Авторизация
 

За школьнымі пакупкамі ў Дзісну

 Сарафан і блузка, пінжак і штаны, спартыўны касцюм, кеды, ранец, дзённік, сшыткі, пенал, фарбы, альбом, клей… Доўгі спіс пакупак для вучня. У вялікім горадзе на школьны шопінг далёка хадзіць не трэба. Жыхарам правінцыі падрыхтавацца да новага навучальнага года складаней: у мясцовых магазінах знойдзеш далёка не ўсё з вышэйпералічанага. Прагуляемся па гандлёвых кропках Дзісны.

Школьнікам у Дзісне можна купіць канцылярскія тавары. За адзеннем і абуткам трэба ехаць мінімум за 40 кіламетраў.

– Адзеннем і абуткам, у тым ліку дзіцячым, у нашых магазінах не гандлююць. Толькі ў суботу на рынку можна штосьці купіць, – заўважае мясцовая жыхарка. – За канцтаварамі зайдзіце ў «Ніку», у «Бярозку». Там павінны быць.


Абход пачынаю з магазіна «Прамтавары», што на пасёлку (так дзісенцы называюць раён са шматпавярхоўкамі для работнікаў ЛВДС). Гэта гандлёвая кропка Ушацкага райспажыўтаварыства. Асартымент тавараў разнастайны: будаўнічыя матэрыялы, касметыка, бытавая хімія. Ёсць «Куточак школьніка». Два стосы тонкіх сшыткаў у лінейку і ў клетку, паўагульныя і агульныя, дзённікі для пачаткоўцаў і вучняў сярэдніх і старэйшых класаў, вокладкі, алоўкі і ручкі, клей, каляровая папера і кардон, пеналы, нават некалькі рукзакоў.


– Куточак невялікі, але знойдзецца ўсё неабходнае, – заўважае прадавец Аліна Баякова. – Попыт на канцтавары расце. Прыходзяць бабулі з унукамі-школьнікамі, часам малыя самі забягаюць за сшыткамі і ручкамі. Працуем па заяўках. Бялізну для дзяцей можна ў нас купіць.


ЁСЦЬ чым напоўніць ранец у магазіне «Ніка», што адразу за мостам. Сшыткі з прыгожымі вокладкамі, яркія блакноцікі, фарбы і алоўкі, альбомы, клей…


Па суседстве «Бярозка». Тут таксама ўсё ў наяўнасці: сшыткі і вокладкі, ручкі і алоўкі, фарбы і пластылін, каляровая папера і кардон, нажніцы і клей.


– Разлічваем на пакупнікоў з сельскай мясцовасці, бо дзісенцы, як правіла, збіраць дзяцей у школу едуць у Полацк ці Наваполацк. Там і канцтавары купляюць, – заўважае гаспадыня Таццяна Навіцкая. – На свята Адзігітрыі былі пакупнікі з Каменкі, што на другім беразе Дзвіны. Чакаем сяльчан з нашых ваколічных вёсак.


Купіць канцтавары можна ў мясцовым аддзяленні сувязі.
– У нашым куточку школьніка гуаш і акварэльныя фарбы двух відаў, пяць разнавіднасцяў шарыкавых ручак, тры віды набораў фламастараў, нажніцы, клей, каляровыя папера і кардон, вокладкі, – пералічвае вучнёўскі асартымент начальнік Таццяна Гілеп. – Тавар запатрабаваны. Стараемся, каб ужо з ліпеня быў у дастатковай колькасці.


НА канцылярскія тавары ў Дзісне дэфіцыту няма. Складана з адзеннем і абуткам. Па словах гараджан, на рынку для школьнікаў выбар небагаты.


– На нашым рынку можна апрануць або маленькае дзіця, або жанчыну ў гадах, – заўважае маці васьмікласніцы Наталля. – На дзяўчынку-падлетка практычных і стыльных рэчаў не знойдзеш. За школьнымі абноўкамі едзем у Полацк. Падабаецца адзін з гандлёвых павільёнаў у Міёрах. На назву ўвагі не звяртала. Там прыемная прадавец і цікавыя прапановы для падлеткаў і дарослых. Шкада, што ў нас у Дзісне няма магазінчыкаў з адзеннем. Што да канцылярскіх тавараў, іх можна купіць на месцы. Радуюць цэны ў мясцовым аддзяленні сувязі.


Маці двух школьнікаў Святлана апранае сына і дачку ў суседнім горадзе.
– Былі б у нашай Дзісне магазіны з адзеннем і абуткам, эканомілі б на дарозе, – заўважае. – Штолета за пакупкамі ў Полацк едзем. Калі на ўласным аўтамабілі, калі на аўтобусе. Там выбар вялікі, можна прыцаніцца. Канцтавары таксама ў горадзе набываем. Калі чаго не хапіла, заходжу ў дзісенскія магазіны.


Чацвёра школьнікаў у Яўгеніі. Ідуць у другі, чацвёрты, восьмы і дзясяты класы. За пакупкамі шматдзетная маці збіраецца ў Расію.
– Паедзем у Вялікія Лукі і Невель. Адзенне там у два разы танней. Першы раз гады тры таму ездзілі, сяброўка падказала. Засталіся задаволеныя, – расказвае. – Канцылярскія тавары ў Дзісне купляю – у «Бярозцы» і на пошце. Але там няма спецыяльных сшыткаў па прадметах. Іх часам на рынак прывозяць. Часцей у Полацку знаходзім.


ЗБОРЫ ў школу для дзісенцаў справа больш затратная, чым для жыхароў суседніх гарадоў. Дадатковыя расходы на дарогу. А што рабіць? Дома на ўрокі можна сабраць толькі ранец. І то не цалкам.

Фота для ілюстрацыі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2021
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта