Традыцыйныя святы збіралі не толькі педкалектыў, на мерапрыемствы ў школу сцякалася навакольная моладзь, прыходзілі бабулі.


Лічу, што і цяпер на вёсцы можна цудоўна жыць. Чыстае паветра, ціха, свабодна. Свой агарод і сад. Амаль у кожнага ёсць машына для паездак у лес ці на вадаём, на рынак ці канцэрт. Працы шмат? А дзе без яе можна забяспечыць дабрабыт і камфорт! Раней цяжкай працы было яшчэ больш. Мы з мужам Уладзімірам Макаравічам выхоўвалі дзяцей. Нагрузка была вялікая, часам здавалася, што не вытрымаю. Але разам усё адолелі. Абодва ўзнагароджаны медалямі «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна». Дачка стала настаўніцай, сын – дарожным спецыялістам. Маю трох унукаў і праўнучку, чакаем папаўнення.


Няпроста было перажыць распад Саюза. Давялося ўжо на пенсіі заняцца ўласнай падсобнай гаспадаркай, бо апусцелі магазіны. Але не апусціліся рукі. Дырэктар Акунёўскага сельскага клуба Зінаіда Васільеўна Мішута арганізавала з вясковых ветэранаў фальклорную групу. Пачалі адраджаць культуру нашых продкаў: збіралі песні, рыхтавалі сцэнарыі хрэсьбін і Вялікадня, праводзілі праваслаўныя святы. Удзельнічалі ў раённым аглядзе мастацкай самадзейнасці, дзе заваёўвалі дыпломы. Выступалі на «Славянскім базары», запісваліся на абласным тэлебачанні, выконвалі велікодныя песні ў Мінску.


Паступова фальклорная група памяншалася – узрост браў сваё. Тады новы дырэктар клуба Таццяна Віктараўна Івашкевіч стварыла клуб «Мае гады – маё багацце» з пасяджэннямі для душы, наведваннем царквы і царкоўным песняпеннем, святкаваннем юбілеяў і дзён нараджэння.


Прыемна, што мяне не забываюць у настаўніцкім і ветэранскім асяроддзі, наведваюцца прадстаўнікі ўлады. Значыць, пакінула след на міёрскай зямлі.

Фота аўтара.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта